Перайсці да зместу

Анатоль Уладзіміравіч Хіневіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Анатоль Уладзіміравіч Хіневіч
Род дзейнасці паэт, праграміст, палітычны вязень
Дата нараджэння 19 жніўня 1993(1993-08-19) (30 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Альма-матар

Анатоль Уладзіміравіч Хіневіч (нар. 19 жніўня 1993) — беларускі бард, праграміст, палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Скончыў Інстытут Сахарава ў БДУ, у 2014-2018 гадах працаваў у КУП «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама», удзельнічаў у распрацоўцы афіцыйнага сэрвісу Мінгарвыканкама. На працы неаднаразова быў на дошцы гонару і атрымліваў граматы.

Палітычны пераслед

[правіць | правіць зыходнік]

Хіневіч затрыманы 20 верасня 2020 года на так званым «Маршы справядлівасці» (агулам тады толькі ў Мінску было затрымана каля 200 чалавек)[1], затрыманне трапіла на відэа журналістаў onliner.by, па адміністрацыйнай справе ён атрымаў 15 сутак арышту і штраф 20 базавых адзінак, якія адбываў у ІЧУ Жодзіна. Увечары 28 кастрычніка яго затрымалі зноў: міліцыянты ўзламалі дзверы ў кватэры бацькоў Анатоля, правялі ператрус, а сам Хіневіч быў змешчаны ў СІЗА Жодзіна. Яму прад’явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак)[2].

Амаль два месяцы Хіневіча трымалі ў СІЗА Жодзіна, у канцы снежня этапавалі ў Мінск, дзе павінен быў адбыцца судовы разгляд яго справы[3].

Справу Хіневіча на працягу двух дзён (23 і 24 снежня 2020) разглядала ў судзе Савецкага раёна Мінска суддзя Алена Жуковіч[4], пацярпелымі па справе былі прызнаныя тры супрацоўнікі АМАПу (у судзе падчас допыту іх твары былі закрытыя бейсболкамі, маскамі і балаклавамі). Па сведчаннях гэтых супрацоўнікаў пры затрыманні яны «падышлі да пратэстоўцаў, прадставіліся, запрасілі праехаць», а Хіневіч «чамусьці на захацеў ісці, сам упаў спінай на асфальт», пасля чаго наносіў удары супрацоўнікам АМАПу ў становішчы лежачы, усяго ён нанёс двум супрацоўнікам шэсць удараў. Пры гэтым медыцынскае абследаванне пасля яны не праходзілі, наяўнасць траўм была зафіксавана выключна з іх слоў. Да Хіневіча яны выставілі пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды праз тое, што была парушана «недатыкальнасць цела»: два супрацоўнікі АМАПу выставілі пазоў на 1500 рублёў, яшчэ адзін — на 1000. Хіневіч пазоў падтрымаў, бо, па яго словах, «яны праўда пакутуюць, таму што вымушаныя хаваць твары і імёны». 24 снежня суддзя Жуковіч вынесла менавіта такі прысуд, як раней запрасіў дзяржаўны абвінаваўца: два з паловай гады ў калоніі агульнага рэжыму[5].

Прысуд Хіневіч адбывае ў папраўчай калоніі № 3 (Віцьба), вядома, што пэўны час ён працаваў у швейным цэху[6]. З калоніі дасылае ў лістах свае малюнкі, вершы[7][8], мемы[9].

27 студзеня 2021 года шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр і Беларуская асацыяцыя журналістаў Анатоль Хіневіч быў прызнаны палітычным зняволеным: «маніторынг гэтых судовых пасяджэнняў паказаў, што суды выносяць непрапарцыйна жорсткія (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім абвінавачваюцца асобы, прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносіліся па такім жа катэгорыям спраў па-за палітычным кантэкстам…засведчыў і іншыя парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва: парушэнні прэзумпцыі невінаватасці, роўнасці перад судом і інш.»[10].

9 чэрвеня 2021 года сімвалічнай «хроснай» Анатоля Хіневіча стала член Еўрапейскага парламента Маргрэтэ Аукен[en]: «Я ўзрушана такім неправамерным і беззаконным абыходжаннем з Анатолем і далучаюся да галасоў міжнароднага грамадства, патрабуючы спыніць масавыя арышты»[11][12].

Вызвалены па сканчэнні тэрміна прысуду 15 лютага 2023 года, пазней вымушаны пакінуць краіну з прычыны працягу пераследу.[13]

Хіневіч вядомы як бард і выканаўца ўласных песень, удзельнічаў у «Бардаўскай восені-2017»[14]. Вершы Хіневіча друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў»[15]. Верш напісаны ў зняволенні прыняў удзел у міжнароднай ініцыятыве FreeAllWords[16]. 15 лістапада 2023 года абвешчаны лаўрэатам літаратурнай прэміі Аляхновіча за напісаны ў зняволенні верш «Паглядзі ў люстэрка на асабісты твар».

Зноскі

  1. Спіс затрыманых на акцыях пратэсту 20 верасня. Абнаўляецца (бел.)
  2. В Борисове, выломив дверь в квартире, задержали Анатолия Хиневича Архівавана 26 чэрвеня 2022. (руск.)
  3. Борисовчанина Анатолия Хиневича этапировали в Минск для суда Архівавана 26 чэрвеня 2022. (руск.)
  4. Жукович Елена Геннадьевна (руск.)
  5. У Мінску асудзілі праграміста на 2,6 гады калоніі за супраціў АМАПаўцам на нядзельным маршы (бел.)
  6. «Камунікацыю з „палітычнымі“ не ўхваляюць». Былы зняволены распавёў пра ўмовы для палітвязняў у калоніі «Віцьба» (бел.)
  7. Лісты з-за кратаў: творчасць зняволеных (бел.)
  8. «Никто без слов поддержки не остаётся». Близкие о политзаключённом Анатолии Хиневиче (руск.)
  9. Лісты з-за кратаў: творчасць зняволеных (бел.)
  10. Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення 31 палітычнага зняволенага (бел.)
  11. Members of Parliament from the UK, Sweden and Denmark take over godparenthoods of Mikita Yemialiyanau, Pavel Spiryn and Anatol Khinevich (англ.)
  12. У Леаніда Судаленкі, Дзяніса Івашына, Дзяніса Урада і яшчэ 6 палітвязняў з’явіліся «хросныя» (бел.)
  13. Былы палітвязень Анатоль Хіневіч эвакуяваны з Беларусі . Наша Ніва (30 чэрвеня 2023). Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2023. Праверана 5 ліпеня 2024.
  14. Творчасць палітзняволеных: якую музыку можна пачуць праз краты? (бел.)
  15. Свежы нумар (118) (бел.)
  16. Anatol Khinevich (англ.). FREE ALL WORDS. Праверана 5 ліпеня 2024.