Васіль Тышкевіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Васіль Цішкевіч)
Jump to navigation Jump to search
Васіль Тышкевіч
Vasil Tyškievič. Васіль Тышкевіч (XVIII).jpg
 
Нараджэнне 1492
Смерць 13 жніўня 1571
Пахаванне
Дынастыя Род Тышкевічаў
Бацька Тышка Каленіковіч
Жонка Аляксандра Сямёнаўна Чартарыйская[d]
Дзеці Яўстахі Серафін Тышкевіч[d], Юрый Тышкевіч і Каленік Тышкевіч[d]

Васіль Цішкавіч, у гістарыяграфіі часцей Тышкевіч (? — 13 жніўня 1571) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Дваранін каралеўскі (1522), маршалак гаспадарскі (1546—1558), ваявода падляшскі (1558—1569) і смаленскі (з 1569). Староста краснасельскі, чаркаскі і канеўскі (з 1536), менскі (з 1544), ваўкавыскі (з 1546), пінскі (з 1569), бабруйскі і гайнаўскі[1].

Сын Цішкі Каленікавіча, унук Каленіка Мішкавіча. Заснавальнік роду Тышкевічаў герба «Ляліва». Знаходзіўся ў магнацкай апазіцыі да Жыгімонта Аўгуста, выступаў супраць заключэння Люблінскай уніі, з гэтай прычыны ў 1569 быў пазбаўлены ваяводства падляшскага і прызначаны на намінальнае ваяводства смаленскае[1]. Валодаў значнай часткай колішняга Лагойскага княства (спадчына першай жонкі), маёнткам Ласасіная з дваром Бялавічы, Ражанай і Байкевічамі (пасаг першай жонкі), Здзітавым, Хрысай, Споравым і інш. Пазней, атрымаў Ласасіную, Бялавічы, Байкевічы, Ражаную, Здзітаў, Хрысу і Спорава ў вечнасць ад Жыгімонта Аўгуста як выплату ранейшай пазыкі ў 12 тысяч коп грошаў. Купіў Камень-Харэцкі (цяпер Камена), Ружаны.

Удзельнічаў у бітвах з крымскімі татарамі, пасольствах у Крым і Маскву. Перайшоў з праваслаўя ў кальвінізм. 5 лістапада 1569 года атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста тытул графа на Лагойску і Бярдзічаве[1].

Двойчы жанаты. Ад першага шлюбу з Аляксандрай з Чартарыйскіх меў дачку Анастасію (жонку Івана Мялешкі) і трох сыноў — Юрыя, Каленіка і Яўстахія. Ад другога шлюбу з Анастасіяй Сапоткаўнай меў дачку Аляксандру (жонку Аляксандра Хадкевіча) і сына Яўстахія Серафіна[2].

Пакінуў тастамент[3], паводле якога частка зямель пераходзіла яго дачцэ Аляксандры, а частка малалетняму сыну ад другога шлюбу Яўстахію Серафіну. Апроч таго, наказаў пахаваць сябе ў Супрасльскім манастыры. На надмагіллі Васіля, якое было зроблена са звычайнага каменю, мелася выява родавага герба і надпіс «Въ лето от нароженія Господа Бога и Спаса нашего Іисуса Христа 1571 мѣсеца августа 13 дня въ неделю, преставися рабъ Божій панъ Васили Тышковичъ воевода смоленскій, староста менскій и пинскій, положенъ въ храмѣ Благовѣщенія Богородицы въ монастыру Супраськомъ»[4]. Паводле стану на 1871 г. надмагілля ў царкве ўжо не было. Цяпер захоўваецца ў музеі Вільнюскага ўніверсітэта.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Грыцкевіч А. Тышкевічы // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя у 3 т. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 682. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0.
  2. Dworzaczek W. Genealogia. — Warszawa, 1959.
  3. Вядома чатыры тастаменты, гл.: Акты издаваемые Виленскою археографической комиссией. — Вильна, 1895. — Т. XXII. Акты Слонимского земского суда. — С. XL-XLIII, документы № 569, 570, 631, 632.
  4. Дзяніс Лісейчыкаў. Надмагільныя камяні з «рускімі» надпісамі XVI—XVII стст. каля вёскі Малькавічы