Габустан
Габустан* | |
---|---|
Qobustan, Gobusstan** | |
Сусветная спадчына ЮНЕСКА | |
![]() | |
Тып | Прыродны, змешаны, культурны |
Крытэрыі | VII, VIII, IX, X |
Спасылка | 1 |
Рэгіён*** | Азія |
Гісторыя ўключэння | |
Уключэнне | 2007 (31 сесія) |
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА» ** Назва ў афіцыйным англ. спісе *** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА |
Габуста́н (азер. Qobustan) — мясцовасць на ўсходзе Азербайджана. На яе тэрыторыі размешчаны Габустанскі дзяржаўны гісторыка-мастацкі запаведнік, уключаны ў 2007 годзе ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Агульная плошча — 3 096 га. Запаведная зона — 537 га.
Прырода і геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Габустан уяўляе сабою частку шырокай узгорыстай тэрыторыі, якая цягнецца ад паўднёвага ўсходу Вялікага Каўказа да паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Каспійскага мора, пакрытую бяссцёкавымі ярамі габу. Гэта пустынная або паўпустынная мясцовасць, моцна парэзаная часовымі вадацёкамі. Пераважаюць невысокія астанцы з асадкавых парод і долы з западзінамі і вапняковымі адкладаннямі. Сустракаюцца саланчакі і гразевыя вулканы.
Клімат субтрапічны засушлівы. Раслінны і жывёльны свет характэрны для пустынь і паўпустынь. Флора прадстаўлена ясноткавым разнатраўем, рознымі відамі хмызнякоў і малых дрэў, у тым ліку дзікім вінаградам, карлікавым яварам, ядлоўцам і інш. Рэдкія сёння прадстаўнікі фаўны — лісы, змеі, яшчаркі, курапаткі, трусы і г. д.
Частка Габустана і суседніх земляў выкарыстоўваецца ў гаспадарчых мэтах для адгоннай жывёлагадоўлі і здабычы нафты.
Спадчына[правіць | правіць зыходнік]
У 1930-ых гг. на тэрыторыі Габустана былі знойдзены шматлікія пятрогліфы, найбольш старажытныя з якіх адносяцца да эпохі мезаліту, а таксама пячорныя і адкрытыя стаянкі і пахаванні людзей той пары. Частка малюнкаў высякалася на камянях, калі клімат быў бліжэй да трапічнага, і мясцовая прырода нагадвала саванну з багатай флорай і фаўнай. Пятрогліфы, пакінутыя 10 тыс. гадоў таму, адлюстроўваюць жывёльны свет - джэйранаў, дзікіх коз, коняў, львоў, розных птушак, яшчарак, змей і г. д.
Акрамя таго, вядомы сілуэтныя малюнкі людзей. Некаторыя выкананы амаль у натуральную велічыню. У 7 - 4 тыс. да н. э. высякаліся дынамічныя сцэнкі палявання на быкоў. Мужчыны на петрагліфічных партрэтах апранутыя ў насцегнавыя павязкі, узброеныя лукамі і стрэламі. На целах жанчын бачна татуіроўка. Каспійскае мора перыядычна падыходзіла да мясцовых узгоркаў, таму прысутнічаюць малюнкі грабцоў на лодках. Разам з імі сустракаюцца выявы сонца, што можа сведчыць пра сакральны характар пятрогліфаў, якія сімвалізіравалі "плаванне" сонца па небе.
Малюнкі і надпісы на камянях наносіліся аж да сярэднявечча. З эпохі бронзы яны выконваліся металічнымі прыладамі. Прычым, познія пятрогліфы ўсё больш схематычныя, малыя ў памерах. Надпіс на лаціне адносяць да позняй антычнасці, калі ў гэтай мясцовасці прысутнічалі рымскія легіянеры. Надпісы на персідскай і арабскай мовах - да больш позняга часу.
Акрамя таго, Габустан уражвае сваёй незвычайнай прыродай - камянямі і скаламі дзіўнай формы, ярамі, гразевымі вулканамі.
Габустан двойчы наведваў Тур Хеердал.
Галерэя[правіць | правіць зыходнік]
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Афіцыйны сайт запаведніка
- Габустан на сайце ЮНЕСКА
- Наскальныя малюнкі Габустана
- Qobustan petroglyphs
![]() |
Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб'ект № 1076 рус. • англ. • фр. |