Вікторыя Фёдараўна Азаранка

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Вікторыя Фёдараўна Азаранка
Victoria Azarenka (9417885047).jpg
Грамадзянства Flag of Belarus.svg Беларусь
Месца пражывання Монтэ-Карла, Манака
Дата нараджэння 31 ліпеня 1989(1989-07-31) (24 гады)
Месца нараджэння Мінск, БССР
Рост 183 см
Вага 66 кг
Пачатак кар'еры 2003
Удар злева двухручны
Трэнер Самюэль Cюмік
Дэйв Мэцьюс
Прызавыя, USD 22,403,462
Адзіночны разрад
Матчаў в/п 390—137
Тытулаў 17 WTA, 1 ITF
Найвышэйшая пазіцыя 1 (30 студзеня 2012)
Бягучая пазіцыя 4 (17 лютага 2014)
Турніры серыі Вялікага шлема
Аўстралія перамога (2012, 2013)
Францыя 1/2 фіналу (2013)
Уімблдон 1/2 фіналу (2011, 2012)
ЗША фінал (2012, 2013)
Парны разрад
Матчаў в/п 135-51
Тытулаў 3
Найвышэйшая пазіцыя 7 (7 ліпеня 2008)
Турніры серыі Вялікага шлема
Аўстралія фінал (2007)
Францыя перамога (2008)
Уімблдон 3-ці круг (2012)
ЗША перамога (2007)
Дзяржаўныя і ведамасныя ўзнагароды
Ордэн Айчыны 3 ступені, Беларусь
Картка абнаўлялася апошні раз: 11 чэрвеня 2013
Olympic rings with white rims.svg
Алімпійскія ўзнагароды
Тэніс (жанчыны)
Золата Лондан 2012 Змяшаны парны разрад
Бронза Лондан 2012 Адзіночны разрад

Вікторыя Фёдараўна Азаранка (31 ліпеня 1989, Мінск) — беларуская тэнісістка. Былая першая ракетка свету сярод юніёрак, пераможца двух юніёрскіх турніраў Вялікага Шлема. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (2010). Алімпійская чампіёнка ў змяшаным парным разрадзе і бронзавы прызёр Гульняў-2012 у жаночым адзіночным разрадзе. Пераможца двух турніраў Вялікага шлема ў змяшаным парным разрадзе. Першая беларуская тэнісістка — пераможца двух турніраў Вялікага шлема ў адзіночным разрадзе, першая беларуска на вяршыні рэйтынгу WTA (2012—2013 гады).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Тэнісам Вікторыя займаецца з 7 гадоў. Да восені 2004 года Вікторыя Азаранка трэніравалася ў Беларусі, рэгулярна выязджаючы на міжнародныя турніры. Пачаткам выступлення на міжнародных юнацкіх турнірах стаў 2002 год, а ўжо ў 2003 годзе Вікторыя выйграла першы міжнародны турнір у Ташкенце. У кастрычніку 2004 года перабралася ў Марбеллю (Іспанія), каб трэніравацца ў тэніснай акадэміі. Трэнерам стаў нямецкі адмысловец, колішні трэнер Штэфі Граф. Знаходжанне ў Іспаніі аплачваў беларускі спонсар — «Белтэхэкспарт». Пазней Вікторыя перабралася ў Скоцдэйл (штат Арызона, ЗША), дзё ёю апекавалася сям'я расійскага хакеіста Мікалая Хабібуліна. Сёння Вікторыя Азаранка пражывае ў Манака.

