Перайсці да зместу

Жан-Жорж Навер

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Жан-Жорж Навер
фр.: Jean-Georges Noverre
Дата нараджэння 29 красавіка 1727(1727-04-29)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 19 кастрычніка 1810(1810-10-19)[1][5][…] (83 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Дзеці Louise Victoire Jenamy alias Jeunehomme[d]
Прафесія танцор, харэограф, балетмайстар, артыст балета, тэатральны акцёр
Тэатр
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Жан-Жорж Наве́р (фр.: Jean-Georges Noverre, 29 красавіка 1727, Парыж — 19 кастрычніка 1810, Сен-Жэрмен-ан-Ле) — французскі балетны танцор, харэограф і тэарэтык балета, стваральнік балетных рэформаў. Лічыцца заснавальнікам сучаснага балета. Дзень яго нараджэння 29 красавіка па рашэнні ЮНЕСКА з 1982 года адзначаецца як міжнародны дзень танца  (руск.).

Вучыўся ў Ж. Д. Дзюпрэ і Л. Дзюпрэ.[6]

У 1743 годзе Ж.-Ж. Навер атрымаў першы ангажэмент у парыжскім тэатры Апера-Камік.

У 1745—1747 гадах выступаў у прыдворнай оперы ў Берліне, затым у Марселі, у 1750 — у Ліёне (у 1751—1752 гадах узначальваў балетную трупу як балетмайстар).

У 1754 годзе паставіў у парыжскай Апера-Камік свой першы вядомы балет «Кітайскае свята» (музыка страчана). У гэтым і ў наступных балетах — «Крыніца юнацтва» (1754) і «Фламандскія забавы» (1755) (музыка неввядомая), Навер прытрымваўся прынцыпу маляўнічасці, беручы за ўзор станковыя карціны, габелены, вырабы з фарфору.[7]

У 1755—1757 гадах Навер гастраляваў у Лондане па запрашэнні знакамітага акцёра Д. Гарыка. Знаёмствам з Гарыкам Навер тлумачыў пералом у сваіх эстэтычных поглядах — адмова ад выяўленчасці дзеля дзейснасці харэаграфіі. Аднак сутнасць яго рэформы, якая выявілася ў зацвярджэнні дзейснага балета, перш за ўсё звязана з росквітам асветніцкай думкі напярэдадні Вялікай французскай рэвалюцыі. У 1757 годзе Навер паставіў у Ліёне балет «Рэўнасць, або Святкаванні ў сералі» (музыка, верагодна, Ф. Гарнье  (ням.)), у якім выразна праступілі дзейсныя матывы, азначыліся драматычныя характары.[7]

У 1760 годзе Навер запрашаецца ў Штутгарт, дзе правёў сем гадоў і дзе яго вучнем стаў выбітны танцор і харэограф, будучы прапагандыст творчасці і ідэй Навера Шарль Ле Пік  (руск.). У Штутгарце герцаг Карл II Вюртэмбергскі, вялікі знаўца і аматар тэатра, стварыў для служыцеляў мастацтваў свабоднае творчае становішча, што прыцягнула шмат таленавітых людзей: музыкаў, артыстаў, мастакоў. 11 лютага 1763 года да дня нараджэння герцага Навер паставіў балет на музыку Ж. Радольфа  (руск.), які таксама жыў у Штутгарце, «Медэя і Язон  (руск.)», дзе ўвасобіў свае асноўныя балетныя рэформы. Адмовіўшыся ад недарэчных вялікіх парыкоў і масак, якія закрывалі твар, Навер упершыню ўвёў у балет пантаміму. У прэм’ерным спектаклі сярод асноўных выканаўцаў былі заняты: Нэнсі Леўер (Медэя), Гаэтана Вестрыс (Ясон), Анджыёла Вестрыс (Крэон), Шарль Ле Пік  (руск.) (Ээн), Мары-Мадлен Гімар  (руск.) (Крэуза). Гэтая пастаноўка стала рэвалюцыйнай у харэаграфіі і мела такі вялікі поспех, што ў Еўропе пачалося паступовае засваенне рэформ Навера. Да яго накіраваліся вучні і прыхільнікі, якія жадалі з ім працаваць. Да 1764 года Навер кіраваў трупай з пятнаццаці салістаў і кардэбалетам з дваццаці трох мужчын і дваццаці адной жанчыны.

