Бабінічы (Віцебскі раён)
Аграгарадок
Бабінічы
|
Ба́бінічы[3] (трансліт.: Babiničy, руск.: Бабиничи) — аграгарадок у Віцебскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, цэнтр сельсавета. Насельніцтва — 1004 чал. (2018).
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]За 11 км на паўночны ўсход ад Віцебска, на аўтадарозе Р112 Віцебск — ДППП «Стайкі» (мяжа з Расійскай Федэрацыяй)[4].
За 3 км на паўночны ўсход ад паселішча радовішча глін Хахлоўшчына (назва ад былой вёскі Хахлоўшчына), пластападобны паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі часу адступання паазерскага ледавіка.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У XVI ст. згадана ў Віцебскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. У 1667 годзе маёнтак, прыватная ўласнасць зямяніна Корсака.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у Віцебскай губерні Расійскай імперыі. У 1839 г. існавала праваслаўная Свята-Петра-Паўлаўская царква. У 1841 г. пабудавана драўляная праваслаўная Свята-Мікалаеўская царква. У 1862 г. адкрыта народнае вучылішча, у якім вучыліся 41 хлопчык і 1 дзяўчынка. У 1867 годзе адкрыта царкоўнапрыходская школа. У 1880 годзе сяло — цэнтр Бабініцкай воласці. За 10 вёрст ад павятовага горада, была валасная ўправа, за 1 вярсту была таксама ваколіца Бабінавічы і праваслаўная царква, пры якой царкоўнапрыходская школа, за 6 вёрст быў кардон паштовай станцыі. Дзейнічаў прызыўны вайсковы ўчастак, пазыкова-ашчаднае таварыства. У 1895 г. існавалі двухкласнае народнае вучылішча і аднакласная царкоўнапрыходская школа, для якой сяляне ў 1899 годзе на свае сродкі пабудавалі ўласнае драўлянае памяшканне.
У 1905 годзе сяло — цэнтр воласці і сельскагаспадарчай грамады. Мелася мяшчанская ўправа. Маёнтак (7 двароў, 22 жыхары) належаў мяшчанам-стараверам (Смірнову і 5 другім уладальнікам), якія валодалі 165 дзесяцінамі зямлі. Агулам ў воласці 6286 жыхароў, 12 517 дзесяцін зямлі.
12 чэрвеня 1919 годзе вёску на чале агітпоезда «Кастрычніцкая рэвалюцыя» наведаў М. І. Калінін. З 20 жніўня 1924 — цэнтр сельсавета Віцебскага раёна і акругі. На базе дарэвалюцыйнай школы была створана чатырохгадовая школа, якую наведвалі дзеці з 12 навакольных вёсак. У 1926 г. 23 двары, 78 жыхароў. Непадалёку знаходзілася аднайменная вёска (25 двароў, 111 жыхароў). У 1929 годзе арганізаваны калгас імя Молатава. У калгасе працавала кузня. У 1939 годзе школа была пераўтворана ў сярэднюю.
У 1941 годзе ў Бабінічах 114 двароў. У час нямецкай акупацыі, у снежні 1943 года нямецкія акупацыйныя ўлады знішчылі тут 104 двары і 7 мірных жыхароў. У баях за вызваленне вёскі ад нямецкай акупацыі загінула 2527 савецкіх салдат. Пасля вайны вёска адбудавалася.
Станам на 1977 год, у складзе Бабініцкага сельсавета Віцебскага раёна, калгас «Беларусь».
У 1995 годзе ў вёсцы 734 жыхары, 294 двары[4].
На 1 студзеня 2003 г. 297 двароў, 761 жыхар. У вёсцы размешчана цэнтральная сядзіба камунальнага ўнітарнага сельгаспрадпрыемства «Падбярэззе». Тут працуюць жывёлагадоўчая ферма, машынны двор, сярэдняя школа (пры школе дзейнічаў краязнаўчы музей), дзіцячы сад, дзіцячая школа мастацтваў, участковая бальніца, аптэка, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, АТС, комплексны прыёмны пункт, сталовая, 2 магазіны.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Брацкая магіла (1941—1944) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000263. - Краязнаўчы музей Бабініцкай СШ.
Страчаныя
[правіць | правіць зыходнік]- Свята-Мікалаеўская царква (1841) — помнік народнага драўлянага дойлідства. Страчана ў 1930-х.
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Уладзімір Цімафеевіч Курыленка (1924—1942) — партызан-падрыўнік партызанскага атрада І. Р. Шлапакова, дзейнічаўшага ў Смаленскай вобласці. Герой Савецкага Саюза (1942, пасмяротна)[5].
- Аляксей Філатаў (нар. 1939) — беларускі пісьменнік, педагог, публіцыст.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Решение Витебского районного Совета депутатов 30 ноября 2017 г. № 175 «Об установлении границ сельских населенных пунктов Витебского района Витебской области и признании утратившими силу некоторых решений Витебского районного Совета депутатов» (руск.) Архівавана 24 лістапада 2020.
- ↑ http://pop-stat.mashke.org/belarus-census-2009/viciebskaja.htm
- ↑ Рапановіч, Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мн.: Навука і тэхніка, 1977. — 504 с. (ст. 35).
- ↑ а б БелЭн 1996.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- З гісторыі населеных пунктаў / Падрыхт. В. В. Віталева // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Віцебскага раёна / Рэдкал.: А. П. Красоўскі і інш.; Уклад. У. І. Мезенцаў; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: Маст. літ., 2004. — 772 с.: іл. — С. 728—729.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 182. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).