Юніёрская кар'ера[правіць | правіць зыходнік]

Будучы юніёркаю, Вікторыя Азаранка стала чампіёнкаю Еўропы ў парным разрадзе сярод 14-гадовых і пераможцаю каманднага Кубка Еўропы ва ўзросце да 14 і 16 гадоў. На яе рахунку — перамога на юнацкіх турнірах «Вялікага шлема»: Уімблдон у парным разрадзе (чэрвэнь 2004 года; разам з беларускаю Вольгай Гаварцовай), Адкрыты чампіянат Аўстраліі (Australian Open) у адзіночным і парным разрадах (студзень 2005), Адкрыты чампіянат Францыі (Roland Garros) у парным разрадзе (2005; разам з вянгеркай Агнеш Савай), Адкрыты чампіянат ЗША ў адзіночным разрадзе (2005). Дзякуючы гэтым дасягненням у 2005 годзе Азаранка заняла першы радок у рэйтынгу дзяўчын-тэнісістак ва ўзроставай катэгорыі да 18 гадоў (31 студзеня 2005 года), а па выніках сезону стала чампіёнкаю свету сярод юніёрак па версіі Міжнароднай тэніснай федэрацыі ITF. 2005 год стаў апошнім у юніёрскай кар'еры Азаранкі — у кастрычніку 2005 года Вікторыя была ўжо ў шэрагу 200 лепшых тэнісістак свету: у рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) яна займала 149-е месца.

Першыя гады дарослай кар'еры[правіць | правіць зыходнік]

У 2007 годзе Вікторыя Азаранка ў пары з Максімам Мірным выйграе свой першы дарослы турнір Вялікага шлема ў змяшаным парным разрадзе — беларуская пара не мае роўных на Адкрытым чампіянаце ЗША. У 2008 годзе таксама ў змяшаным парным разрадзе Вікторыя Азаранка ў пары з амерыканскім тэнісістам Бобам Браянам здабывае тытул на Адкрытым чампіянаце Францыі.

2009[правіць | правіць зыходнік]

Сезон-2009 пачаўся для Вікторыі з доўгачаканай перамогі: 10 студзеня яна ўпершыню ў кар'еры перамагла на турніры WTA (Брысбен, прызавы фонд $220 тыс.), перайграўшы францужанку Марыён Барталі. Раней Вікторыя 4 разы доходзіла да фіналаў падобных турніраў. У сярэдзіне студзеня Азаранка заняла ў сусветным рейтынгу 14-ю пазіцыю. На Адкрытым чампіянаце Аўстраліі (Australian Open) Азаранка была расстаўлена з нумарам 13 і дайшла да чацвёртага кругу, дзе яе суперніцаю стала амерыканка Сярэна Уільямс. Пры ліку 6-3, 2-4 Вікторыя мусіла адмовіцца ад далейшае барацьбы ў сувязі з праблемамі са здароўем.

22 лютага 2009 года Вікторыя Азаранка стала пераможцай турніру WTA Regions Morgan Championships-2009, які праходзіў у Мэмфісе (ЗША). Гэты турнір яна выйграла не толькі ў адзіночным, але і ў парным разрадах (разам з датчанкаю Каралін Вазняцкі).

У сакавіку 2009 года на турніры ў Індыян-Уэлсе (ЗША) з агульным прызавым фондам $4,5 млн. Вікторыя Азаранка стала пераможцай жаночых парных спаборніцтваў (разам з расіянкаю Верай Званаровай) і дайшла да паўфіналу ў адзіночным разрадзе. У апублікаваным 23 сакавіка 2009 года рэйтынгу WTA Азаранка заняла 10-ю пазіцыю, як у адзіночным, так і ў парным разрадах, упершыню ў кар'еры прабіўшыся ў дзясятку мацнейшых тэнісістак свету.

4 красавiка 2009 года найлепшая беларуская тэнісістка стала пераможцаю супер-турніру WTA ў Маямі з прызавым фондам $4,5 млн. На шляху да перамогі яна перайграла аўстралійку Саманту Стосур, расіянку Святлану Кузняцову і ўпершыню — Сярэну Уільямс. Пасля трыумфу на кортах Маямі Азаранка ў рэйтынгу WTA перамясцілася на 8-ю пазіцыю.

