Гразівец (Чавускі раён)
Вёска
Гразівец
|
Гразі́вец[1] (трансліт.: Hraziviec, руск.: Грязивец) — вёска ў Чавускім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Ваўкавіцкага сельсавета.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Знаходзіцца за 36 км на паўднёвы захад ад Чавусаў, 38 км ад Магілёва, 25 км ад чыгуначнай станцыі Рэста на лініі Магілёў — Крычаў.
Рэльеф раўнінны. На поўначы цячэ рака Раста (прыток Проні).
Транспартныя сувязі па шашы Магілёў — Слаўгарад, якая праходзіць праз вёску.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1604 года як сяло (11 двароў) у Асавецкім войтаўстве Магілёўскага староства-эканоміі Аршанскага павета Віцебскага ваяводства ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць. У 1635 годзе сяло Гразівец, 33 двары, быў млын. У 1742 годзе 19 гаспадарак, меліся шынок і царква.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ў складзе Расійскай імперыі. У 1880 годзе 67 двароў, 374 жыхары. Частка вяскоўцаў займалася кравецкім промыслам.
У 1896 годзе адкрыта школа, для якой у тым жа годзе пабудаваны будынак. У 1897 годзе ў Даўгамохскай воласці Быхаўскага павета Магілёўскай губерні, 74 двары, 527 жыхароў. Меліся хлебазапасны магазін, царква. У 1909 годзе 106 двароў, 675 жыхароў.
На базе дарэвалюцыйнай, створана працоўная школа 1-й ступені. З сакавіка 1924 года ў БССР. 5 мая 1931 года арганізаваны калгас «Чырвоны ўсход», які ў 1932 годзе аб’ядноўваў 33 гаспадаркі, з 1933 года яго абслугоўвала Расцянская МТС. Працавала кузня.
У 1940 годзе 120 двароў, 405 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну з 12 ліпеня 1941 года да 2 снежня 1943 года вёска пад акупацыяй Германіі. У лістападзе 1943 года акупанты спалілі 93 двары, загубілі 20 жыхароў.
Пасля вайны адбудавана. У 1953 годзе радыёфікавана, у 1955 годзе электрыфікавана. У 1990 годзе 52 гаспадаркі, 112 жыхароў, у складзе калгаса імя Ф. Э. Дзяржынскага (цэнтр — вёска Чарэнкі). Размяшчаліся вытворчая брыгада, ферма буйной рагатай жывёлы, магазін. У 2007 годзе 28 гаспадарак, 77 жыхароў. У 2009 годзе 67 жыхароў.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1604 год — 11 двароў
- 1635 год — 33 двары
- 1742 год — 19 гаспадарак
- 1880 год — 67 двароў, 374 жыхары
- 1897 год — 74 двары, 527 жыхароў
- 1909 год — 106 двароў, 675 жыхароў
- 1940 год — 120 двароў, 405 жыхароў
- 1990 год — 52 гаспадаркі, 112 жыхароў
- 2007 год — 28 гаспадарак, 77 жыхароў
- 2009 год — 67 жыхароў
Планіроўка
[правіць | правіць зыходнік]Планіровачна складаецца з плаўна выгнутай вуліцы амаль мерыдыянальнай арыентацыі, ад абодвух канцоў якіх на ўсход адыходзяць кароткія прамалінейныя вуліцы. Забудавана двухбакова, шчыльна, традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На ўсходзе — гаспадарчы сектар.
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Іван Іванавіч Насовіч (1788—1877) — беларускі мовазнавец-лексікограф, фалькларыст, этнограф
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Вялі́кі Гразі́вец
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 544 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0452-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх