Балетазнаўства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Балетазнаўства  — навука пра балет, уключае ў сябе тэорыю, гісторыю харэаграфіі, балетную крытыку.

  • Тэорыя харэаграфіі аналізуе своеасаблівасць балетнага мастацтва як асобай формы мастацкай дзейнасці, вывучае законы яе развіцця, стылі, жанры, структурныя пабудовы, мову і іншыя выразныя сродкі.
  • Гісторыя балета вывучае працэсы развіцця харэаграфіі, выяўляе іх своеасаблівасць на розных гістарычных этапах.
  • Балетная крытыка аналізуе і ацэньвае з’явы паўсядзённага жыцця харэаграфічнага мастацтва, імкнецца паказаць іх значэнне ў сучаснасці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак асэнсавання паэтыкі танца быў пакладзены ў агульных філасоўскіх працах мысляроў Старажытнага свету («Пра скокі» Лукіяна, 2 ст. н.э.).

У эпоху Адраджэння ў трактатах і падручніках былі сфармуляваны правілы, распрацавана і сістэматызавана тэрміналогія спачатку бальнага танца, затым сцэнічнага танца: Д. да П’ячэнца  (руск.) (ды Ферара) — «Пра мастацтва танцаваць і вадзіць хоры» (на мяжы 14 — 15 стст.); Г. Эбрэа — «Трактат аб танцы» (1463); А. Карнацана — «Кніга аб мастацтве танцавання» (1465); Ф. Кароза — «Танцоўшчык» (1581); Туано Арбо  (руск.) — «Архесаграфія» (1588); Ч. Негры — «Літасці кахання» (1602).

Практыка балета 17 стагоддзя паказана ў працах К. Ф. Менетрые («Пра балеты старадаўнія і сучасныя паводле правіл тэатра», 1682, і інш.). Кніга P. А. Фёе  (англ.) «Харэаграфія, або Мастацтва запісу танца…» (1700) адбіла ўзровень тэхнікі і выканальніцкага мастацтва прыдворнага балета  (руск.).

У 18 стагодзі пачалася актыўная распрацоўка эстэтыкі балета з пазіцый Асветніцтва і пад уплывам Вальтэра, Ж. Ж. Русо, Д. Дзідро, Ф. М. Грыма, Ж. д’Аламбера, якія выступалі супраць прыдворнага балета ў «Энцыклапедычным слоўніку навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1 — 35, 1751 — 80), у палемічных артыкулах па пытаннях музыкі (у прыватнасці, Русо ў «Новай Элаізе», 1761, і «Музычным слоўніку», 1768).

На працягу ўсяго 18 стагоддзя выходзілі працы, прысвечаныя тэорыі і практыцы пантамімы, што мела велізарнае значэнне ў перыяд фармавання дзейснага танца. Адно з найбольш значных даследаванняў належыць англічаніну Дж. Уіверу  (англ.) («Гісторыя мімаў і пантамім», 1728); у Германіі, Францыі, Італіі былі апублікаваны кнігі Ф. Ланга (1727), Ш. Лебрэна (1727), Ф. Рыкабоні  (англ.) (1750), К. Ф. Буланжэ дэ Рыверы (1751), І. Ф. Геца (1784), Ё. Я. Энгеля  (англ.) (1785), В. Рэкуэна (1797). Харэографы, якія змагаліся за дзейсны балет, выказвалі ў тэарэтычных працах свае погляды на правы і задачы харэаграфічнага тэатра.

Класічная праца Ж. Ж. Навера «Лісты аб танцы і балетах» (1760, апошняе прыжыццёвае выданне пад назвай «Лісты аб пераймальных мастацтвах наогул і аб танцы ў прыватнасці», 1807) не страціла значэнне і ў другой палове 20 стагоддзя. Не меншую цікавасць уяўляюць «Пісьма Гаспара Анджаліні г-ну Наверу аб пантамічных балетах» і прадмовы да лібрэта, напісаныя ім для сваіх балетаў, у якіх Анджаліні ўступіў у дыскусію з Наверам (60 — 70-е гг. 18 ст.).

Працы, прысвечаныя гісторыі танца, стварылі Уівер («Нарыс гісторыі танцаў», 1712), Ж. Банэ («Агульная гісторыя танца», 1723), Л. дэ Каюзак  (англ.) («Танец старадаўні і сучасны, або Гістарычны трактат аб танцы», 1754). Дэ Каюзак напісаў раздзел пра танец у «Энцыклапедычным слоўніку навук, мастацтваў і рамёстваў».

На працягу 18 стагоддзя і пачатку 19 стагоддзя выходзілі шматлікія мемуары, аналы, агляды, апісанні свят, біяграфічныя слоўнкі, храналогічныя спісы, дзе адводзілася месца балетнаму рэпертуару і балетным артыстам (напрыклад, «Гісторыя тэатра і тэатральны слоўнік» братоў Парфэ, т. 1 — 7, 1756). Першы балетны даведнік выпусціў С. Компан («Слоўнік танца, які змяшчае гісторыю, правілы і падставы танцавальнага мастацтва», 1787). З часу, калі балет стаў публічным відовішчам, па меры ягонай прафесіяналізацыі пачынала фармавацца і балетная крытыка (у газетах Францыі, Англіі, Італіі і іншых краін).

На Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

На Беларусі адным з першых з артыкулам пра балетнае мастацтва «Як стварыць беларускі балет?» (газета «Савецкая Беларусь», 24 лістапада 1922) выступіў беларускі пісьменнік З. Бядуля.

Станаўленне беларускага нацыянальнага балетазнаўства пачалося ў пачатку 1960-х гадоў. Звесткі па гісторыі развіцця харэаграфіі на Беларусі змешчаны ў кнізе «Беларускі музычны тэатр» Б. Смольскага (1963).

Першай кнігай, прысвечанай непасрэдна беларускай харэаграфіі, з’явілася манаграфія Ю. Чурко «Беларускі балет» (1966). У 1983 годзе апублікаваны «Беларускі балетны тэатр», у 1988 годзе — «Беларускі балет у асобах», у 1999 годзе — «Лінія, што ідзе ў бясконцасць» таго ж аўтара, дзе разглядаюцца важнейшыя пытанні гісторыі і тэорыі беларускага балетнага мастацтва, аналізуюцца найлепшыя спектаклі і найбольш яркія акцёрскія работы. У апошніх дзвюх змешчаны шэраг нарысаў з творчымі партрэтамі вядомых дзеячаў балетнага тэатра — харэографаў, кампазітараў, мастакоў, дырыжораў, танцоўшчыкаў-выканаўцаў.

Аб творчасці вядучых майстроў беларускага балета распавядае Т. Мушынская ў сваёй кнізе «Гармонія дуэта» (1987) і «Гаркавы смак ісціны» (1993).

Творчасці аднаго з першых беларускіх харэографаў прысвечана манаграфія Л. Алексютовіч «Балетмайстар Канстанцін Алексютовіч» (1984).

У працы М. Грышчанкі «Беларускі балет і сучасная тэма» (1989) разглядаюцца пытанні харэаграфічнага мастацтва на прыкладзе нацыянальных балетаў «Святло і цені» Г. Вагнера, «Мара» і «Альпійская балада» Я. Глебава.

Беларускаму балету таксама прысвечаны асобныя артыкулы крытыкаў-мастацтвазнаўцаў Э. Шумілавай, Т. Цюрынай і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]