Цян
Цян Rma, 尔玛 | |
Агульная колькасць | 306476 (2000 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Кітай |
Мова | мовы цян |
Рэлігія | шаманізм, будызм, канфуцыянства |
Блізкія этнічныя групы | тыбетцы, кіраты, пумі, йі, нахі |
Цян (саманазва: Rma, 尔玛; чытаецца як /ɹmæː/) — народ у Кітаі. Большасць насяляе горныя раёны правінцыі Сычуань. Згодна перапісу насельніцтва 2000 г. у КНР жыло 306 476 чалавек. Цян моцна пацярпелі падчас землятрусаў 2008 г. і 2017 г.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Цян насяляюць рэгіён, дзе, як лічаць, у старажытнасці сфарміраваліся тыбета-бірманскія мовы, і адсюль пачалося перасяленне тыбета-бірманскіх народаў у Тыбет і на поўдзень. Таму цянскія мовы разглядаюцца як старэйшыя сярод тыбета-бірманскіх моў. Генетычнае даследаванне, апублікаванае ў 2014 г.[1], паказала, што цян падзяляюцца на некалькі груп, кожная з якіх болей звязана або з суседнімі кітайцамі і тыбетцамі, або з тыбета-бірманскімі народамі Паўднёва-Усходняй Азіі.
Назва цян была дадзена старажытнымі кітайцамі ў другой палове 2 тысячагоддзя да н. э. качавым народам, якія насялялі землі на захад ад іх. Частка цян удзельнічала ў фарміраванні паўночнай папуляцыі кітайцаў[2]. У сярэднявеччы войны паміж імперыямі Бод і Тан за Сычуаньскі калідор прывялі да асіміляцыі значнай колькасці старажытных цян з боку тыбетцаў і кітайцаў. Сучасныя цян лічацца нашчадкамі тых, хто здолеў захаваць свае арыгінальныя мовы і культуру.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Цян насяляюць землі горных схілаў Тыбецкага плато. У ніжняй частцы схілаў яны займаюцца земляробствам. Вырошчваюць ячмень, бульбу, азімую пшаніцу і грэчку, што з’яўляюцца асновай іх харчавання. Пашырана гіпотэза, быццам бы грэчка стала культурнай раслінай менавіта ў гэтым рэгіёне[3]. Здаўна практыкуецца камерцыйны збор дзікіх лекавых раслін, запатрабаваных у кітайскай традыцыйнай медыцыне. Верхнія часткі схілаў выкарыстоўваюцца як сезонныя пашы для свойскай жывёлы. Цян трымаюць авечак, кароў, якаў, коней.
Мужчыны і жанчыны займаюцца рознай працай. Традыцыйна лічыцца, што месца працы жанчыны — дом, праца за яго межамі — мужчынская справа. Розніца паміж мужчынамі і жанчынамі падкрэсліваецца падчас застолляў. Прадстаўнікі розных полаў не сядзяць і не ядуць разам.
Цян традыцыйна жывуць у адносна ізаляванай мясцовасці. Асноўны тып паселішча — вёска, дзе селяцца прадстаўнікі аднаго рода. Вёскі складаюцца з двух- і болей павярховых пабудоў, якія ўзводзяць з неапрацаванага камення. На ніжнім паверсе трымаюць жывёлу, выкарыстоўваюць яго для гаспадарчых патрэб. Вышэйшыя паверхі жылыя. Важны элемент жылой часткі — агмень, дзе заўсёды гарыць агонь. Дахі пляскатыя. На іх усталёўваюць рытуальныя белыя камяні. Многія дамы былі пабудаваны сотні гадоў таму, вышэйшыя паверхі дабудоўваліся пазней, так што паступова жытлы ператварыліся ў вежы, бачныя здалёк.
Стылі народных строяў ў розных паселішчах істотна адрозніваюцца. Тым не меней, існуюць некаторыя падабенствы. Доўгі час ніжняе адзенне шылі з лубяных тканін. Па-над кашулямі апраналі ваўняныя курткі без рукавоў. Жанчыны выкарыстоўвалі шнуроўку для вопраткі, асабліва для каўняра, і для валасоў. Боты і паясы багата ўпрыгожвалі вышываннем. Мужчыны і жанчыны ўпрыгожваліся срэбранымі завушніцамі, шыйнымі грыўнямі, шпількамі і г. д.