На турніры ў Рыме Вікторыя дасягнула паўфіналу, дзе прайграла Святлане Кузняцовай. На турніры ў Мадрыдзе беларуская тэнісістка спынілася на стадыі трэцяга кругу, затое ўдзел у Адкрытым чампіянаце Францыі (Roland Garros) атрымаўся досыць удалым: будучы расстаўленаю ў адзіночным разрадзе з нумарам 9, Вікторыя дайшла да чвэрцьфіналу, абыграўшы мінулагоднюю пераможцу сербку Ану Іванавіч, але саступіўшы ва ўпартым трохсэтавым паядынку першай ракетцы турніру расіянцы Дынары Сафінай (6-1 4-6 2-6). У парным разрадзе Вікторыя выступала з расіянкаю Аленай Вяснінай і дайшла да фіналу спаборніцтваў.

На Уімблдоне Вікторыя Азаранка атрымала ад арганізатараў 8 нумар у сетцы спаборніцтваў і дайшла да чвэрцьфіналу, саступіўшы будучай пераможцы турніру Сярэне Уільямс з лікам 2-6, 3-6.

Па выніках 2009 года ў рэйтынг-лісце WTA Вікторыя Азаранка заняла 7-е месца, выйграўшы 45 з 60 праведзеных матчаў, здабыўшы тры тытулы ў адзіночным і два — у парным разрадах і ўпершыню ў кар'еры адабраўшыся на Выніковы турнір WTA.

2010[правіць | правіць зыходнік]

У студзені Вікторыя дайшла да чвэрцьфіналу турніру ў Сіднэі, прайграўшы расіянцы Алене Дзяменцьевай, на Адкрытым чампіянаце Аўстраліі на чвэрцьфінальнай стадыі саступіла ва ўпартым трохсэтавым паядынку Сярэне Уільямс, а ў лютым на турніры ў Дубаі дайшла да фіналу, дзе прайграла былой першай ракетцы свету Вінус Уільямс. Увесь час Азаранка мела сур'ёзныя праблемы са здароўем і кепскімі фізічнымі кандыцыямі, у выніку чаго страціла больш за 10 пазіцый у рэйтынгу WTA. Усплёск адбыўся напрыканцы лета: 1 жніўня 2010 года Вікторыя Азаранка выйграла турнір у Стэнфардзе (Каліфорнія, ЗША) з прызавым фондам $700 тыс., у фінале перайграўшы дзейсную на той момант чампіёнку турніру Марыён Барталі. наступным стаў турнір у амерыканскім горадзе Цынцынаці. Сыграўшы толькі адзін матч у адзіночным разрадзе, у парным Вікторыя (разам з расіянкаю Марыяй Кірыленкаю) здабыла першы за больш чым год тытул. Увосень Азаранка дайшла да паўфіналу турніру ў Токіа, а 24 кастрычніка ў Маскве беларуская тэнісістка выйграла Кубак Крамля. Дасягнутыя вынікі дазволілі беларусцы вярнуцца ў Топ-10 WTA і зноў удзельнічаць у Выніковым турніры WTA ў Досе.

2011[правіць | правіць зыходнік]

Сезон-2011 пачаўся для Вікторыі дасягненнем чвэрцьфіналу турніру ў аўстралійскім Сіднэі, дзе яна саступіла бяльгійцы Кім Клістарс, а таксама не зусім удалым выступленнем на Australian Open, дзе яна прайграла кітайскай тэнісістцы Лі На ў чацвёртым крузе. У парным разрадзе на турніры ў Мельбурне дуэт Азаранка-Кірыленка дайшоў да фіналу, але здабыць тытул у беларуска-расійскага тандэму не атрымалася.

