Бібліятэка Пінскага Лешчанскага манастыра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бібліятэка Пінскага Лешчанскага манастыра — бібліятэка, якая існавала ў Пінскім Лешчанскім манастыры ад часу яго заснавання (13 ст.?). Захоўвалася ў адной з сакрысцій (у т.зв. «скарбчыку») галоўнай царквы і была памешчана ў шафу[1].

На першым этапе гісторыі (да сярэдзіны XVII стагоддзя) бібліятэка складалася з некалькіх дзясяткаў кніг, галоўным чынам літургічных і павучальных. Інвентар манастыра 1588 года адзначае ў ёй традыцыйную падборку кніг, што выкарыстоўваліся для адпраўлення набажэнстваў (2 Евангеллі, Апостал, Устаў, 2 Служэбнікі, Часоўнік, 2 актоіхі, трыёдзі посная і кветная, Багародзічнік і Ірмалой з царкоўнымі спевамі), пабожнага чытання («Лествіца», кніга Ісаака Сірына, павучальнае Евангелле) і падрыхтоўкі казанняў. Лешчанскія зборы гэтага часу камплектаваліся праз перапісванне манускрыптаў у самім манастыры і праз закупку[1].

Пачатак 2-га этапу можна звязаць з 1668 годам, калі манастыр стаў базыльянскім і, згодна з ордэнскімі прадпісаннямі, мусіў распачаць збіранне бібліятэкі, неабходнай для пастырскай працы, адукацыі і духоўнага самаўдасканалення манахаў. 3 гэтага часу, верагодна, адбываецца раздзяленне кніжнага фонду на літургічныя зборы пры цэрквах і ўласна манастырскую бібліятэку, якая хутка налічвала некалькі сотняў тамоў. Камплектаванне фондаў вялося праз закупку літаратуры, атрыманне выданняў у падарунак або ў спадчыну па памерлых манахах[1].

Гэты перыяд заканчваецца ў канцы XVIII стагоддзя, калі ў складзе Расійскай імперыі грэка-каталіцкая царква пачала страчваць сваё прыярытэтнае становішча на карысць праваслаўнай[1].

Трэці этап характарызуецца пэўным застоем у развіцці лешчанскіх кнігазбораў і заканчваецца ў 1839 годзе са скасаваннем грэка-каталіцкай царквы ў Расійскай імперыі, ліквідацыяй манастыра і вывазам з яго бібліятэкі[1].

На гэты час манастырская бібліятэка падзялялася на 2 кнігазборы агульнай колькасцю каля 300 тамоў. Першы быў прызначаны для адпраўлення набажэнстваў і змяшчаў літургічную і прапаведніцкую літаратуру (у адрозненне ад XVI — першай паловы XVII стагоддзя ў яго склад уваходзілі не толькі кірылічныя кнігі для служэння паводле грэкавізантыйскага абраду, але і выданні для лацінскага набажэнства)[1].

Другі кнігазбор складаўся пераважна з лацінскіх і польскіх кніг, якія былі патрэбны для духоўнага ўдасканалення, вучобы і навуковых заняткаў манахаў. Быў сістэматызаваны паводле прадметнай класіфікацыі і падзяляўся на раздзелы «Свяшчэннае пісанне», «Тэалагічныя кнігі», «Творы аратараў і паэтаў», «Прапаведніцкія творы», «Працы па аскетыцы», «Гістарычныя працы і жыцці святых гасподніх» і інш. У ім прысутнічала таксама літаратура свецкага характару[1].

Далейшы лёс манастырскай бібліятэкі пасля скасавання манастыра да канца не высветлены. Частка яе была перададзена Мінскай духоўнай семінарыі, якая ў 1918 годзе была закрыта. Кнігазборы семінарыі агульнай колькасцю каля 15 тыс. тамоў перададзены ў 1920-х гг. у Дзяржаўную бібліятэку БССР. Падчас Другой сусветнай вайны фонды Дзяржаўнай бібліятэкі вывозіліся прадстаўнікамі акупацыйнага рэжыму ў Германію, а пасля вайны, уперамешку з нарабаванымі гітлераўцамі ў інш. месцах культурнымі каштоўнасцямі вярталіся ў СССР. У Мінск трапіла толькі частка былых фондаў Дзяржаўнай бібліятэкі. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваюцца 5 старадрукаў з былых лешчанскіх кнігазбораў (шыфры 094/4739, 094/7031, 094/7169, 094/14420, 094/14467)[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж Ю. М. Лаўрык. Бібліятэка Пінскага Лешчанскага манастыра // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]