Герміёна Грэйнджэр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гэты артыкул з'яўляецца часткай цыкла артыкулаў пра чароўны свет Гары Потэра.
Персанаж свету Гары Потэра
Герміёна Грэйнджэр
Пол жаночы
Колер валасоў каштанавы
Дата нараджэння 29 верасня 1979[1]
Факультэт Грыфіндор
Чысціня крыві Магланароджаная
Бок Ордэн Фенікса, Атрад Дамблдара, Клуб Смаўжоў
Патронус Выдра
Богарт Мінерва Мак-Гонагал, якая паведамляе ёй пра правал на ўсіх экзаменах (трэцяя кніга)
Чарадзейная палачка Вінаградная лаза і сардэчная жыла дракона, 10¾ цалі[2]
Першае з'яўленне «Філасофскі камень»
Роля ў фільмах Эма Уотсан

Герміёна Джын Грэ́йнджэр (англ.: Hermione Jean Granger , /hərˈmaɪ.əni ˈdʒiːn ˈɡreɪndʒər/; 19 верасня 1979[1]) — адна з галоўных гераінь цыклу раманаў пра Гары Потэра нароўні з Гары Потэрам і Ронам Уізлі.

Імя[правіць | правіць зыходнік]

Імя «Герміёна» мае грэчаскае паходжанне і звязана з імем бога Гермеса. У антычнай міфалогіі Герміёна (грэч. Ερμιόνη) — імя дачкі спартанскага цара Менелая і Алены. Роўлінг, аднак, запазычыла гэта імя не з грэчаскага міфа, а з «Зімовай казкі» Шэкспіра, дзе гэта імя носіць каралева, маці страчанай прынцэсы Страты. Пісьменніца спецыяльна абрала рэдка сустракаемае імя, каб цёзак кніжнай гераіні не цвялілі ў школах[3].

Роля ў кнігах[правіць | правіць зыходнік]

Кніга першая[правіць | правіць зыходнік]

Гары і Рон едуць на Хогвартс-Экспрэсе і сустракаюць Герміёну. Яны прызнаюць яе занадта разумнай усёзнайкай. У Хогвартсе яны ўвесь час сварацца з ёй з-за яе трапятлівага стаўлення да правіл.

Падчас Хэлоўіна адбываецца яшчэ адна сутычка з-за таго, што Грэйнджэр «занадта шмат ведае». Аднак у гэты ж дзень Гары і Рон, парушыўшы пры гэтым загад разыходзіцца па спальнях, ратуюць яе ад чатырохмятровага горнага троля. Герміёна ўсю віну бярэ на сябе, і ў тройцы наладжваюцца добрыя адносіны. Дзеці становяцца лепшымі сябрамі.

Герміёна дапамагае Гары адправіць Норберта, цмока Хагрыда, да Чарлі, брата Рона. Пры гэтым яны з сябрам парушаюць правілы школы і зарабляюць пакаранне ў Забароненым лесе.

Калі ўсе трое адпраўляюцца на пошукі Філасофскага каменя, Герміёна вызваляе сяброў з абдымкаў д'ябальскіх сілоў — слізкай паўзучай расліны, і вырашае загадку Снэйпа, заснаваную не на чарадзейных ведах, як усе папярэднія закляцці аховы філасофскага каменя, а на чыстай логіцы.

На банкеце з нагоды канца навучальнага года Герміёна атрымлівае 50 дадатковых ачкоў за «ўменне выкарыстоўваць халодную логіку перад тварам полымя».

Кніга другая[правіць | правіць зыходнік]

Герміёна з'яўляецца на старонках другой кнігі Гары Потэр і Тайны пакой у трэцяй главе, калі Гары прыязджае ў «Нару», дом сямейства Уізлі.

Калі Гары, Рон і Герміёна вырашаюць стварыць Пераваротнае зелле, Грэйнджэр, выкарыстоўваючы ліслівасць, атрымлівае ў Локанса дазвол узяць у бібліятэцы кнігу «Моцнадзейныя зеллі». У далейшым Гары і Герміёне ўдаецца выкрасці інгрэдыенты з кабінета Снэйпа. Герміёна бярэ для зелля валасоў з пінжака Мілісенты Булстраўд са Слізерына, з якой яна білася ў дуэльным клубе. Але Герміёне трапляецца волас яе кошкі, і яна ператвараецца ў паўчалавека-напаўжывёліну, пасля чаго яна вымушана была доўга лячыцца.

