Перайсці да зместу

Беларуска-літоўскі летапіс (1446)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларуска-літоўскі летапіс 1446 года

Беларуска-літоўскі летапіс 1446 года — першы агульнадзяржаўны летапісны звод Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), прысвечаны гісторыі ўсходніх славян і Літвы. Належыць да беларуска-літоўскіх летапісаў, апісвае гістарычныя падзеі з IX ст. да 1446 года, ад чаго і ўмоўная яго назва.

Тэкст зводу склаўся паступова. У аснове зводу летапіс, складзены на мяжы 1320-х—1330-х гадоў у Смаленску, магчыма, пры двары мітрапаліта Герасіма. Звесткі запазычаны са старажытнарускіх летапісаў і твораў, напісаных у Кіеве, Смаленску, Маскве і Вільні. Неад’емныя часткі зводу — «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» і «Пахвала Вітаўту». Першая рэдакцыя не збераглася. У 1490-я гады створана 2-я рэдакцыя (Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), каля 1500 — 3-я, скарочаная рэдакцыя (Слуцкі летапіс).

Тагачасная рэчаіснасць прадвызначыла наяўнасць у зводзе сюжэтаў татарскага нашэсця, дзейнасці вялікіх князёў маскоўскіх і гістарычных падзей у ВКЛ (пададзены ў цеснай сувязі з гісторыяй Маскоўскай Русі і ў пераемнасці з гісторыяй Кіеўскай Русі). Выведзена ідэя абароны сваёй краіны ад іншаземцаў, асабліва ў запісах пра бітву на Вожы (1378), Кулікоўскую бітву (1380), прыняцце Смаленскам князя Юрыя Святаславіча (1401). Палітычная гісторыя ВКЛ даецца ў аб’ёме «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх».

У зводзе абгрунтоўваецца заканамернасць палітычнага аб’яднання літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх зямель у складзе ВКЛ і цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў літоўскіх, выяўляецца імкненне перадавых колаў тагачаснага грамадства асэнсаваць гістарычную ролю ВКЛ ва Усходняй Еўропе. Адчуваецца ўплыў канцэпцыі правідэнцыялізму — для пераказу выбраны толькі тыя факты і падзеі, якія паказвалі дзейнасць князёў, военачальнікаў, найвышэйшага духавенства. Але агульны характар зводу, у параўнанні са старажытнарускім летапісаннем, больш свецкі.

Даследчыкі, напрыклад Юрый Заяц, адзначаюць, што звесткі са старажытнарускіх крыніц былі выбраны тэндэнцыйна[1], што звязана з грамадзянскай вайной 1430-х гадоў і расколам у ВКЛ, калі было небяспечна згадваць пра дзяржаўную самастойнасць Полацкай зямлі ў X—XIII стст. Таксама не былі ўключаны звесткі пра рассяленне ўсходніх славян, паход Аскольда і Дзіра на Царград, пра паходы кіеўскіх князёў на яцвягаў, радзімічаў, балгараў, харватаў, палякаў. Аўтар зацікавіўся і тэмай асуджэння княжацкіх міжусобіц, што было характэрна, напрыклад, для «Аповесці мінулых гадоў»[2].

Летапіс паслужыў асновай для «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца».

Адкрыты і ўпершыню апублікаваны Ігнатам Даніловічам. Апублікаваны ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907, т. 35, 1980).

  1. Белазаровіч, С.51.
  2. Белазаровіч, С.51.
  • Чамярыцкі В. А. Беларускія летапісы як помнік літаратуры. — Мн., 1969.
  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7. С.50,51.