Беспарадкі ў Кот-д’Івуары (2008)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беспарадкі 2008 года ў Кот-д’Івуары
Дата 16 чэрвеня24 лістапада 2008
Месца паўночныя раёны Кот-д’Івуара
Прычыны несвоечасовыя ўзнагароджанні за раззбраенне
Мэты прадастаўленне грашовых выплат
Характарыстыка беспарадкі, узброеныя напады
Вынік улады выплацілі паўстанцам кампенсацыю
Бакі канфлікту
Кот-д’Івуар Урад Кот-д’Івуара
Кот-д’Івуар Кіраўніцтва «Новых сіл»
Кот-д’Івуар Атрады «Новых сіл» у Буаке, Вавуа і Сегэлэ Арганізацыя Аб’яднаных Нацый Міратворцы ААН
Ключавыя фігуры
Гіём Саро Захарыя Кані невядома
Лік удзельнікаў
невядома 2568 баевікоў (у Буаке) невядома

Летам і восенню 2008 года, праз паўтара года пасля завяршэння Першай Івуарыйскай вайны, па Кот-д’Івуары пракацілася хваля беспарадкаў, арганізаваных асобнымі атрадамі групоўкі «Новыя сілы». Ахвярамі гэтых падзей сталі прынамсі 12 чалавек, якія загінулі падчас сутыкненняў.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

19 верасня 2002 года на поўначы Кот-д’Івуара ўспыхвае ўзброенае паўстанне супраць прэзідэнта Ларана Гбагбо. Касцяком мяцежнікаў стала групоўка «Новыя сілы», а адным з лідараў — Гіём Саро. Паўстанцы захапілі ўсю поўнач краіны, але былі прыпынены французскімі войскамі, якія разам з міратворцамі ААН размясціліся ўздоўж фронту. «Новыя сілы» паспелі ўзяць каля 60% тэрыторыі дзяржавы (193 000 км²)[1].

4 сакавіка 2007 года ва Уагадугу (Буркіна-Фасо) паміж урадам і апазіцыяй быў падпісаны мірны дагавор. Лідар «Новых сіл» Гіём Саро быў пасля прызначаны прэм’ер-міністрам і ўступіў на пасаду ў пачатку красавіка[2]. 27 лістапада Гбагбо і Саро падпісалі яшчэ адно пагадненне, у якім прызначылі выбары на канец чэрвеня 2008 года[3].

У гэты ж час пачаліся мерапрыемствы па раззбраенні атрадаў паўстанцаў.

Ход падзей[правіць | правіць зыходнік]

Буаке (16—17 чэрвеня)[правіць | правіць зыходнік]

Да канца мая 2008-га 2568 баевікоў «Новых сіл» былі згрупаваны ў лагерах ля горада Буаке. Паўстанцаў апавясцілі, што ім будуць выплачаныя грашовыя сумы за раззбраенне[4]. Аднак выдачу ўзнагароджанняў затрымалі на адзін тыдзень[5]. Як вынік, 16 чэрвеня апазіцыянеры паднялі паўстанне, страляючы ў паветра і нападаючы на мірных жыхароў. На вуліцах ўзведзены барыкады[4]. Прэм’ер-міністр Гіём Саро 17 чэрвеня распарадзіўся неадкладна аднавіць выплаты баевікам. Да вечара таго ж дня беспарадкі завяршыліся[5].

Вавуа і Сегэлэ (28 чэрвеня)[правіць | правіць зыходнік]

28 чэрвеня паднялі мяцеж байцы «Новых сіл», верныя Захары Кані, які быў звольнены з групоўкі ў маі месяцы за недысцыплінаванасць. Спярша беспарадкі пачаліся ў Вавуа, а затым распаўсюдзіліся на Сегэлэ. Былі забіты трое мірных жыхароў і адзін баявік. Яшчэ адзін паўстанец атрымаў раненні. У той жа дзень беспарадкі спыніліся[6].

Буаке (жнівень)[правіць | правіць зыходнік]

20 жніўня ў Буаке зноў успыхнула паўстанне. У ім прынялі ўдзел каля трох ста апалчэнцаў. 22 жніўня кіраўніцтву групоўкі ўдалося ўціхамірыць сваіх падначаленых[7].

Сегэлэ (24 лістапада)[правіць | правіць зыходнік]

24 лістапада лагер «Новых сіл» у Сегэлэ падвергнуўся нападу групы невядомых. Яны вызвалілі зняволеных і паспрабавалі забраць зброю і боепрыпасы. Падчас сутычкі паўстанцы забілі восем нападнікаў[8].

Зноскі

  1. Les dix commandants qui gênent Abidjan
  2. «Former rebel leader takes over as Ivory Coast’s prime minister» Архівавана 8 лютага 2008., Associated Press (International Herald Tribune), 4 April 2007.
  3. «Gbagbo calls for peace before polls», Sapa-AFP (IOL), 29 November 2007.
  4. а б "Côte d'Ivoire: nouvelle manifestation d'ex-rebelles dans leur fief à Bouaké", AFP (L'Autre Quotidien, Cotonou, allAfrica.com), June 19, 2008.
  5. а б "Côte d'Ivoire: retour au calme à Bouaké après la manifestation d'ex-rebelles" Архівавана 11 ліпеня 2011 года., AFP (Gaboneco.com), June 19, 2008.
  6. "Former ICoast rebels in short-lived mutiny" Архівавана 20 мая 2011 года., AFP, June 28, 2008.
  7. "Ex-rebel forces in ICoast negotiate over allowances", AFP, August 22, 2008.
  8. "Nine killed in attack on ex-Ivory Coast rebel camp: army", AFP, November 25, 2008.