Перайсці да зместу

Горы (Горацкі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Горы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Насельніцтва
  • 640 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2233
Паштовыя індэксы
213424
Аўтамабільны код
6
СААТА
7220808021
Горы на карце Беларусі ±
Горы (Горацкі раён) (Беларусь)
Горы (Горацкі раён)
Горы (Горацкі раён) (Магілёўская вобласць)
Горы (Горацкі раён)

Го́ры[1] (трансліт.: Hory) — аграгарадок у Горацкім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Горскага сельсавета.

Знаходзіцца за 15 км у напрамку на ўсход ад горада Горкі, за 101 км ад Магілёва[2], каля вадасховішча Горы на рацэ Быстрая. Каля аграгарадка пралягае аўтамабільная дарога Р15.

У XII—XIII стагоддзях, на думку М. А. Ткачова, на гарадзішчы зараджаецца адзін са старажытных гарадоў Смаленскага княства[3]. Падобны пункт гледжання падтрымлівае А. А. Мяцельскі, лакалізуючы на гарадзішчы невялікі горад Смаленскага княства — Ізяслаўль[4].

Паводле ўскосных звестак, у першай палове XV стагоддзя паселішча належала друцкаму князю Івану Сямёнавічу Пуцяту, пазней уваходзіла ў Аршанскі павет Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У пісьмовых крыніцах Горы ўпамінаюцца ў 1500 годзе ў сувязі з падзеямі вайны Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай 1500—1503 гг.[5]

Да XVII стагоддзя — цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У канцы XVI стагоддзя ўладальнікам вёскі вялікім канцлерам літоўскім Л. Сапегам закладзены Горскі замак, які меў важнае абарончае значэнне. Пасля адыходу ў 1514 годзе Смаленскай зямлі да Вялікага Княства Маскоўскага замак стаў памежным і не раз трапляў пад удары маскоўскіх войск. Пад абаронай замка вырасла мястэчка, потым «место» Горы Вялікія, якое ў 1619 годзе атрымала ад Сапегі вялікія прывілеі, запісаныя ў асабовай «Уставе». У 1621 годзе ў Гарах 126 аселых і 46 пустых пляцаў. У пачатку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў мястэчка акупіравала маскоўскае войска на чале з князем А. М. Трубяцкім, затым знаходзілася пад загадам палкоўніка К. Паклонскага. Вызвалена ў 1660 годзе. У ходзе барацьбы паміж магнацкімі групоўкамі на мяжы XVII—XVIII стагоддзяў Горы былі заняты войскамі антысапегаўскай канфедэрацыі. Згодна з меркаваннем доктара гістарычных навук Э. Р. Іофэ, у гэты час у Гарах узнікла яўрэйская абшчына[6]. У часы Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў Сапегі перайшлі на бок шведаў. У 1708 годзе мястэчка занята шведскімі войскамі пад камандаваннем караля Карла XII, які, умацаваўшыся ў замку, чакаў тут звестак ад І. Мазепы.

Паводле першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) мястэчка адышло да Расійскай імперыі ў складзе Чавускага павета Магілёўскай губерні, належала графам Салагубам, з пачатку 1830-х гадоў знаходзілася пад казённай апекай. У 1784 годзе ў мястэчку 146 двароў, панскі дом, кузня, царква. У першай палове XIX стагоддзя дзейнічала Горы-Горацкая парусінава-палатняная мануфактура. У вайну 1812 года мястэчка разрабавана французскімі войскамі. У 1860 годзе ў мястэчку 140 драўляных дамоў, царква, яўрэякая малітоўная школа, сукнавальнае прадпрыемства з млынам (заснавана ў 1841 годзе), пачатковая школа (адкрыта ў 1846 годзе). У 1880 годзе — 233 двары, вадзяны млын, 11 крам, драўляная царква. Частка жыхароў, акрамя сельскай гаспадаркі, займалася кравецкім, швецкім і кавальскім рамяством. У 1897 годзе ў мястэчку 273 двары. Побач былі царкоўная (4 двары, 26 жыхароў) і прыватная (1 двор, 9 жыхароў) сядзібы. У 1909 годзе — цэнтр воласці, 285 двароў, валасное праўленне, народнае вучылішча (у 1907/1908 навучальным годзе 40 вучняў), прыёмны пакой (1 фельчар), вадзяны млын, паштовая станцыя.

У красавіку 1918 года выбраны валасны Савет дэпутатаў. У верасні 1918 года адкрыта працоўная школа 2-й ступені (16 вучняў). З 8 красавіка 1918 года мястэчка ў Горацкім павеце, з 26 красавіка 1919 года ў Гомельскай губерні РСФСР, з 27 ліпеня 1922 года ў Смаленскай губерні. У сакавіку 1924 года створана сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, пачалі працаваць хата-чытальня, бібліятэка. У 1924 годзе ў Гарах таксама створана таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі. Ім кіраваў спачатку Л. Гурэвіч, а затым Н. Альтшулер. У 1928 годзе з гэтага таварыства быў створаны яўрэйскі калгас на чале з Н. Альтшулерам. Працаваў таксама калгас, куды ўваходзілі беларусы[7]. У 1929 годзе два калгасы аб’ядналіся пад назвай «Чырвоны сцяг». У вёсцы дзейнічали 2 млыны — вадзяны і нафтавы (з 1932), маслазавод, ільнозавод (з 1933). У 1930-я гады сярэдняя школа, бальніца, аптэка, 2 магазіны, МТС. У 1940 годзе ў вёсцы 200 двароў.

У час Вялікай Айчыннай вайны

[правіць | правіць зыходнік]

30 чэрвеня 1941 года Горы наведаў паэт Янка Купала. Вядома, што ён разам з жонкай начаваў у хаце Гутмана, дырэктара Горскага льнозавода. Назаўтра, досвіткам, машына адправілася ў дарогу. І на мяжы Беларусі Янка Купала папрасіў шафёра спыніць машыну. Уладзіслава Францаўна ўспамінала: «Ля дарогі раскінулася сенажаць, трава была высокая, шмат кветак, непадалёку быў лес, Купала захацеў спыніцца тут. Стомлены, ён выйшаў з машыны, лёг на траву і доўга глядзеў удалячынь — на вачах яго былі слёзы. Гэта было апошняе развітанне з роднай Беларуссю»[8].

З ліпеня 1941 года па 29 верасня 1943 года акупіраваны нямецкімі войскамі.

19 кастрычніка 1941 года фашысты расстралялі яўрэяў вёскі. Сведка тых падзей Ульяна Хадасевіч успамінала: «У нашым мястэчку жыло шмат яўрэяў, яны займалі ўвесь цэнтр Гор. Займаліся рамяством, працавалі ў мясцовым калгасе, у школе, бальніцы, на ільнозаводзе. Калі ў Гарах з’явіліся фашысты, то яўрэяў пазначылі: на спінах прымусілі нашыць жоўтыя зоркі. У пачатку кастрычніка сабралі мужчын-беларусаў і прымусілі капаць вялікую яму на тэрыторыі льнозавода, затым фашысты і паліцэйскія прыгналі больш за 200 чалавек, прымусілі іх распрануцца і голымі класціся ў яму, а затым стралялі. Некаторых закапалі яшчэ жывымі»[9].

Ветэран 70-й стралковай дывізіі Іван Пятровіч Русінаў служыў у дывізіі, якая знаходзілася ў Гарах з лістапада 1943 года па чэрвень 1944 года. У той час гэты чалавек камандаваў асобным лыжным батальёнам, яму было даручана знайсці і ўскрыць пахаванне расстраляных яўрэяў. «Правяраем мерзлую зямлю», — успамінаў Іван Пятровіч. — «І вось знайшлі месца пахавання. У верхнім шэрагу трупы цалкам расклаліся, але калі пайшлі глыбей, сталі даставаць цэлыя. Выцягнулі маладую жанчыну, старога і іншых. Ваенна-медыцынская камісія канстатавала, што некаторыя былі расстраляны, аглушаны прыкладамі, а некаторыя былі закапаны жывымі… Затым адбылося пахаванне ахвяраў фашызму…»[10].