2 красавіка 2011 года Вікторыя Азаранка ў другі раз стала пераможцай на буйным турніры ў амерыканскім Маямі, пасля чаго ўзнялася на 6-ы радок сусветнага тэніснага рэйтынгу. 10 красавіка яна выйграла тэнісны турнір з прызавым фондам $220 тыс. у іспанскай Марбэллі і ўпершыню ў кар'еры заняла 5-ы радок сусветнага тэніснага рэйтынгу. На грунтовым турніры ў Мадрыдзе Азаранка дасягае фіналу, саступіўшы ў зацятай барацьбе чэшцы Квітавай, а ў Рыме на стадыі чвэрцьфіналу вымушаная адмовіцца ад барацьбы з-за праблемаў са здароўем. У парным разрадзе Азаранка працягвае супрацоўніцтва з расіянкаю Марыяй Кірыленкаю, дайшоўшы да паўфіналаў ў Дубаі і Індыян-Уэлсе. На супертурніры ў Мадрыдзе беларуска-расійскі дуэт выйграе тытул, а на Roland Garros дзяўчыны даходзяць да чвэрцьфіналу. У адзіночным разрадзе на кортах Roland Garros Вікторыя таксама спыняецца на чвэрцьфінальнай стадыі, не змогшы знайсці аргументаў супраць кітаянкі Лі. На Уімблдоне Вікторыя дайшла да паўфіналу, у якім саступіла ў трох сэтах чэшцы Петры Квітавай. У парным разрадзе Азаранка/Кірыленка здабываюць галоўны трафей турніру ў Стэнфардзе і даходзяць да фіналу ў канадскім горадзе Таронта. У верасні 2011 года Азаранка ўзнялася на трэцяе месца ў сусветным рейтынгу WTA. Дасягнуты чвэрцьфінал у парным разрадзе на турніры ў Токіа, а ў адзіночным разрадзе Азаранка здабывае чарговы тытул на турніры ў Люксембурзе. На Выніковым чампіянаце Жаночай тэніснай асацыяцыі ў Стамбуле Вікторыя ўпэўнена даходзіць да фіналу, дзе зноў саступае Петры Квітавай.

2012[правіць | правіць зыходнік]

Сезон-2012 пачынаецца ў высокім тэмпе. 13 студзеня 2012 года Вікторыя Азаранка выйграла турнір у Сіднэі (Аўстралія) з прызавым фондам $637 тыс. 28 студзеня 2012 года выйграла Australian Open, стаўшы, такім чынам, першаю ў гісторыі тэніса прадстаўніцаю Беларусі — пераможцаю турніру Вялікага шлема ў адзіночным разрадзе (першаю беларускаю ў фінале турніраў Вялікага Шлема была Наталля Зверава). У фінальным матчы Азаранка літаральна разграміла Марыю Шарапаву (6:3, 6:0). З 30 студзеня па 10 чэрвеня 2012 года Азаранка ўзначальвала сусветны рейтынг WTA. У гэты перыяд Вікторыя выйграла прадстаўнічы турнір у Досе (Катар) і турнір катэгорыі Premier Mandatory ў амерыканскім горадзе Індыян-Уэлс. Пераможная серыя Азаранкі з пачатку года склала 26 матчаў. Пачынаючы з канца сакавіка назіралася пагаршэнне вынікаў. Пераможная серыя Азаранкі перарвалася ў чвэрцьфінале турніру ў Маямі (прызавы фонд — больш за $4.828 тыс.), дзе Вікторыя саступіла францужанцы Марыён Барталі. У турніры катэгорыі Premier Series у Штутгарце (ФРГ) з прызавым фондам $740 тыс. Вікторыя, аднак, дайшла да фіналу, у якім упершыню за доўгі час саступіла Марыі Шарапавай. У прадстаўнічым турніры катэгорыі Premier Mandatory ў Мадрыдзе (прызавы фонд — больш за $5.189 тыс.) Азаранка зноў дайшла да фінальнай стадыі, але зноў прайграла, тым разам Сярэне Уільямс. Не надта паспяховае выступленне на Адкрытым чампіянаце Францыі (прайграла ў 4 крузе славачцы Дамініцы Цыбулкавай) не дазволіла Азаранцы ўтрымацца на вяршыні рэйтынгу, і яна на 4 тыдні саступіла першы радок расіянцы Марыі Шарапавай. На кортах Уімблдону Вікторыя вельмі ўпэўнена прайшла па турнірнай сетцы, але ў паўфінале зноў саступіла Сярэне Уільямс, якая на працягу матчу выдала рэкордную серыю эйсаў. На Алімпійскіх гульнях у Лондане беларуская змяшаная тэнісная пара ў складзе Максіма Мірнага і Вікторыі Азаранкі выйграла золата — беларускія тэнісісты сталі алімпійскімі чампіёнамі. У адзіночным разрадзе Вікторыя Азаранка прайграла ў паўфінале будучай алімпійскай чампіёнцы амерыканцы Сярэне Уільямс, але выйграла матч за бронзавы мядаль у расіянкі Марыі Кірыленкі. Пасля Алімпіяды Азаранка вярнулася на вяршыню рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі і ўтрымлівала лідарства на працягу 32 тыдняў. За гэты час Вікторыя дайшла да фіналу Адкрытага чампіяната ЗША, саступіўшы ў зацятай 3-сэтавай барацьбе малодшай з сясцёр Уільямс (Азаранка вяла ў апошнім сэце 5:3, але двойчы не выкарыстала шанец здабыць галоўны трафей турніру), восенню выйграла прэстыжны Адкрыты чампіянат Кітая, стаўшы першаю тэнісісткаю, у якой атрымалася выйграць два супер-турніры катэгорыі Premier Mandatory за адзін сезон (першы Вікторыя выйграла ў Індыян-Уэлсе), а таксама турнір WTA ў Лінцы. Такім чынам, у сезоне-2012 Азаранка выйграла 6 турніраў, давёўшы колькасць тытулаў да 14. На Выніковым чампіянаце ў Стамбуле Азаранка спынілася на стадыі паўфіналу, прайграўшы Марыі Шарапавай, але нягледзячы на гэта, захавала за сабою тытул лідара сусветнага рэйтынгу. Таксама Азаранка за 2012 год зарабіла рэкордную суму прызавых грошай, абагнаўшы па гэтым паказчыку Сярэну Уільямс.