Асноўная сацыяльная адзінка — родавая абшчына, якая адначасова з’яўляецца суседскай. У далёкім мінулым саюзамі родавых аб’яднанняў кіравалі правадыры, але з XVI ст. рэгіёнам, населеным цян, кіравалі чыноўнікі, прызначаныя кітайскім імператарскім дваром. Нягледзячы на заняпад традыцыйнай улады, родавыя абшчыны захавалі шчыльную ўнутраную сувязь, супольныя звычаі і рытуалы ў гонар продкаў. Нават у нашы дні здараюцца выпадкі кроўнай помсты, калі чалец абшчыны жорстка разлічваецца за забойства сваяка з любым сваяком забойцы.
Роды падзяляюцца на гаспадаркі. Прычым, гаспадаркі бываюць не заўсёды сямейнымі, паколькі шлюбы не вельмі трывалыя. Да сярэдзіны XX ст. былі распаўсюджаны дзіцячыя шлюбы ці нават шлюбы да нараджэння, што заключаліся бацькамі мужа і жонкі. Лепшым выбарам быў шлюбны саюз са стрыечнымі сваякамі. Вельмі часта жонка старэйшая за мужа. Нягледзячы на гэта, у культуры цян шануецца рамантычнае каханне. Палюбоўнікі могуць быць у шлюбе з іншымі асобамі, але заляцанні суправаджаюцца песнямі, якія яны спяваюць адзін другому ў адказ, а таксама танцамі. Наадварот, сувязь паміж роднымі братамі і сёстрамі вельмі шчыльная. Часцяком яны супольна вядуць гаспадарку і разам гадуюць дзяцей сястры, у той час як яе муж жыве са сваёй сястрой. У мінулым вяселлі былі неабавязковымі. У нашы дні яны доўжацца некалькі дзён і суправаджаюцца пірамі, музыкай і жартамі.
Жанчыны цян вядомы як выдатныя вышывальшчыцы. Фальклор адметны вершаванымі творамі, якія маюць 4 або 7 складоў у кожным радку. Яны апавядаюцца або спяваюцца як песні, некаторыя прысвечаны міфалагічным падзеям. Так, міф «Доўаньчжу і Муцзэчжу» апавядае пра шлюб паміж сястрой і братам і ўзыход 8 сонцаў. Вядомы гаротныя, рамантычныя, урачыстыя, жалобныя і застольныя спевы. Падчас святаў абавязкова арганізуюцца танцы. Тэматычна яны падзяляюцца на забаўляльныя, рэлігійныя (танцы шамана), цырыманіяльныя, ваенныя. Распаўсюджаныя народныя музычныя інструменты: флейта, гонг, барабан, бубен.
Мовы
[правіць | правіць зыходнік]Мовы, на якіх размаўляюць цян, складаюць самастойную галіну тыбета-бірманскай групы моў. Вылучаюцца асабістая паўночная і паўднёвая мовы, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на розныя дыялекты. Паўночная цян не з’яўляецца тонавай. Паўднёвая цян у залежнасці ад дыялекта складаецца з 2—6 тонаў. У выніку культурнай асіміляцыі многія цян размаўляюць на кітайскай мове, іх асабістыя мовы знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Сярод цян пашыраны культ продкаў. У кожным доме існуе асобны кут, дзе захоўваюцца таблеткі з імёнамі продкаў. Цян выдатна ведаюць сваю генеалогію. Разам з гэтым, шануюцца шматлікія багі і духі прыроды, з ліку якіх асабліва вылучаецца бог неба Муб’ясэй. Згодна легендзе, людзі паходзяць ад шлюбу яго дачкі з малпай. Для шанавання неба на дахі жылых будынкаў усталёўваюцца белыя камяні, так што народныя вераванні цян часцяком клічуць «рэлігіяй белых камянёў». Захоўваецца інстытут шаманаў. Поруч з гэтым распаўсюджаны тыбецкі будызм і канфуцыянства.
Зноскі
- ↑ Chuan-Chao Wang,Ling-Xiang Wang,Rukesh Shrestha,Manfei Zhang,Xiu-Yuan Huang,Kang Hu,Li Jin,Hui Li Genetic Structure of Qiangic Populations Residing in the Western Sichuan Corridor
- ↑ Yong-Bin Zhao, Hong-Jie Li, Sheng-Nan Li, Chang-Chun Yu, Shi-Zhu Gao, Zhi Xu, Li Jin, Hong Zhu, Hui Zhou Ancient DNA evidence supports the contribution of Di-Qiang people to the han Chinese gene pool
- ↑ Hunt, Harriet & Shang, Xue & Jones, Martin. (2018). Buckwheat: a crop from outside the major Chinese domestication centres? A review of the archaeobotanical, palynological and genetic evidence. Vegetation History and Archaeobotany
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Народы мира. — М.: Советская энциклопедия, 1988. (руск.)