Лукомль
Аграгарадок
Лукомль
| ||||||||||||||||||||||||
Луко́мль[1] (трансліт.: Lukomĺ, руск.: Лукомль) — аграгарадок у Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці, на рацэ Лукомцы. Уваходзіць у склад Лукомльскага сельсавета.
Лукомль — колішні горад і замак, цэнтр былога ўдзельнага княства. Знаходзіцца за 20 км на поўдзень ад Чашнікаў, за 5 км на поўнач ад Новалукомлю, на аўтамабільнай дарозе Р62.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Лукомль — адно з найстаражытнейшых паселішчаў на тэрыторыі Беларусі. Уяўленні аб жыцці старажытнага Лукомля даюць археалагічныя раскопкі, якія пачалі праводзіцца яшчэ ў XIX ст.
Упершыню Лукомль упамінаецца ў 1078 годзе ў павучанні кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха ў сувязі з падзеямі, якія там адбываліся.
У XI—XIII стагоддзях Лукомскі замак служыў умацаваным жыллём буйнога феадала і ўваходзіў у склад Полацкага княства. У другой палове XIII — пачатку XIV ст. Лукомль увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. Узрастанне ролі Лукомля фіксуецца з канца XIV ст.
У сувязі з тым, што Лукомскае княства знаходзілася ў прыгранічнай частцы ВКЛ, яно неаднойчы падвяргалася нападам ворагаў. Асаблівыя страты і разбурэнні здараліся ў гады Лівонскай вайны. Так, у 1563 годзе рускія войскі амаль ушчэнт разбурылі Лукомль, зруйнавалі Лукомскі замак і забралі шмат яго жыхароў у палон. Лукомскі замак больш не ўзнаўляўся.
З цягам часу ў выніку складанай гісторыі Лукомскага княства, войнаў і міжусобнай барацьбы яно часта разбуралася, нішчыліся яго здабыткі, і ў выніку былы горад ВКЛ ператварыўся ў мястэчка, пазней — у вёску. У 1812 годзе Лукомль пацярпеў ад французскіх і рускіх войск. 11 лістапада 1812 года ў Лукомлі начаваў граф генерал П. Х. Вітгенштэйн, які праследаваў адступаючых французаў. У 1882 годзе ў Лукомлі пражывалі 591 мужчына і 567 жанчын. У той час Лукомль належаў генералу Храпавіцкаму. Апошнім уладальнікам Лукомля быў памешчык Мілаш.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Лукомлі было 220 двароў, 750 жыхароў. Тройчы вёска падвяргалася знішчэнню. У Германію адпраўлены 22 чалавекі, 16 вярнуліся дадому. Жудаснай трагедыяй стаў расстрэл 347 жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці.
У кастрычніку 1943 года Сенненская партызанская брыгада разграміла нямецкі гарнізон у Лукомлі.
На цяперашні час аграгарадок Лукомль — цэнтр Лукомскага сельсавета і саўгаса «Лукомскі». На 1 студзеня 2005 года ў ім пастаянна пражывае 471 жыхар. У Лукомлі ёсць сярэдняя школа, дзіцячы садок, клуб, бібліятэка.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Лукомскае гарадзішча (V—VIII стагоддзі) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000820
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Лукомскі замак (XIV—XVI стагоддзі).
- Кляштары францысканцаў
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Барыс Аляксандравіч Далгаплоск (1905—1994) — вучоны ў галіне арганічнай хіміі, акадэмік Акадэміі навук СССР, Герой Сацыялістычнай Працы[2].
- Ганна Ерамееўна Райк (1903) — савецкі матэматык. Дацэнт кафедры матэматыкі Мардоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Луко́мля, ж.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6). — С. 16.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Лукомль // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Чашніцкага раёна / рэдкал. М. Ц. Дробыш [і інш.]. — Мн., 1997. — С. 504—505.
- Лукомль // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — С. 399. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Лукомль // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 436. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Светлая ява Лукомля // Чырвоны прамень (Чашнікі). — 1969. — 22 лістап.
- Чуйко, А. Лукомль // Народнае слова. — 2005. — 22 лістап.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лукомль
- Лукомль і Лукомльская воласць Архівавана 13 лютага 2005.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce (польск.). — Warszawa, 1884. — S. 819.