Перайсці да зместу

Алег Антонавіч Лойка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з А. Лойка)
Алег Антонавіч Лойка
Дата нараджэння 1 мая 1931(1931-05-01)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 19 лістапада 2008(2008-11-19) (77 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Дзеці Павел Алегавіч Лойка
Род дзейнасці пісьменнік, перакладчык, паэт, літаратуразнавец, гісторык літаратуры, літаратурны крытык
Навуковая сфера філалогія
Навуковая ступень доктар філалагічных навук (1969)
Навуковае званне
Альма-матар
Вядомы як паэт, пісьменнік, крытык, літаратуразнавец
Член у
Прэміі
Узнагароды
ордэн Дружбы народаў медаль Францыска Скарыны нагрудны знак «За заслугі перад польскай культурай»

Алег Антонавіч Лойка (1 мая 1931, Слонім — 19 лістапада 2008, Слонім) — беларускі паэт, пісьменнік і літаратуразнавец. Член-карэспандэнт АН БССР (1989), доктар філалагічных навук (1969), прафесар (1971). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1990)[2].

Нарадзіўся ў сям’і фельчара. Скончыў беларускую Слонімскую сярэднюю школу № 1, паступіў на філалагічны факультэт БДУ, які скончыў з адзнакай у 1953 годзе і быў рэкамендаваны ў аспірантуру. Скончыў у 1956 годзе аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ, абараніўшы кандыдацкую дысертацыю па тэме «Адам Міцкевіч і беларуская літаратура»[2].

З 1956 года — выкладчык новаўтворанай кафедры беларускай літаратуры, якую ўзначаліў M. P. Ларчанка (кафедра вылучылася з кафедры беларускай мовы і літаратуры), з 1962 года — дацэнт. Абараніў доктарскую дысертацыю (1969). 3 1971 года — прафесар кафедры беларускай літаратуры, з 1985 года — загадчык кафедры беларускай літаратуры. З 1993 года, калі з кафедры беларускай літаратуры вылучылася некалькі самастойных кафедр — загадчык кафедры беларускай літаратуры XX стагоддзя. 3 1998 года — прафесар гэтай жа кафедры. У 1991—1996 гадах — дэкан філалагічнага факультэта БДУ.

Узначальваў партыйную арганізацыю факультэта, быў старшынёй савета факультэта, кіраваў універсітэцкім аб’яднаннем «Узлёт» (1964—1989).

Член Саюза пісьменнікаў СССР і БССР з 1960 года[2].

У апошнія гады жыцця жыў у Слоніме. Быў жанаты, меў дачку Антаніну, сына Паўла і ўнукаў Віталя, Алега і Надзею.

Дзейнасць і творчасць

[правіць | правіць зыходнік]

Пастаянна распрацоўваў новыя лекцыі, тэмы і семінары. Прачытаў курсы лекцый па «Гісторыі старабеларускай літаратуры», «Літаратуры XIX — пачатку XX ст.», «Уводзіны ў літаратуразнаўства», «Краязнаўства», спецкурсы па паэзіі, «Літаратурных славянскіх узаемасувязях» і інш. Стылістычную адметнасць лекцый А. Лойкі адзначалі студэнты БДУ, Варшаўскага, Іенскага універсітэтаў. Распрацаваны ў курсах лекцый матэрыял пакладзены ў аснову дапаможнікаў і падручнікаў для ВНУ.

Сярод іншага, аўтар вучэбнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (ч. I — 1977, ч. II — 1980, 2-е дапрац. выд. ч. I і II — 1989), 2-томнага падручніка для філалагічных факультэтаў універсітэтаў «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (у двух выданнях), падручніка «Старабеларуская літаратура». Аўтар праграм па старабеларускай літаратуры і беларускай літаратуры XVIII — пачатку XX ст. Адзін са складальнікаў хрэстаматыі для вышэйшых навучальных устаноў «Беларуская літаратура XIX стагоддзя» (з С. Александровічам і В. Рагойшам, 1971, 2-е дапрацаванае выданне з В. Рагойшам, 1988).

Пад кіраўніцтвам А. Лойкі абаронена 15 дысертацый. Быў старшёй Вучонага савета па абароне дысертацый у БДУ, членам Вучонага савета Інстытута літаратуры імя Я. Купалы, членам рздкалегій часопісаў «Веснік БДУ» (серыя IV), «Беларусь», «Спадчына», «Першацвет».

Выступаў як крытык і літаратуразнавец. Аўтар больш як 450 публікацый, у тым ліку шасці манаграфій — «„Новая зямля“ Якуба Коласа: Вытокі, веліч, хараство» (1961), «Адам Міцкевіч і беларуская літаратура» (1959), «Сустрэчы з днём сённяшнім» (1968), «Максім Багдановіч» (1966), «Беларуская паэзія пачатку XX стагоддзя: Некаторыя заканамернасці і асаблівасці» (1972), «Старабеларуская літаратура» (2001). Сярод іншага «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (1977, 1980, 1989), зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў і творчых партрэтаў «Паэзія і час» (1981), даклады на V Міжнародны з’езд славістаў «Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.» (з Н. Перкіным, 1963), на IX з’езд — «Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры» (з В. Чамярыцкім, А. Коршунавым, 1982).

Аўтар 100 кніг, апошняя прыжыццёвая выйшла ў 2003 годзе.

Дэбютаваў вершамі у 1943 годзе ў «Баранавіцкай газеце». Аўтар зборнікаў паэзіі «На юначым шляху» (1959), «Задуменныя пералескі» (1961), «Дарогі і летуценні» (1963), «Блакітнае азерца» (вершы і паэмы, 1965), «Каб не плакалі кані» (1967), «Дзівасіл» (1969), «Калі ў дарозе ты…» (выбранае, 1971), «Шчырасць» (1973), «Пачуцці» (вершы і паэма, 1976), «Лінія жыцця» (1978), «Скрыжалі» (выбранае, 1981), «Няроўныя даты» (1983), «Грайна» (1986), «Пралескі ў акопах» (1987), «Балады вайны і міру» (1989), «Талая вясна» (вершы і паэмы, 1990). Выйшлі кніжкі вершаў для дзяцей «Як Тоня рэха шукала» (1962), «Карагод дзівосных прыгод» (1966), «Каля млына» (1972), «Дзе хто начуе?» (1977), «Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй» (1984). Напісаў раманы-эсэ «Як агонь, як вада» (1984) і «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» (1990), аповесць «Скарына на Градчанах» (1990), аповесць «Кельты не ўміраюць» (1998). Аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма «Максім Багдановіч» (зняты ў 1990).

Пераклаў на беларускую мову кніжку выбраных твораў П. Верлена «У месяцавым ззянні» (1974), І. В. Гётэ «Спатканне і ростань» (1981), Ф. Шылера, асобныя творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, польскіх і іншых паэтаў. Перакладчык і ўкладальнік 2-томнай анталогіі польскай паэзіі «Ад Буга да Віслы», куды ўвайшлі вершы 180 паэтаў.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны, польскім медалём «Заслужаны перад польскай літаратурай», Срэбным Ганаровым знакам (Германія)[2] і інш. медалямі; Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1990)[2] за раман-эсэ «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае», прэміі БДУ імя Уладзіміра Пічэты[2].

  • Імем Алега Лойкі названа вуліца ў Слоніме[2].
  1. Library of Congress AuthoritiesLibrary of Congress. Праверана 22 жніўня 2024.
  2. а б в г д е ё Марозаў 2022.