Гары Потэр і Прынц-паўкроўка
Гары Потэр і Прынц-паўкроўка | |
---|---|
Harry Potter and the Half-Blood Prince | |
![]() | |
Жанр | фэнтэзі |
Аўтар | Джаан Роўлінг |
Мова арыгінала | англійская |
Дата першай публікацыі | 16 ліпеня 2005 |
Выдавецтва | Bloomsbury |
Цыкл | Гары Потэр |
Папярэдні | Гары Потэр і Ордэн Фенікса |
Наступны | Гары Потэр і Дары Смерці |
![]() |
Гары Потэр і Прынц-паўкроўка (англ.: Harry Potter and the Half-Blood Prince) — шосты і перадапошні раман з серыі пра Гары Потэра, напісанай Джаан Роўлінг. Раман распавядае пра шосты год Гары Потэра, маладога чараўніка, у школе вядзьмарства і чараўніцтва «Хогвартс», падчас якога ён даследуе мінулае свайго ворага Лорда Волдэмарта і разам з сваім дырэктарам і настаўнікам Альбусам Дамблдарам рыхтуецца да апошняй бітвы супраць яго.
Кніга была выдадзена 16 ліпеня 2005 года ў Вялікабрытаніі выдавецтвам «Bloomsbury», у Злучаных Штатах выдавецтвам «Scholastic Inc» і ў шэрагу іншых краін. У першыя 24 гадзіны пасля публікацыі было прададзена 9 мільёнаў копій, што было рэкордам, пакуль апошняя частка серыі, «Гары Потэр і Дары Смерці», не пабіла яго. Раман быў прыняты ў цэлым станоўча і выйграў некалькі прэмій і ўзнагарод, у тым ліку атрымаў прэмію «Кніга года ў Брытаніі» у 2006 годзе.
Крытыкі адзначылі, што тон рамана цямней, чым у папярэдніх частак серыі, але ў ім прысутнічае і гумар. Некаторыя вылучылі асноўныя тэмы кнігі: любоў і смерць, давер і адкупленне. Таксама было заўважана і развіццё характараў Гары і іншых персанажаў-падлеткаў.
Экранізацыя рамана, прэм'ера якой адбылася 15 ліпеня 2009 года, атрымала больш за $934 мільёны у пракаце, а таксама ў большасці спрыяльныя водгукі ад кінакрытыкаў.