2013[правіць | правіць зыходнік]

26 студзеня 2013 года Вікторыя Азаранка другі раз запар выйграла Australian Open, перамогшы ў драматычным трохсэтавым паядынку кітайскую тэнісістку Лі На (5 нумар сусветнага рэйтынгу), а 17 лютага паспяхова абараніла тытул пераможцы турніру ў Досе, упершыню з 2009 года перамогшы Сярэну Уільямс. Аднак гэтая перамога не дазволіла Азаранцы ўтрымаць першы радок у рэйтынгу WTA, паколькі яна не атрымала за перамогу новых пунктаў, у адрозненне ад Уільямс, якая летась не ўдзельнічала ў гэтым турніры. Пачынаючы з 18 лютага Вікторыя Азаранка — на другім месцы ў рэйтынгу, а яе лідарства працягвалася агулам 51 тыдзень — гэта 10 вынік ад пачатку Адкрытай эры і трэці — сярод дзейсных спартсменак (Сярэна Уільямс — 124 тыдні, Каралін Вазняцкі — 67 тыдняў). Пасля перамогі ў Досе Вікторыя адмовілася ад удзелу ў прадстаўнічым турніры ў Дубаі з прычыны траўмы. Паводле рашэння Жаночай тэніснай асацыяцыі, за адмову Вікторыя была аштрафанавая на 100 тысяч долараў. На турніры ў Індыян Уэлс Азаранка не абараніла тытулу, не выйшаўшы ў чвэрцьфінале на матч супраць Каралін Вазняцкі з прычыны траўмы правага галенастопу. Гэтая траўма перашкодзіла тэнісістцы выступіць на турніры ў Штутгарце, дзе летась яна дайшла да фіналу. Затое на супертурніры ў Рыме Вікторыя палепшыла леташні вынік, дайшоўшы да фіналу. У матчы за тытул яна саступіла ў дзвюх партыях Сярэне Уільямс. Тым не менш, фінал у Рыме дазволіў Вікторыі ўвайсці ў т.зв. Клуб 20 мільёнаў: беларуская тэнісістка стала наймаладзейшаю з 10 тэнісістак у гісторыі тэніса, што зарабілі за кар'еру больш за 20 мільёнаў долараў прызавых.

