Бюро па нелегальнай рабоце

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бюро па нелегальнай рабоце пры ЦК КП(б)ЛіБ — орган аператыўнага кіраўніцтва камуністычным падполлем на акупіраванай войскамі Польшчы тэрыторыі ЛітБел ССР. Дзейнічала з 3 верасня 1919 да верасня 1920. Старшыня В. С. Міцкявічус-Капсукас; члены В. Г. Кнорын, В. А. Багуцкі, З. І. Ангарэціс.

Кіравалася дырэктывамі ЦК РКП(б), ЦК КП(б)ЛіБ, у пытаннях, якія датычыліся Польшчы, — дырэктывамі Цэнтральнага выканаўчага бюро Камуністычнай рабочай партыі Польшчы. Пад кіраўніцтвам Бюро дзейнічалі падпольныя партыйныя арганізацыі і партызанскія атрады. Бюро накіроўвала на акупіраваную тэрыторыю арганізатараў камуністычнага падполля і партызанскага руху, палітычную літаратуру: творы У. І. Леніна, лістоўкі, адозвы, партыйныя газеты на беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах («Правда», «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Młot», «Komunista», «Komunistas»). У Крупках, Мазыры, Полацку, Рагачове, Рэжыцы створаны транспарціровачныя пункты, у Бабруйску і Дзвінску — нелегальныя склады. З Дзвінска і Рэжыцы літаратура ішла ў Літву, з Полацка — у Вільню, з Рагачова — у Бабруйск і Мінск, з Крупак — у Барысаў, Вільню, Ігумен, Мінск, з Мазыра — у Брэст, Гродна, Мінск, Слуцк.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Шкляр, Я. Н. Бюро па нелегальнай рабоце / Я. Н. Шкляр // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 2: Беліцк—Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 536 с. — С. 154—155. — ISBN 5-85700-142-0.