Беларуска-расійскі канфлікт вакол падатковага манеўру Расіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Канфлікт вакол падатковага манеўру Расіі — эканамічны і палітычны канфлікт паміж Расіяй і Беларуссю, які абвастрыўся ў канцы 2018 года.

Сутнасць канфлікта[правіць | правіць зыходнік]

Крызіс у адносінах паміж Беларуссю і Расіяй узнік з-за правядзення Масквой так званага падатковага манеўру, які прывядзе да падаражэння нафты для беларускіх НПЗ[1]. Гадавы баланс паставак нафты з Расіі ў Беларусь складае 24 млн тон. Фактычна Беларусь закупляе 18 млн тон, астатнія 6 млн тон «перамытняюцца», паводле схемы, узгодненай бакамі ў красавіку 2017 года, гэта значыць у беларускі бюджэт пералічваюцца экспартныя мыты з гэтага аб’ёму[2].

Беларусь ацэньвае свае страты ў 2019 годзе на ўзроўні 383 млн долараў пры кошце нафты 70 долараў за барэль. На працягу шасці гадоў глабальныя страты для Беларусі складуць парадку 10,8 млрд долараў[1]. Паводле даных канцэрна «Белнафтахім», пры захаванні такога сусветнага кошту на нафту рэалізацыя ў Расіі падатковага манеўру прывядзе да штогадовага падаражэння нафты для Беларусі больш як на $20 за тону і зніжэння экспартных мыт на нафтапрадукты, якія і з’яўляліся асноўнай крыніцай фарміравання прафіцыту бюджэту і накіроўваюцца на пагашэнне знешняга дзярждоўгу[2]. Паводле ацэнак экспертаў Сусветнага банка, Беларусь будзе вымушана скарачаць расходы бюджэту, калі не дасягне дамоўленасцей з Масквой аб кампенсацыі выпадальных даходаў[2].

Расійская ўлада кампэнсуе сваім НПЗ страты ад манеўру са свайго бюджэту праз адмоўны акцыз, а беларускія НПЗ застаюцца без такой льготы[3]. Мінск прапануе Маскве кампенсаваць гэтыя страты, але гэтая прапанова не знаходзіць разумення ў Расіі[1]. Бакі разглядалі два варыянту кампенсацыі — зніжэнне кошту нафты для Беларусі ці прамы міжбюджэтны трансферт. Беларусь разлічвае на ўзгадненне і зацвярджэнне механізму не толькі на 2019 год, але і на ўвесь перыяд рэалізацыі падатковага манеўру ў РФ, гэта значыць да 2024 года ўключна. Пры гэтым памер кампенсацыі павінен таксама ўлічваць увесь аб’ём паставак расійскай нафты, які замацаваны міжурадавым пагадненнем ад 2007 года — 24 млн тон у год[2]. Аднак у выніку кампенсацый не адбылося.

Развіццё падзей[правіць | правіць зыходнік]

6 снежня 2018 года ў час пасяджэнні Еўразійскага эканамічнага савета Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на розныя ўмовы цэнаўтварэння для беларускіх і расійскіх спажыўцоў газу, калі для беларускіх спажыўцоў паліва каштуе $130 за тысячу куб. м, тады як для расійскіх — $70 (у суседняй Смаленскай вобласці)[2], дадаўшы, што «няма роўных умоў — няма Саюза»[4]. На гэта Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адказаў, што калі б для Беларусі была рыначная цана газу, ён быў бы пад $200 за тыс. куб. м, а не $130, і прапанаваў працягнуць дыскусію пра цэны на газ пазней у зачыненым рэжыме. Пасля А. Лукашэнка распавёў, што перапрасіў перад В. Пуціным за тое, што ў «нядобрай форме» ініцыяваў дыскусію па газавым пытанні[2].

У снежні віцэ-прэм’ер РФ Дзмітрый Козак не стаў абмяркоўваць з беларускім калегам Ігарам Ляшэнкам тэму кампенсацыі[2]. 13 снежня прэм’ер-міністр на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў Брэсце Дзмітрый Мядзведзеў жорстка ўказаў Мінску на два «інтэграцыйныя сцэнарыі», у якіх для атрымання грошай Беларусі прыйдзецца ісці на сур’ёзныя саступкі[1].

25 снежня 2018 года ў час сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі была дасягнутая дамоўленасць аб стварэнні расійска-беларускай рабочай групы для абмеркавання розных аспектаў інтэграцыі і спрэчных пытанняў. Ад расійскага боку групу ўзначаліў міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін. У склад групы таксама ўвайшлі прадстаўнікі розных ведамстваў, Дзяржаўнай думы, Савета Федэрацыі і Падліковай палаты. З беларускага боку групу ўзначаліў міністр эканомікі Дзмітрый Крутой. У яе таксама ўвайшлі міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, старшыня «Белнафтахіма» Андрэй Рыбакоў, пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка, дэпутат Валерый Варанецкі, сенатар Ала Бодак і намеснікі кіраўнікоў большасці міністэрстваў і ведамстваў. Усяго 30 беларускіх чыноўнікаў[1].

10 студзеня 2019 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Масква можа страціць Мінск як саюзніка на заходнім напрамку, калі бакі не дамовяцца аб кампенсацыі страт у сувязі з падатковым манеўрам ў нафтавай сферы[1].

Да канца года бакі не ўзгаднілі кампенсацыю за расійскі падатковы манеўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзены страты ў памеры 951 млн рублёў[5].