Перад пачаткам Адкрытага чампіянату Францыі Вікторыя Азаранка займала 3 месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі і 3 месца ў Чампіёнскай гонцы WTA. Выступленні ў Парыжы прайшлі ўдала: беларуская тэнісістка ўпершыню ў кар'еры дайшла да паўфіналу спаборніцтваў, дзе саступіла ва ўпартай барацьбе ў трох сэтах леташняй чампіёнцы Марыі Шарапавай. Такія вынікі дазволілі Азаранцы заняць другое месца ў рэйтынгу, абышоўшы Шарапаву, якая не здолела абараніць мінулагодніх пунктаў. Пасля выступлення на парыжскіх кортах у актыве Вікторыі Азаранкі — паўфіналы ўсіх турніраў Вялікага Шлема (Уімблдон — 2011, 2012, Адкрыты чампіянат Францыі — 2013), фінал Адкрытага чампіянату ЗША (2012), а таксама дзве перамогі на Адкрытым чампіянаце Аўстраліі (2012, 2013).

Выступленне на Уімблдоне скончылася для беларускай тэнісісткі ў першым крузе: у матчы супраць партугальскай тэнісісткі Марыі Кэлер на пачатку другога сэта Вікторыя атрымала траўму калена, і нягледзячы на тое, што сустрэчу першага кругу давяла да перамогі (6:1, 6:2), на гульню другога кругу ўжо не выйшла. У выніку Азаранка страціла 1300 пунктаў і саступіла 2-ю пазіцыю ў рэйтынгу Марыі Шарапавай.

Пасля доўгага рэабілітацыйнага перыяду Вікторыя Азаранка ўзяла ўдзел у прадстаўнічым турніры ў Карлсбадзе, дзе, адолеўшы, сярод іншых, італьянку Франчэску Ск'явонэ і сербку Ану Іванавіч, дайшла да фіналу спаборніцтваў, саступіўшы ў матчы за тытул Саманце Стосур у двух сэтах (2:6, 3:6). Тым не менш, у рэйтынгу Азаранка зноў абышла Марыю Шарапаву, стаўшы другой ракеткаю свету. Пасля гэтага Вікторыя адмовілася ад удзелу ў турніры ў Таронта з-за боляў у спіне і выйшла на корт на супертурніры ў Цынцынаці ў амерыканскім штаце Агая. На шляху да фіналу яна перамагла амерыканку Ваню Кінг, славачку Магдалену Рыбарыкаву, сербку Алену Янкавіч і датчанку Каралін Вазняцкі, а ў фінале ў зацятай барацьбе другі раз у сезоне і трэці раз у кар'еры адолела Сярэну Уільямс — 2:6, 6:2, 7:6 (8:6). Тытул пераможцы Цынцынаці стаў для Вікторыі Азаранкі 3-м у сезоне і 17-м у кар'еры. Здабытыя рэйтынгавыя пункты ў пэўным сэнсе дапамаглі кампенсаваць страту пунктаў за леташні паўфінал Уімблдону. Перад пачаткам Адкрытага чампіянату ЗША Вікторыя Азаранка павялічыла адлегласць ад 3-га месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (Шарапавай) і выйшла на 2 месца ў Чампіёнскай гонцы WTA. На нью-ёрскіх кортах Азаранка паўтарыла сваё леташняе дасягненне, дайшоўшы да фіналу спаборніцтваў, дзе зноў у трох сэтах (5:7, 7:6 (8:6), 1:6) саступіла лідару сусветнага рэйтынгу Сярэне Уільямс. Восеньская азіяцкая серыя турніраў скончылася для Вікторыі безвынікова: у Токіа яна саступіла ў першым крузе экс-першай ракетцы свету Вінус Уільямс, а ў першым крузе Адкрытага чэмпіянату Кітая — нямецкай тэнісістцы Андрэа Петкавіч. Такім чынам, да Выніковага турніру Азаранка падышла, страціўшы істотную колькасць пунктаў з леташніх азіяцкіх турніраў, але захавала другую пазіцыю ў сусветным рэйтынгу. Групавы этап беларуская тэнісістка пачала з перамогі. На жаль, выйсці з групы Вікторыі перашкодзіла траўма. Аднак па выніках года Азаранка захавала другое месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі, апярэджваючы трэцюю ракетку свету — кітаянку На Лі — на 2 тысячы пунктаў.