У 1767 годзе Навер заключыў кантракт з оперным тэатрам Вены, дзе супрацоўнічаў з К. В. Глюкам (балеты ў операх «Парыс і Алена» і «Арфей і Эўрыдыка»). Як прадстаўнік венскага тэатра Навер працаваў у Нойштаце і Мілане (1770—1771). У Вене супрацоўнічаў таксама з кампазітарамі Ё. Старцэрам  (руск.) і Ф. Аспельмайрам  (англ.). На музыку Ё. Старцэра Навер склаў балеты «Дон Кіхот» (1768), «Роджэр і Брадаманта», «Пяць султанш» (1772), «Адэль дэ Понцье» і «Пакінутая Дыдона» (абодва — 1773), «Гарацыі і Курыяцыі» — па трагедыі П. Карнеля (1775). На музыку Аспельмайра — «Аціс і Галатэя», «Помшчаны Агамемнан» (абодва — 1772), «Іфігенія ў Таўрыдзе» (1773), «Апелес і Кампаспа» (1774) і інш. У іх Навер творча адгукаўся на кліч перадавой думкі свайго часу.[7]

У 1776—1781 гадах Навер узначальваў балетную трупу Парыжскай оперы, аднак яго задумы сустрэлі супраціў з боку кансерватыўнай трупы і заўсёднікаў тэатра, якія не жадалі нічога мяняць.[8] У 1781 годзе Новер напісаў свае распрацоўкі па будаўніцтве новай залы Парыжскай Оперы «Каментар па будаўніцтве залы» (фр.: Observations sur la construction d’une nouvelle salle de l’Opéra). Супрацьстаянне з трупай, не жадаючай прызнаваць новыя павевы ў балеце, адымала шмат сіл і часу; заняты працай, Навер пакінуў пасаду ў Парыжскай Оперы (гэтую пасаду заняў яго вучань і паплечнік Жан Даберваль  (руск.)) і наступнае дзесяцігоддзе праводзіў пераважна ў Лондане,[8] узначальваючы балетную трупу ў тэатры «Друры-Лейн  (руск.)».

Навер вярнуўся ў Францыю, дзе займаўся ўжо толькі тэарэтычнай працай. Памёр 19 кастрычніка 1810 года ў Сен-Жэрмен-ан-Ле.[9]

«Пісьмы пра танец і балеты». Першае выданне (1760)

Як харэограф сцвярджаў дзейсны танец, зрабіў балет самастойным відам сцэнічнага мастацтва.

Схіляючыся перад аўтарытэтамі Вальтэра, Дзідро, Навер насаджаў на балетнай сцэне ідэі высокага абавязку і глыбокіх пачуццяў. Але ён прызнаваў за балетам права парушаць класіцысцкія адзінствы месца, часу і дзеянні і ажыццяўляў гэта ў пастаўленых ім спектаклях у інтарэсах галоўнага — логікі пантамімнага дзеяння, падпарадкаванай законам музыкі. На глебе музыкі Навер упарадкаваў і развіў структурныя формы акадэмічнага балетнага танца — сольнага і ансамблевага.[7]

Захаваліся назвы 80 балетаў, 24 балеты ў операх, 11 дывертысментаў. Яго найлепшыя пастаноўкі адметныя драматычна-выразнымі пластычнымі вобразамі: «Рэўнасць, або Святкаванні ў сералі» (1757, музыка, верагодна, Ф. Гарнье  (ням.)); «Псіхея і Амур», «Смерць Геркулеса» (абедзве 1762), «Медэя і Язон  (руск.)» (1763), «Апелес і Кампаспа» (1776; усе на музыку Ж. Ж. Радольфа  (руск.)), «Дон Кіхот» (1768), «Гарацыі і Курыяцыі» (1775; абедзве на музыку Ё. Старцэра  (руск.)); «Іфігенія ў Таўрыдзе» на музыку Ф. Аспельмайра  (англ.) (1773), «Іфігенія ў Аўлідзе» (1793) і «Свавольствы кахання» (1794; абедзве на музыку Мілера).

Аўтар кнігі «Пісьмы пра танец і балеты» (1760), дзе выклаў свае погляды на балет як самастойны спектакль з моцнай сюжэтнай інтрыгай, лагічна і паслядоўна развітым дзеяннем, з героямі — носьбітамі моцнага запалу. Кніга выйшла ў Ліёне і Штутгарце (1760) і неаднаразова перавыдавалася.[7] Метад Навера-харэографа быў працягнуты яго непасрэднымі спадчыннікамі — Ж. Дабервалем  (руск.), Ш. Дзідло  (руск.), С. Вігана  (руск.).

Творчасць Навера значна паўплывала на развіццё сучаснага балета.

Зноскі

  1. а б Jean-Georges Noverre // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Jean-Georges Noverre // Gran Enciclopèdia CatalanaGrup Enciclopèdia, 1968.
  3. а б Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
  4. а б Hansell K. K. (unspecified title)
  5. Jean-Georges Noverre // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  6. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
  7. а б в г д Балет: энциклопедия. / Гл. ред. Ю. Н. Григорович.- М.: Советская энциклопедия, 1981.- 623 стр. с илл.
  8. а б Онлайн Энциклопедия Кругосвет. Архівавана з першакрыніцы 14 лістапада 2012. Праверана 9 кастрычніка 2010.
  9. «Noverre, Jean Georges». Encyclopædia Britannica. Vol. 19 (11th ed.). Cambridge University Press. p. 839.