Пазней на Герміёну здзяйсняецца напад і яна мярцвее, як і папярэднія ахвяры монстра Тайнага пакоя. Аднак, пабываўшы перад гэтым у бібліятэцы, яна разумее, што гэта пачвара — Васіліск, і вырывае старонку з кнігі пра Васіліска, на якой піша слова «трубы». Старонка была знойдзена ў яе ў змярцвелай руцэ. Сябры зразумелі, што пачвара Тайнага Пакоя перамячшаецца па каналізацыі. Пазней выкладчык травалогіі прафесар Сцебль зрабіла адвар з мандрагор і ажывіла ўсіх ахвяр Васіліска, у тым ліку і Грэйнджэр.

З-за нападаў іспыты адмяняюцца, і Герміёна вельмі засмучана.

Кніга трэцяя[правіць | правіць зыходнік]

На канікулах Герміёна едзе з бацькоў у Францыю і пасылае Гары на дзень нараджэння падарунак — набор па догляду мятлы.

У Касым завулку Грэйнджэр сустракае Рона, а затым і Гары. У «Чароўным звярынцы» купляе ката Жываглота.

У Хогвартсе Грэйнджэр атрымлівае ад Мак-Гонагал, дэкана іх факультэта, Махавік часу, з дапамогай якога яна можа наведваць усе навучальныя прадметы, якія цікавяць яе (нягледзячы на накладкі ў раскладзе).

У Герміёны пачынае развівацца непрыязнасць да прадраканняў і ў лютым, палаяўшыся з прафесарам Трэлоні, яна кідае вывучэнне гэтага прадмета.

На Калядных канікулах Герміёна даведваецца, што Гары падарылі лепшую ў свеце мятлу — «Маланку». Яна падазрае, што мятлу мог даслаць Сірыус Блэк, наклаўшы на яе кучу смяротных закляццяў і распавядае пра падарунак прафесару Мак-Гонагал. Тая забірае мятлу ў Гары. З-за гэтага ў сяброў адбываецца чарговая сварка, але неўзабаве мятлу вяртаюць. Затым з'яўляецца падазрэнне, што Жываглот з'еў пацука Рона, Рон крыўдзіцца на Грэйнджэр і яны не размаўляюць некалькі тыдняў. Герміёне самотна, яна часта ходзіць да Хагрыда і плача ў яго. Таксама яна дапамагае яму падрыхтавацца да абароны Клювакрыла ў судзе. Пасля вынясення Клювакрылу смяротнага прысуду мірыцца з Ронам і ў той жа дзень б'е Малфая па твары за насмешкі над Хагрыдам.

Герміёна адзіная з вучняў, хто здагадаўся, што прафесар Люпін пярэварацень, але нікому не гаворыць праўды, нават Гары і Рону. У канцы года Герміёна бліскуча здае экзамены, толькі на экзамене па Абароне ад цёмных мастацтваў не можа зладзіць з богартам. Пазней з дапамогай махавіка часу вяртаецца з Гары на некалькі гадзін у мінулае, каб выратаваць Клювакрыла і Сірыуса.

Кніга чацвёртая[правіць | правіць зыходнік]

На чацвёртым курсе Герміёна пачала ўзмоцнена займацца грамадскай дзейнасцю. А менавіта стварыла арганізацыю Г.А.Ў.Н.Э. (Грамадзянскую Асацыяцыю Узнаўлення Незалежнасці Эльфаў), дзейнасць якой была накіравана на абарону правоў хатніх эльфаў. Гары і Рону яе задума не падабалася. Герміёна дапамагае Гары ў некаторых выпрабаваннях Турніру Трох Чараўнікоў. Мірыць Рона і Гары, калі тыя пасварыліся, але неўзабаве сама сварыцца з Ронам. На Калядны баль ідзе з Віктарам Крамам, лаўцом балгарскай зборнай па квідычы. У канцы года ён запрашае яе да сябе на летнія канікулы.

Кніга пятая[правіць | правіць зыходнік]

На пятым курсе Герміёна стала старастай факультэта Грыфіндор. Яна прапанавала Гары стварыць «Атрад Дамблдара» і прыняла галоўную ролю ва ўтойванні і абароне арганізацыі. Герміёна прыдумала фальшывыя галеоны для таго, каб члены АД маглі па іх даведацца пра дату новага збору. Таксама Герміёна выратавала Гары ад катавання Круцыятусам.

Падчас бітвы ў Міністэрстве Герміёна была паражоная закляццем Антаніна Долахава і на доўгі час знепрытомнела (у фільме б'ецца разам з усімі да з'яўлення цемраборцаў).

Кніга шостая[правіць | правіць зыходнік]

Першая нароўні з Гары і Ронам пачынае негатыўна адносіцца да падручніка Прынца-паўкроўкі і спрабуе высвятліць, каму менавіта належаў падручнік. На адборачных выпрабаваннях па квідычы накладвае на Мак-Лагена закляцце Канфундус і тым самым спрыяе прызначэнню Рона ў каманду на месца брамніка. Праяўляе цікавасць да Рона Уізлі, але той не заўважае гэтага і пачынае сустракацца з Лавандай Браўн. Грэйнджэр у адплату ідзе на званую вячэру да Слізнарта з грыфіндорцам-сямікурснікам Кормакам Мак-Лагенам, але растаецца з ім. Амаль высвятляе, кім з'яўляецца Прынц-паўкроўка, калі знаходзіць інфармацыю пра студэнтку Эйлін Прынц, але не высвятліўшы спачатку, што яна была маці Снэйпа.

Кніга сёмая[правіць | правіць зыходнік]

Герміёна адыгрывае значную ролю ў апошняй, сёмай частцы. Дапамагае шукаць і знішчаць хоркруксы. Ратуе жыццё Гары пры сустрэчы са змяёй Нагайнай. Б'ецца ў бітве за Хогвартс, падчас якой знішчае іклом Васіліска хоркрукс — Чару Пенелопы Пуфендуй.

Далейшы лёс[правіць | правіць зыходнік]

Герміёна пачала сваю кар'еру з Аддзела рэгулявання і кантролю за магічнымі істотамі, дзе спрыяла значнаму паляпшэнню жыцця эльфаў-дамавікоў і іх субратаў. Потым перайшла (нягледзячы на сваю заяву Руфусу Скрымджэру) у Аддзел магічнага правапарадку, дзе займалася выкараненнем несправядлівых законаў, якія абараняюць толькі чыстакроўных магаў.

Выйшла замуж за Рона Уізлі. У іх двое дзяцей — дачка Роза і сын Х'юга. Пасля вышэйапісаных падзей адправілася ў Аўстралію і вярнула бацькам памяць. Пазней вярнулася дамоў разам з імі[4].

Апісанне персанажа[правіць | правіць зыходнік]

У Герміёны карыя вочы і каштанавыя валасы. Знешнасць яе ў кнізе «Гары Потэр і філасофскі камень» апісана так: «дзяўчынка з густымі каштанавымі валасамі… Яе пярэднія зубы былі трохі даўжэйшым, чым трэба». Аднак у кнізе «Гары Потэр і Кубак агню» у Герміёну адскочыла пушчанае Малфаем у Гары заклінанне «Дантысімус», ад якога пярэднія зубы Герміёны выраслі ці ледзь не да падбародка. У Бальнічным Крыле мадам Помфры дала Герміёне люстэрка і загадала сачыць, гледзячы ў яго, пакуль зубы не стануць ранейшага памеру. Герміёна пачакала трошкі больш, і яе зубы сталі роўнымі. Мае ката Жываглота, якога купіла на грошы, атрыманыя на дзень нараджэння ад бацькоў. Менавіта Жываглот першым пазнаў у пацуку Рона Пітэра Петыгру. Спачатку Рон ненавідзеў ката за тое, што той хацеў з'есці Каросту (Петыгру), але пазней яны памірыліся. Калі Сірыус падарыў Рону саву (карлікавага сыча, як высвятлілася ў чацвёртай кнізе) Сычыка, пакрываючы яму такім чынам страту гадаванца, той паднёс яе да пысы ката, каб пераканацца, што з птушкай усё звычайна.

Герміёна вельмі любіць вучыцца і надае гэтаму шмат часу. Часам бывае занадта напышлівай і празмерна ганарыцца сваімі поспехамі ў вучобе. Славалюбівая, на ўроках заўсёды імкнецца адказаць першай і вылучыцца сваімі ведамі, за што многія не без падстаўна лічаць яе ўсёзнайкай. У вачах вучняў са сваім фанатычным імкненнем да парадку і дысцыпліны выглядае залішне правільнай і зануднай, і за гэта з яе часта смяюцца. Гаворыць трохі павучальна і шматслоўна, не губляючы, аднак, логікі (што асабліва прыкметна ў першых кнігах). Лісты піша гэтак жа: доўгімі сказамі са мноствам косак. Яе пісьмовыя працы заўсёды апыняюцца больш аб'ёмнымі, чым было зададзена. Аднак першае ўражанне пра яе апыняецца няправільным: сапраўды, выкананне фармальных правілаў і поспехі ў вучобе для яе шмат значаць, але можна з усёй упэўненасцю сказаць, што ў яе ёсць значна больш значныя каштоўнасці і ідэалы. Яна высока шануе справядлівасць.

У кнізе «Гары Потэр і Ордэн Фенікса» Герміёна прызнаецца, што Капялюш-размеркавальнік прапанаваў ёй абраць Кагтэўран, факультэт, дзе вучацца самыя разумныя студэнты.

Герміёна рэгулярна дапамагае ў вучобе Гары і Рону, тлумачыць ім матэрыял, дае чытаць свае канспекты і нават (вельмі неахвотна) дазваляе спісваць дамашняе заданне. Часта яны прызнаюцца, што без Герміёны ім было б значна складаней вучыцца, і яе дапамога вельмі важная для іх.