2014[правіць | правіць зыходнік]

Выступленні ў сезоне-2014 Вікторыя Азаранка распачала на аўстралійскім кантыненце — на турніры ў Брысбэне, які беларуская спартсменка ўжо выйгравала ў 2009 годзе. Тым разам, дайшоўшы да фіналу, Вікторыя прайграла заўзятай канкурэнтцы Сярэне Уільямс з лікам 4:6, 5:7. Тым не менш, Вікторыя здабыла дадатковыя пункты, бо летась на гэтым турніры дайшла толькі да паўфіналу (адмовілася выходзіць на паўфінальны матч з прычыны траўмы).

Абарона тытулу чэмпіёнкі Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі была сарвана польскай тэнісісткай Агнешкай Радванскай — у чвэрцьфінальным паядынку Вікторыя нечакана саступіла ў трох сэтах менш тытулаванай польцы, якая, аднак, не прайшла далей за паўфінальную стадыю. Па выніках Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі Азаранка захавала 2-гі радок у рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі, але яе перавага над чэмпіёнкай турніру на кортах Мельбурна кітаянкай На Лі склала ўсяго 11 пунктаў.

Перамогі ў турнірах WTA Tour у адзіночным разрадзе[правіць | правіць зыходнік]

  • 2009 — Брысбен (Аўстралія)
  • 2009 — Мэмфіс (ЗША)
  • 2009 — Маямі (ЗША)
  • 2010 — Стэнфард (ЗША)
  • 2010 — Масква (Расея)
  • 2011 — Люксембург (Люксембург)
  • 2011 — Марбэлля (Іпанія)
  • 2011 — Маямі (ЗША)
  • 2012 — Сідней (Аўстралія)
  • 2012 — Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі (Мельбурн, Аўстралія)
  • 2012 — Доха (Катар)
  • 2012 — Індыян-Уэлс (ЗША)
  • 2012 — Адкрыты чэмпіянат Кітая (Пякін, КНР)
  • 2012 — Лінц (Аўстрыя)
  • 2013 — Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі (Мельбурн, Аўстралія)
  • 2013 — Доха (Катар)
  • 2013 — Цынцынаці (ЗША)

Перамогі ў турнірах WTA Tour у парным разрадзе[правіць | правіць зыходнік]

  • 2006 — Ташкент (Узбекістан) — у пары з Таццянай Пучак
  • 2009 — Мэмфіс (ЗША)- у пары з Каралін Вазняцкі
  • 2009 — Індыян-Уэлс (ЗША) — у пары з Верай Званаровай
  • 2010 — Цынцынаці (ЗША) — у пары з Марыяй Кірыленкай
  • 2011 — Мадрыд (Іспанія) — у пары з Марыяй Кірыленкай
  • 2011 — Стэнфард (ЗША) — у пары з Марыяй Кірыленкай

Перамогі ў змяшаным парным разрадзе[правіць | правіць зыходнік]

  • 2007 — Адкрыты чэмпіянат ЗША — у пары з Максімам Мірным
  • 2008 — Адкрыты чэмпіянат Францыі — у пары з Бобам Браянам
  • 2012 — Алімпійскія гульні ў Лондане — у пары з Максімам Мірным

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Азаренко Виктория // Кто есть кто в Республике Беларусь: Электронный справочник; БДГ on-line. — Эл. ресурс bdg.by

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons