Востраў Узнясення

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Востраў Узнясення
англ. Ascension Island
Знешні выгляд
Знешні выгляд
Характарыстыкі
Плошча91 км²
Насельніцтва1 100 чал.
Шчыльнасць насельніцтва12,09 чал./км²
Размяшчэнне
7°56′33″ пд. ш. 14°22′05″ з. д.HGЯO
АкваторыяАтлантычны акіян
Краіна
РэгіёнБрытанскія заморскія тэрыторыі
РаёнАстравы Святой Алены, Узнясення і Трыстан-да-Кунья
Востраў Узнясення (Атлантычны акіян)
Востраў Узнясення
Востраў Узнясення
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Востраў Узнясення (англ.: Ascension Island) — востраў у Атлантычным акіяне, уваходзіць у склад брытанскай заморскай тэрыторыі Астравы Святой Алены, Узнясення і Трыстан-да-Кунья. Агульная плошча — 91 кв. км. Насельніцтва — 1100 чал. (2005 г.).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што першаадкрывальнікам вострава з’яўляецца партугальскі мараплавец Жуан да Нова, які ўбачыў востраў у 1501 г. У 1503 г. ён быў паўторна адкрыты іншым партугальцам Афонсу дэ Альбукерке ў дзень Узнясення Гасподня, адкуль і ўзнікла яго назва. У 1701 г. востраў быў даследаваны Вільямам Дампірам. Хаця людзі рэдка высаджваліся на беразе, у XVIII ст. востраў Узнясення з’яўляўся своеасаблівым месцам сустрэчы для пірацкіх і ваенных караблёў з розных краін.

У 1815 г., калі на востраў Святой Алены быў сасланы Напалеон I Банапарт, брытанскія ўлады палічылі мэтазгодным таксама стварыць ваенную базу на востраве Узнясення. 22 кастрычніка 1815 г. ён быў анексаваны Вялікабрытаніяй. Першапачаткова ў спісах каралеўскіх ваенна-марскіх сіл востраў пазначаўся як каменны карабель «Узнясенне» з класіфікацыяй «ваенны шлюп меншага класу». Востраў выкарыстоўваўся як база для забеспячэння брытанскіх караблёў, што патруліравалі ў Гвінейскім заліве.

У 1836 г. сюды наведваўся Ч. Дарвін.

У 1899 г. праз востраў прайшоў падводны кабель, які злучаў Вялікабрытанію з Паўднёвай Афрыкай.

У 1922 г. востраў Узнясення быў фармальна далучаны да вострава Святой Алены. Такім чынам, тут усталёўвалася цывільнае кіраўніцтва.

Пад час II Сусветнай вайны на востраве быў пабудаваны аэрапорт Вайдэвейк, былі размешчаны амерыканскія ваенныя, якія абслугоўвалі бяспечныя пералёты ў Афрыку і Еўропу. У сувязі з падзеямі Халоднай вайны амерыканскія ваенныя ў 1956 г. вярнуліся зноў. У 1982 г. Вялікабрытанія выкарыстоўвала востраў для вядзення вайны з Аргенцінай.

1 верасня 2009 г. пачала дзейнічаць новая Канстытуцыя, якая фармальна зраўнавала правы вострава Узнясення з востравам Святой Алены ў складзе брытанскай заморскай тэрыторыі Астравы Святой Алены, Узнясення і Трыстан-да-Кунья.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Карта

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Узнясення значна аддалены ад буйных масіваў сушы — 1600 км ад узбярэжжа Афрыкі і 2250 км ад узбярэжжа Паўднёвай Амерыкі. Утвораны вулканічнай дзейнасцю каля 50 тыс. гадоў таму. Але ў перыяд пасля адкрыцця вывяржэнняў не назіралася.

Большае частка паверхні ўяўляе сабой застылыя вулканічныя конусы і лававыя струмені. Усяго налічваецца 44 малых і вялікіх кратараў. Найвышэйшы пункт — пік гары Грын (859 м). Берагі абрывістыя. На паўночным захадзе ў зал. Кларэнс размешчаны адзіны пляж Лонгбіч.

Пастаянных паверхневых вадацёкаў няма. Дзякуючы дажджавым водам узімку ўтвараецца толькі так званы ручай Дампіра.

Флора[правіць | правіць зыходнік]

У мінулым востраў Узнясення быў пакрыты аўтахтоннай расліннасцю. Аднак партугальцы выпусцілі на яго коз і іншых жывёлін, якія вынішчылі мясцовую флору. У кан. XVIII ст. востраў нагадваў пустыню. Захаваліся толькі нешматлікія папараці, багаткі, кававыя. «Знежывеласць гэтага месца пераўзыходзіць усе жахі Вогненнай Зямлі i вострава Вялікадня», — пісаў Джэймс Кук.

Пасля пачатку каланізацыі былі ўвезены расліны з іншых краін, у тым ліку кактусы, алоэ, бамбук, норфалкская хвоя і інш. У 2005 г. створаны нацыянальны парк «Грын Маўнт» на Зялёнай гары, дзе інтрадуцыраваныя расліны ствараюць адзіны на востраве лясны масіў.

Фаўна[правіць | правіць зыходнік]

Даследаванні вучоных паказалі, што востраў Узнясення раней насялялі вымерлыя да нашага часу віды пінгвінаў і альбатросаў. Не вядома, ці звязана іх знікненне са з’яўленнем чалавека. Ужо ў ХІХ ст. з-за здзічэлых катоў знік аўтахтонны від драчоў.

Берагі вострава да сёй пары прыцягваюць мноства зялёных чарапах, а таксама марскіх птушак, у тым ліку олушаў, крачак, фаэтонаў (птушак-боцманаў), фрэгатаў і г. д. Да сяр. ХХ ст. мяса чарапах і яйкі птушак, асабліва крачак, складалі асноўную частку ежы пасяленцаў. Добра захаваліся мясцовыя сухапутныя крабы, на якіх у мінулым палявалі з дробнакалібернымі стрэльбамі.

Аднак большасць жывёлін была інтрадуцыравана, у тым ліку вераб’і, кенары, цацаркі, яшчаркі, хатнія жывёлы. У розныя часы на востраве жылі здзічэлыя козы, каровы, авечкі, каты, сабакі, але ўжо ў XIX — пач. XX стст. яны былі практычна вынішчаныя. Разам з чалавекам на востраў патрапілі прусакі, мышы і пацукі. Дробныя мышы звычайна насяляюць лававыя палі. Ч. Дарвін апісаў два віды мясцовых пацукоў — чорных, якія жывуць на ўсёй тэрыторыі вострава, і дробных карычневых, што селяцца каля чалавека. Ён лічыў, што продкамі абодвух відаў былі еўрапейскія пацукі, але іх воблік змяніўся з-за прыстасаванасці да розных умоў, якія маюцца на востраве.

Не ўсе інтрадуцыраваныя віды прыжыліся аднолькава добра. Так, увезеныя сюды гракі пакінулі востраў Узнясення пасля першай жа яйкакладкі.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Аснова эканомікі — абслугоўванне камунікацый, метэаралагічнай станцыі і ваенных частак ЗША i Вялікабрытаніі. Пэўны прыбытак дае выпуск паштовых марак.

З 1976 г. на востраве карыстаюцца фунтам Святой Алены.

Кіраванне[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Узнясення ўваходзіць у склад брытанскай заморскай тэрыторыі Астравы Святой Алены, Узнясення і Трыстан-да-Кунья ў якасці адной з яго трох раўнапраўных адміністрацыйных частак. Згодна канстытуцыі, прынятай 1 верасня 2009 г., губернатар Святой Алены з’яўляецца прадстаўніком брытанскай манархіі. На востраве ён прадстаўлены адміністратарам. Заканадаўчая ўлада належыць Савету Узнясення, які існуе з 2002 г. і складаецца з 5 усеагульна абраных членаў.

Палітычных партый і арганізацый няма.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]