Будзенічы (Барысаўскі раён)
Вёска
Будзенічы
|
Будзе́нічы[1] (трансліт.: Budzieničy, руск.: Буденичи) — вёска ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Іканскага сельсавета.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Знаходзіцца за 48 км на паўночны захад ад горада Барысаў, 120 км ад Мінска. Рэльеф раўнінны, на захадзе праходзяць меліярацыйныя каналы, злучаныя з р. Мрай (прыток р. Бярэзіна). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Будзяніцкая Рудня і далей па шашы Барысаў—Бягомль.
Планіровачна складаецца з дзвюх прамалінейных вуліц, арыентаваных з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Забудова двухбаковая. Жылыя дамы драўляныя, сядзібнага тыпу. На паўднёвай ускраіне — гаспадарчы сектар.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1676 годзе згадваецца як маёнтак у Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага[2]. Упамінаецца пад 1718 г. у звестках аб размежаванні маёнткаў Будзенічы і Скуплін.
У 1800 г. вёска ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі, у фальварку дом для аканома, капліца, карчма, шляхецкая ўласнасць. У 1-й пал. ХІХ ст. ва ўладанні памешчыка І. Слізеня. У 1897 г. вёска Будзенічы (яна ж Дзвіняткі) з царквой на могілках, побач маёнтак Будзенічы, у Зембінскай воласці Барысаўскага павета.
З лютага да снежня 1918 года на тэрыторыі, акупіраванай войскамі Германіі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў БССР, з лютага — у ЛітБел ССР. З жніўня 1919 да мая 1920 года акупіравана польскімі войскамі.
З 31.7.1920 г. ў БССР. З 20.8.1924 г. ў Карсакавіцкім сельсавеце Зембінскага раёна Барысаўскай, з 9.6.1927 г. да 26.7.1930 г. Мінскай акруг, з 20.2.1938 г. Мінскай вобласці. У 1924 г. 28 двароў, 177 жыхароў, побач быў аднайменны пасёлак, у якім у 1926 г. былі 2 двары, 13 жыхароў. У 1929 г. арганізаваны калгас імя К. Я. Варашылава, які ў лютым 1932 г. аб’ядноўваў 50 гаспадарак, дзейнічала кузня.
У Вялікую Айчынную вайну ў канцы чэрвеня 1941 г. акупіравана нацыстамі. У маі 1942 г. гітлераўцы поўнасцю спалілі вёску, загубілі 49 жыхароў. З канца 1942 г. вёска ў межах Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны. Тут знаходзілася майстэрня па рамонце партызанскай зброі. У чэрвені 1944 г. ў час блакады партызаны брыгады «Дзядзькі Колі» вялі каля вёскі цяжкія баі з гітлераўцамі. У канцы чэрвеня 1944 г. наступаючыя часці Чырвонай Арміі звонку прарвалі кальцо блакады вакол партызан і 28.6.1944 г. вызвалілі вёску. У лесе за З км на ўсход ад вёскі ў брацкай магіле пахаваны больш за 150 партызан, якія загінулі ў блакадных баях у маі—чэрвені 1944 г.
З 11.1.1968 г. ў Іканскім сельсавеце.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1800 год — 54 жыхары, 10 двароў.
- 1897 год — у вёсцы 138 жыхароў, 19 двароў, у маёнтку 25 жыхароў, З двары.
- 1917 год — у вёсцы 182 жыхары, 27 двароў, у маёнтку 80 жыхароў.
- 1940 год — 167 жыхароў, 38 двароў.
- 1960 год — 118 жыхароў.
- 1988 год — 90 жыхароў, 21 гаспадарка.
- 2008 год — 26 жыхароў, 13 гаспадарак.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]Часткова захаваўся Будзеніцкі парк закладзены ў ХІХ ст. Плошча 2,5 га. Пейзажны, займае тэрыторыю з раўнінным рэльефам. Захавалася 150-гадовая дубовая алея даўжынёй 0,5 км. У відавым складзе пераважна мясцовыя пароды: дуб, ліпа, ясень, клён і інш.
На паўночны ад вёскі знаходзяцца брацкія могілкі, дзе пахавана больш за 250 савецкіх воінаў і партызан. У ліку пахаваных Герой Савецкага Саюза камандзір партызанскай брыгады «Дзядзькі Колі» П. Р. Лапацін, начальнік штаба партызанскага злучэння Барысаўска-Бягомльскай зоны М. К. Садоўскі, чэхаславацкія патрыёты.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ LVIA, f. 11, ap. 1, b. 747
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 1 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2010. — 736 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0520-1.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх