Вялікі Тыбет

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Гістарычная дзяржава
Вялікі Тыбет
བོད་ཆེན་པོ
Сцяг
Сцяг
Tibetan Empire.png
618 — 842 г.

Сталіца
Форма кіравання манархія
Дынастыя Ярлунгская дынастыя
Commons-logo.svg Вялікі Тыбет на Вікісховішчы

Вялікі Тыбет, Тыбецкая імперыя (тыб.: བོད་ཆེན་པོ, /bod-chen-po/) — старажытная тыбецкая дзяржава, што існавала ў VIIIX стст.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Згодна пісьмовай традыцыі бон, якая сфарміравалася ў позняе сярэднявечча, першапачаткова дзяржаўныя ўтварэнні склаліся на захадзе Тыбецкага нагор'я ў раёне гары Кайлас. Яны стварылі федэрацыю Чжанчжунь (або Шаньшунь). У канцы XX ст. кітайскія археолагі адкрылі на захадзе Тыбета культуру жалезнага века, што атрымала тое ж найменне. Яе носьбіты займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, ведалі кераміку і металы. Пачатак яе ўзнікнення супадаў па часу з існаваннем імперый Цынь і Хань.

У IVVI стст. цывілізацыя таксама фарміравалася ў даліне Ярлунг уздоўж рэчышча Цан-по. Згодна пазнейшым тыбецкім крыніцам, з II ст. тут валадарылі прадстаўнікі Ярлунгскай дынастыі, залежныя ад валадароў Чжанчжунь. На мяжы VI ст. і VII ст. трыццаць другі прадстаўнік дынастыі Намры Сангцэн фактычна адасобіўся ад заходніх сюзерэнаў.

Узнікненне самастойнай дзяржавы Вялікі Тыбет звязана з яго сынам Сангцэнам Гам-по, які атрымаў спадчыну ад бацькі ў 618 г. Ён заваяваў значную частку Тыбета, землі цян і гандлёвыя факторыі ў раёне возера Кукунор. У 634 г. Сангцэн Гам-по даслаў пасольства ў імперыю Тан з намерам ажаніцца на сястры імператара. З-за ваеннага ціска тыбетцаў двор Тан быў вымушаны пагадзіцца. Ярлунгскі валадар меў намер ажаніць родную сястру з манархам Чжанчжунь. Калі той адмовіўся ад рукі князёўны пасля сустрэчы з ёю, абражаны Сангцэн Гам-по заваяваў захад Тыбета.

Да пачатку VIII ст. валадары Вялікага Тыбета пашырылі сваю ўладу да сучасных зямель балці на захадзе. На поўначы яны імкнуліся падпарадкаваць аазісы Тарыма і ўмешваліся ў справы на ўсходзе Сярэдняй Азіі. На поўдні кантраляваліся гандлёвыя шляхі ў Бенгалію. На ўсходзе сталыя войны з імперыяй Тан чарагаваліся з мірнымі і гандлёвымі пагадненнямі. У сярэдзіне VIII ст. знешні ўплыў Вялікага Тыбета на некаторы час саслаб, але зноў адрадзіўся ў перыяд кіравання Трысонга Дэцэна (755 — мяжа VIII ст. і IX ст.). Ён захапіў тагачасную кітайскую сталіцу ў Сіяні і дамогся вяртання зямель на поўначы і ўсходзе Тыбецкага нагор'я. На поўдні ў часовую залежнасць ад Тыбета трапіла дзяржава Камарупа. Для спынення тыбецкіх нашэсцяў на поўнач ад Тыбецкага нагор'я дынастыя Тан была вымушана заключыць саюз з арабамі.

З імям Трысонга Дэцэна звязаны поспех будысцкага веравызнання. Будызм пачаў распаўсюджвацца ў Тыбеце ўжо ў эпоху Сангцэна Гам-по, але Трысонг Дэцэн зрабіў яго афіцыйнай рэлігіяй. Ён запрашаў у Лхасу і арганізоўваў дыспуты паміж прадстаўнікамі розных плыняў будызму. Пры яго двары працаваў вядомы індыйскі філосаф Падмасамбхава, які садзейнічаў усталяванню перавагі напрамку ваджраяна, заснаваў першы будысцкі кляштар і такім чынам стаяў у пачатку своеасаблівага тыбецкага будызму.

У 838 г. пасля забойства старэйшага брата валадаром Вялікага Тыбета стаў Лангдарма. Пад уплывам прадстаўнікоў рэлігіі бон ён пачаў пераслед будысцкага духавенства. У 842 г. Лангдарма быў забіты будысцкім ламам. Пасля яго смерці адзіная дзяржава фактычна распалася на некалькі частак, валадары якіх імкнуліся дэманстраваць сувязь з Ярлунгскай дынастыяй. Перыяд раздробленасці цягнуўся да 1245 г., пакуль будысцкія манахі сак’я не заключылі дамову з мангольскай дынастыяй Юань аб фармальным падпарадкаванні Тыбета.

Унутраны лад[правіць | правіць зыходнік]

Унутраны лад дзяржавы Вялікі Тыбет вядомы пераважна з кітайскіх крыніц, якія пачалі занатоўвацца толькі ў IX ст., хаця апавядалі пра падзеі з VII ст. Акрамя таго, важнай крыніцай з'яўляюцца міфы і легенды, занатаваныя самімі тыбетцамі ўжо ў позняе сярэднявечча.

Вялікі Тыбет быў манархіяй, на чале якой стаялі валадары рг'ял-по з Ярлунгскай дынастыі. Паводле тыбецкіх паданняў, яна была заснавана ў II ст. выхадцамі з неба. Першыя 27 валадароў лічацца міфічнымі. Наступныя 4 валадары маглі сапраўды кіраваць землямі ў Ярлунгскай даліне. Першай бясспрэчна гістарычнай асобай быў Намры Сангцэн. Улада рг'ял-по сакралізавалася. Пасля смерці яны хаваліся ў асобных магільнях. Вядомы жрацы, якія адказвалі за замагільныя абрады ў гонар манархаў. Імі былі мужчыны і жанчыны. Верагодна, што пазней прадстаўнікі замагільнага культу заснавалі рэлігію бон.

Поруч з некаторымі рг'ял-по называюцца блізкія да іх дарадцы, што мелі цывільныя і ваенныя тытулы, арганізоўвалі заваёўніцкія паходы. Забойства аднаго з такіх дарадцаў каштавала сыну Трысонга Дэцэна тытула рг'ял-по. Ён быў высланы з Лхасы на поўдзень. Адной са стратэгій падтрымання ўлады знутры імперыі былі шлюбы валадароў з прадстаўніцамі найбольш уплывовых мясцовых сем'яў. Шлюбная стратэгія адыгрывала пэўную ролю і ў знейшняй палітыцы.

Згодна кітайскім крыніцам, тыбетцы займаліся качавой жывёлагадоўляй, вырошчвалі ячмень, грэчку, чырвоныя бабы, ведалі розныя металы. Хаця ў Тыбеце меліся крэпасці, выскародныя людзі сяліліся ў лямцавых шатрах, адрозніваліся неахайнасцю, апраналі вопратку са скурак суркоў. Сталай арміі не было. Тым не меней, частка мужчынскага насельніцтва была ваеннаабавязанай. Раз у 3 гады яны збіраліся для арганізацыі ахвярапрынашэння богу вайны, падчас паходаў узначальвалі апалчэнне са сваёй мясцовасці.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]