Аповесць мінулых часоў
Аповесць мінулых часоў | |
---|---|
Повѣсть врємѧнныхъ лѣтъ | |
![]() | |
Жанр | гістарычны фікшн[d] і хроніка |
Аўтар | Нестар Летапісец |
Мова арыгінала | старажытнаруская мова |
Дата першай публікацыі | XII стагоддзе |
Апублікаваны ў | Іпацьеўскі летапіс, Лаўрэнцеўскі летапіс і Радзівілаўскі летапіс |
Персанажы | Кій, Шчэк[d], Харыў[d] і Лыбедзь |
![]() | |
![]() |
Аповесць мінулых часоў, Аповесць мінулых гадоў, Першапачатковы летапіс, Нестараў летапіс — найбольш ранні з захаваных летапісных збораў Русі.
Традыцыйна лічыцца складзеным манахам Нестарам у Кіеве ў XII ст.. Уласна Нестарава рэдакцыя «Аповесці мінулых часоў» да нашых дзён не захавалася. Твор абрываецца на падзеях 1110 г., але аналіз унутранага летапіснага храналагічнага разліку паказвае, што ён быў завершаны не раней за 1113 г. Апісвае гісторыю Русі з IX па XIII стагоддзе. Летапіс вядомы ў складзе шэрагу іншых летапісных збораў, якія захаваліся ў спісах, з якіх лепшымі і найбольш старымі з’яўляюцца Лаўрэнцеўскі 1377 г. (2-я рэдакцыя АМЧ за аўтарствам ігумена Выдубіцкага манастыра Сільвестра, 1116 г.) і Іпацьеўскі 1420-х гг. (3-я рэдакцыя АМЧ, створаная па загадзе князя Мсціслава Уладзіміравіча ў 1118 г.). Летапіс увабраў у сябе вялікую колькасць аповесцяў, легенд, вусных паэтычных паданняў аб розных гістарычных асобах і падзеях пачатковай гісторыі Русі. Даследчыкі XVIII — XIX стст. лічылі Нестара першым летапісцам, а АМЧ — першым летапісам на Русі, але больш дасканалае вывучэнне паказала, што існавалі летапісныя зборы, якія папярэднічалі АМЧ, а сама аповесць не з’яўляецца адзіным творам.
А. А. Шахматаў, параўноўваючы тэкст «Аповесці...» з Наўгародскім I летапісам, прыйшоў да высновы, што асновай для АМЧ паслужылі ранейшыя зводы. У Наўгародскім летапісе, напрыклад, адсутнічаюць звесткі пра дагаворы з Візантыяй, а некаторыя сюжэты істотна адрозніваюцца: Алег называецца ваяводам Ігара, а не самастойным князем[1].
«Аповесць» апісвае падзеі ўсяго рэгіёна, дзе ў тыя часы жылі ўсходнія славяне і балты. Праз прызму хрысціянскага светапогляду летапіс імкнуўся апісаць гісторыю ўсходніх славян як гісторыю Русі з цэнтрам у Кіеве, падкрэсліваючы яе роўнасць з іншымі хрысціянскімі краінамі Еўропы. Твор дзеліцца на дзве часткі. Першая — без храналогіі — вядзе аповед ад часоў біблейскага прабацькі Ноя, які адзіны са сваёй сям’ёй выратаваўся ў каўчэгу пасля Сусветнага Патопу. Сыны Ноя — Сім, Хам, Афет (Яфет) — раздзялілі паміж сабой усю вызваленую ад вады зямлю. Славяне з’яўляюцца нашчадкамі Афета: яны, як і грэкі, германцы, балты, належаць да агульнай сям’і еўрапейскіх народаў.
Нестар цікавіцца лёсам славянскіх народаў у далёкім мінулым — у V—VІ стагоддзях, гаворыць пра рассяленне ўсходніх славянскіх плямёнаў у басейне вялікіх рэк. На самай справе гаворка ідзе не пра асобныя плямёны, а пра даволі вялікія саюзы, якія ўключалі ў сябе па 120—150 розных родаў і плямёнаў. Нестар тлумачыць некаторыя іх назвы, напрыклад, тыя, што «селі» ў лясах, называюцца драўлянамі, а тыя, што па рацэ Дзвіне, — палачанамі — ад рэчкі Палаты, якая ўпадае ў Дзвіну. Ад іх жа паходзяць і крывічы, што «селі» па Волзе, у вярхоўях Дзвіны і ў вярхоўях Дняпра. Расповед пра рассяленне славянскіх плямёнаў у асноўным супадае з сучаснымі археалагічнымі дадзенымі.
Падкрэсліваючы роднасць славянскіх плямёнаў, Нестар адзначае і адрозненні між імі як у паходжанні, так і ў культуры. Радзімічы і вяцічы, падкрэслівае ён, з роду ляхаў, у якіх было два браты Радзім і Вятка. Радзім са сваім родам «сеў» па рацэ Сож, а Вятка — па рацэ Ака.
Другая частка летапіснага зводу — храналагічная. Выкладанне матэрыялу вядзецца ўжо пагадова. У выніку складваецца ўражанне пра гісторыю як пра непарыўны, паслядоўны ланцуг падзей. Летапіс афіцыйна пачынае гісторыю Старажытнай Русі з 862 года — ад канкрэтнай падзеі: запрашэння жыхарамі Ноўгарада на княжанне ўнука іх памерлага князя Гастамысла — Рурыка, бацька якога быў князем палабскіх славян. Гісторыя ж Беларусі пачынаецца ад моманту заснавання першага горада на яе тэрыторыі — Полацка.