1 студзеня 2020 года Расія спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расійская нафта працягвала паступаць транзітам праз Беларусь у Еўропу. Беларусь і Расія не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін вялі перамовы 30 і 31 снежня. Лукашэнка 31 снежня даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба». Гатоўнасць транспартаваць нафту ў Беларусь выказалі суседнія Латвія і Літва. Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў студзені працавалі на леташніх запасах. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыніла[6].

Беларусь увяла экалагічны падатак на транзіт нафты па сваёй тэрыторыі. 10 студзеня 2020 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім аб’ектам падаткаабкладання экалагічным падаткам прызнана транзітная транспарціроўка па тэрыторыі Беларусі нафты і нафтапрадуктаў магістральнымі трубаправодамі[7].

Намеснік старшыні праўлення Нацбанка Беларусі Сяргей Калечыц, у сваім дакладзе «Обеспечение ценовой стабильности и развитие финансового рынка — итоги за 2019 год и задачи на 2020 год», паведаміў, што Нацбанк плануе прагназуе змяншэнне золатавалютных рэзерваў у 2020 годзе на чвэрць, але іх дастаткова, «каб вытрымаць рызыкі, зьвязаныя з „падатковым манэўрам“ у Расейскай Фэдэрацыі»[8].

Як паведаміў прэм’ер-міністр Сяргей Румас, для Беларусі ў 2019 годзе агульныя страты ад гэтага склалі каля 330 мільёнаў долараў: 130 мільёнаў — страты бюджэта і 200 мільёнаў — страты НПЗ[9].

Пагроза суверэнітэту Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Расійскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў, выступаючы 13 снежня 2018 года ў Брэсце на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, заявіў, што існуе два сцэнары для Беларусі. Паводле кансерватыўнага — захаўваюцца контуры існай Саюзнай дзяржавы без павышэння ўзроўню інтэграцыі да тых межаў, якія ўстаноўлены ў Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года, без фарміравання ўсіх інстытутаў, якія закладзены ў гэтай дамове. Другі варыянт развіцця інтэграцыі з Беларуссю заснаваны на павышэнні яе ўзроўню да межаў, азначаных у Дагаворы з адначасовым павышэннем ўзаемазалежнасці эканомік, магчымасці аказання дапамогі і падтрымкі ў ходзе саюзнага будаўніцтва, рашэнні самых розных пытанняў інтэграцыі. У гэтым выпадку, паводле Дзмітрыя Мядзведзева, можна праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэння[10].

" Хачу асабліва падкрэсліць: Расія гатовая і далей прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытні, суду, падліковай палаты ў тым парадку, які прадугледжаны Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года[10]. "

У Беларусі гэтая заява Дзмітрыя Мядзведзева была ўспрынята як ультыматум. Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, спрабуючы прыхаваць сутнасць расійскага ўльтыматуму, дала выступ Мядзведзева ў моцна адрэдагаваным выглядзе[11].

14 снежня 2018 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з расійскімі журналістамі[11] заявіў, што Беларусь «застаецца паслядоўнай прыхільніцай інтэграцыі», і пацвердзіў, што Расія застаецца стратэгічным партнёрам і саюзнікам Беларусі. На думку Лукашэнкі, пад «глыбокай інтэграцыяй» Масква мае на ўвазе далучэнне Беларусі ў склад Расіі[12]:

" Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расіі. Я заўсёды пытаю: такія рэчы ў імя чаго робяцца? Вы падумалі пра наступствы? Як на гэта паглядзяць у нашай і вашай краіне, і міжнародная супольнасць? Не кіем, дык палкаю інкарпаруюць краіну ў склад іншай краіны[12]. "
" Для нас, запомніце, святое — гэта суверэнітэт, я ўжо пра гэта казаў. Гэта адносная незалежнасць, я лічу, што абсалютна незалежных дзяржаваў няма. І вы таксама не настолькі незалежныя, але сувэрэнныя. Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расію — гэтага ня будзе ніколі. І калі такімі катэгорыямі кіраўніцтва Расіі думае — гэта на шкоду самой Расіі»[12]. "

Лукашэнка таксама заклікаў Маскву развіваць стасункі «без шантажу»: казаў, «шантажаваць Беларусь, нахіліць, стаць каленам на грудзі — марна»[12].

23 снежня 2019 года Дзмітрый Мядзведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў не будзе кампенсацыі «падатковага манеўру» і іншай дапамогі Беларусі[13].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в г д е Лавров: Создать общую Конституцию, суд и парламент с Беларусью пока невозможно Архівавана 16 студзеня 2019.
  2. а б в г д е ё Козак не стал обсуждать с белорусской делегацией компенсацию налогового маневра и скидку на газ — источник Архівавана 11 снежня 2018.
  3. Артем Шрайбман. Буря перед затишьем. Куда идет конфликт Беларуси и России. Архівавана 23 студзеня 2019. 21 января 2019. / TUT.BY
  4. «Нет равных условий — нет Союза». О чем пикировались Лукашенко и Путин в Питере Архівавана 6 снежня 2018.
  5. svaboda.org
  6. svaboda.org
  7. blr.belta.by
  8. Калечиц, С. В.. Обеспечение ценовой стабильности и развитие финансового рынка – итоги за 2019 год и задачи на 2020 год (руск.). Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Праверана 26 студзеня 2020.
  9. zviazda.by
  10. а б Агульныя валюта, суд і мытня. Мядзьведзеў у Берасьці патлумачыў, якой інтэграцыі зь Беларусьсю хоча Расея. 13 снежня 2018
  11. а б Ультыматум Мядзьведзева штурхае Беларусь у новую рэальнасьць
  12. а б в г Лукашэнка пра ўльтыматум Мядзьведзева: «Шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі»
  13. svaboda.org