У першых кнігах дзівіць назіральнасць Герміёны. Напрыклад, яна адзіная заўважае, на чым стаіць Пушок, у той час як Гары і Рон з вока не выпускаюць з трох страшэнных галоў монстра. Аднаго позірку на багаж выкладчыка, які спіць у купэ, ёй дастаткова, каб убачыць метку прафесара Лупіна. Таксама з усіх вучняў яна адзіная здагадалася, што прафесар Лупін — пярэварацень. У той час, як увага ўсіх прыкавана да Кубка Агню, які раптам выкінуў імя чацвёртага Чэмпіёна, Герміёна ўзіраецца ў Гары. Выраз твару сябра не пакідае ніякіх сумневаў: выбар Кубка для Гары — поўная нечаканасць. Да канца першага тура Турніру Трох Чараўнікоў Герміёна заставалася ледзь не адзінай студэнткай Хогвартса, хто не вінаваціў Потэра ў падмане.

Герміёна — храбрая і адважная дзяўчынка, якая заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу сябрам. Тым не менш, адно з яе слабых месцаў — няўменне дзейнічаць у нестандартнай сітуацыі, калі трэба хутка прымаць рашэнне. З гадамі і гэта яе рыса змяняецца. Можна сказаць, што чэпкая назіральнасць Герміёны паступова дапаўняецца ўменнем хутка арыентавацца ў становішчы. Калі ёй даць хоць бы хвілінку спакойна падумаць, яна знойдзе найлепшае рашэнне. Гэта асабліва яскрава праявілася ў яе паводзінах у кнізе «Гары Потэр і Дары Смерці». Калі Гары, Рон і Герміёна ў чужых абліччах выкрадаюць медальён Слізерына, яна адзіная, хто скеміў сляпіць копію медальёна, каб Далорэс Амбрыдж не заўважыла прапажу; калі Герміёна літаральна ў апошнюю секунду трансгрэсіруе сябе і Гары з дома Бацільды Бэгшат, ратуючыся з лап Валдэморта; калі дзеці пакідалі Ксенафіліуса Лаўгуда, які выдаў іх Пажыральнікам смерці, Герміёна геніяльна вырашае некалькі задач адразу: хавае Рона пад мантыяй-невідзімкай (тым самым выратаўшы сям'ю Уізлі ад расследавання), сцірае памяць містара Лаўгуда пра іх візіт і на кароткае імгненне паказвае пераследнікам Гары Потэра, ратуючы тым самым бацьку і дачку Лаўгудаў ад расправы Пажыральнікаў за «лжывы выклік». Гэтак жа хутка яна пад катаваннямі Белатрысы ў асабняку Малфаяў прыдумляе складаную гісторыю пра падроблены меч Грыфіндора. Дж. К. Роўлінг прызналася, што Герміёна шмат у чым падобная да яе. Патронус Герміёны — выдра, а гэта любімая жывёла Роўлінг. Другое імя Герміёны, Джын (фігуруе ў кнізе «Гары Потэр і Дары Смерці» пры абвяшчэнні завяшчання Альбуса Дамблдара), — жаночы варыянт імя «Джон», гэтак жа як і Джаан, імя Роўлінг.

Бацькі Герміёны — маглы (па прафесіі стаматолагі) і яна, адпаведна, магланароджаная чараўніца.

Крытыка і водгукі[правіць | правіць зыходнік]

  • Герміёна заняла 32-е месца ў рэйтынгу «99 самых гарачых выдуманых жанчын» на партале UGO. Яе кінаўвасабленне назвалі адным з лепшых персанажаў серыі фільмаў, неверагодна разумнай, гатовай на ўсё дзеля сяброў, а таксама вельмі жаноцкай.[5]

Зноскі

  1. а б Доўгі час лічылася, што Грэйнджэр нарадзілася ў 1980-м, у адзін год з Гары і Ронам, але пазней Дж. Роўлінг адзначыла, што для паступлення ў Хогвартс у верасні ёй ужо мусіла быць 11 гадоў — Romione Source(недаступная спасылка)
  2. Pottermore - Hermione Granger
  3. Transcript of National Press Club author's luncheon, NPR Radio, October 20, 1999
  4. Interview with Maggie Keir (transcript). The Leaky Cauldron (30 июля 2007). — «Maggie Keir: Was Hermione able to find her parents and undo the memory damage
    J.K. Rowling: Yes, she brought them home straight away.»  Архівавана з першакрыніцы 15 лютага 2012. Праверана 1 January 2011.
  5. K. Thor Jensen. The 99 Hottest Fictional Women Of 2012 (англ.)(недаступная спасылка). UGO (1 февраля 2012). Архівавана з першакрыніцы 29 чэрвеня 2013.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]