Гісторыі Кіеўскага і Полацкага княстваў паказваюцца звязанымі непарыўна, хоць вельмі часта — драматычна. Праўнук Рурыка Уладзімір Святаславіч у барацьбе за ўладу забіў полацкага князя Рагвалода, сілаю ўзяў шлюб з яго дачкой Рагнедай і авалодаў прастолам бацькі ў Кіеве. А ў 988 годзе ён жа хрысціў Русь. У Рагнеды і Уладзіміра было чатыры сыны і дзве дачкі. Рагнеда пакутавала ў палацы Уладзіміра, бо не магла дараваць яму жорсткага абыходжання з ёю і смерці блізкіх. Калі ў 988 годзе Уладзімір хрысціў Русь, ён запатрабаваў ад візантыйскага імператара Васіля ІІ яго сястру Ганну сабе ў жонкі. Таму Рагнеду са старэйшым сынам Ізяславам ён адправіў у горад Ізяслаўль, спецыяльна для іх пабудаваны ў водападзеле паміж басейнамі Дняпра і Нёмана.
Тут Рагнеда заснавала ці не першы ва Усходняй Еўропе жаночы манастыр і стала ігуменняй у ім. Адсюль і пачало пашырацца па Полацкай зямлі хрысціянства. А Уладзімір аддаў сыну Ізяславу ў княжанне горад Полацк, вотчыну дзеда Рагвалода і маці Рагнеды. У 992 годзе Ізяслаў хрысціў палачан. Рагнеда памерла ў 1000 годзе, а ў 1001 — Ізяслаў. У летапісе ён характарызуецца як кніжнік і асветнік, першы па-еўрапейску адукаваны ўладар з усіх усходнеславянскіх князёў.
Адзін з самых яскравых вобразаў у летапісным зводзе — полацкі князь Усяслаў Чарадзей, найбольш упарты супраціўнік Кіева. Яго жыццё перапоўнена ўдачамі і няўдачамі, падзеямі радаснымі і драматычнымі. Як сведчыць летапіс, Усяслаў — самая велічная асоба за ўвесь час існавання Полацкай зямлі. Летапіс апавядае пра адносіны кіеўскіх князёў і іх родзіча полацкага князя Усяслава.
Праўнук Рагнеды князь Усяслаў быў народжаны ад чараўніцтва і меў нейкі своеасаблівы знак на галаве. Волхвы папярэджвалі, як згадвае Нестар, пра незвычайны лёс будучага князя. Пакуль быў жывы Яраслаў Мудры, брат яго дзеда Ізяслава, Усяслаў паводзіў сябе спакойна, ды і пазней таксама, але з 1066 года пачаў вайну з Яраславічамі — сынамі Яраслава Мудрага. У 1067 годзе войскі Яраславічаў і Усяслава сышліся ў баі на рацэ Нямізе, у выніку полацкі князь страціў шмат людзей. Быў заключаны мір, князі цалавалі крыж, кляліся, што не парушаць згоду, але Ізяслаў Яраславіч вераломна захапіў Усяслава з сынамі, адвёз у Кіеў і пасадзіў там у склеп.
У 1068 годзе качавыя плямёны, што з’явіліся на паўднёвых межах Кіеўскай дзяржавы, — полаўцы — нанеслі паражэнне Яраславічам. Кіяўляне запатрабавалі ў Ізяслава зброю, каб ісці супраць ворагаў, але Ізяслаў адмовіўся і збег з Кіева да палякаў. Жыхары горада вызвалілі Усяслава, і ён княжыў тут сем месяцаў, але ўсё ж вымушаны быў пакінуць Кіеў, калі да яго падступіў Ізяслаў з польскім войскам. У далейшым Усяслаў працягваў барацьбу з Яраславічамі з пераменным поспехам.
У летапісе выклад даволі лаканічны і амаль без каментарыяў.
Мастацкія асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Тэкст «Аповесці мінулых гадоў» вылучаецца спалучэннем манументальна-гістарычнага стылю з элементамі эпічнага і рэалістычнага апавядання. Гіпербалізаваныя вобразы, характарыстыкі герояў праз галоўныя ўчынкі, зборныя рысы — усё гэта пераклікаецца з фальклорнай традыцыяй. У асобных месцах можна адзначыць імкненне да канкрэтызацыі падзей і асоб, што надае тэксту рэалістычную насычанасць, не парушаючы агульную сімвалічную структуру апавядання.
Беларускія пераклады
[правіць | правіць зыходнік]- ВОСЬ АПОВЕСЦІ МІНУЛЫХ ГАДОЎ: АДКУЛЬ ПАЙШЛА РУСКАЯ ЗЯМЛЯ, ХТО Ў КІЕВЕ ПЕРШЫМ ПАЧАЎ КНЯЖЫЦЬ, І АДКУЛЬ РУСКАЯ ЗЯМЛЯ ПАЎСТАЛА. Пераклад Уладзіміра Кароткага і Жанны Некрашэвіч-Кароткай.
Зноскі
- ↑ Шахматов А. А. «Повесть временных лет» и ее источники (руск.) // ТОДРЛ. 1940. Т. 4. С. 9–150; Ён жа. Разыскания о древнейших летописных сводах (руск.). Спб., 1908.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Шамякіна Т. І. Літаратура эпохі Сярэднявечча // Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. В. П. Рагойшы. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2011.
- Рэд.: В. А. Чамярыцкі. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. — 2-е выданне. — Мн.: Беларуская навука, 2007. — Т. 1. — С. 46—50.