Згодна з дакументам «Акт о зверствах немцев в местечке Горы Могилевской области БССР 16 марта 1944 г.» у Гарах было расстраляна больш за 200 чалавек[11].

Вядома, што выратавацца ўдалося адной сям’і — Лане Шыфрыной і яе сыну Герману. У пачатку вайны яны прыехалі з вёскі Благавічы Чавускага раёна Магілёўскай вобласці ў мястэчка Горы да свайго сваяка Мордухая Шыфрына. Калі немцы прыйшлі ў іх дом, Лане ўдалося пераканаць нацыстаў, што яна руская бежанка па прозвішчы Іванова. Улічваючы, што мясцовыя паліцэйскія яе не ведалі, Шыфрыноў адпусцілі, і яны тэрмінова перабраліся ў іншае месца. Зараз Герман Іваноў (у рэчаіснасці Шыфрын) жыве ў Нямеччыне, а гэтае прозвішча захаваў, бо яно выратавала яму жыццё. Ён стрыечны брат вядомага акцёра Яфіма Шыфрына [12].

У верасні 1943 года нямецкія акупацыйныя ўлады спалілі 180 двароў, знішчылі 93 чалавек[13].

29 верасня 1943 года вёска вызвалена воінамі 70-й стралковай дывізіі 49-й арміі Заходняга фронту.

У канцы сакавіка 1944 года вёску Горы наведлі пісьменнікі Ілья Эрэнбург і Васіль Гросман. У нататцы «В местечке Горы» яны апісалі трагедыю мясцовых яўрэяў[14].

У пасляваенны час

[правіць | правіць зыходнік]

З верасня 1943 года па чэрвень 1944 года ў вёсцы Горы працаваў Горацкі раённы выканкам і райкам партыі[15]. У вёсцы ў 1944 годзе быў адноўлены калгас, пачала працаваць МТС і школа.

У 1954 годзе працаваў калгас імя Хрушчова, з 1957 года — імя Свярдлова. З 1991 года — сельскагаспадарчы кааператыў Горы, зараз — сельскае закрытае акцыянернае таварыства «Горы». Горы маюць статус аграгарадка з 2007 года. У 2010 годзе ў аграгарадку жыло 640 чалавек. Маецца сярэдняя школа, бібліятэка, Цэнтр народнай творчасці, аддзяленне сувязі, філіял банка, паліклініка, некалькі крам. У памяшканні школы працуе музей, які мае званне «Народны». Калектыў мастацкай самадзейнасці «Быстрица», створаны ў 1956 годзе, у 1987 годзе атрымаў званне «Народны».

  • Гарадзішча, замчышча, пасад.
  • Брацкая магіла савецкім воінам.
  • Асобныя магілы савецкім воінам: У. В. Абашкіна, Р. М. Анішчанка, С. С. Крыцкага, А. М. Махліса і А. С. Чарнышова.
  • Помнік землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
  • Помнік ахвярам Халакосту.
  • Помнік М. С. Мандрыкаву, удзельніку ўстанаўлення Савецкай улады на Чукотцы.
  • Помнік М. Р. Цыганковай. У час Вялікай Айчыннай вайны загінула яе шасцёра сыноў.

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  • Аляксандр Пятровіч Герасімаў, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, каля 40 гадоў працаваў старшынёй калгаса, акцыянернага таварыста ў Гарах.
  • Давід Міхайлавіч Міхлін, доктар біялагіяных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі РСФСР.
  • Міхаіл Сяргеевіч Мандрыкаў (1888—1920) — старшыня Першага рэўкама Чукоткі.
  • Даніла Іванавіч Пагуляеў, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар.
  • Уладзімір Сяргеевіч Чатыркін, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР.
  • 1683 год — 16 двароў
  • 1784 год — 930 жыхароў, 146 двароў
  • 1860 год — 1190 жыхароў, 140 двароў
  • 1880 год — 1322 жыхароў, 233 двары
  • 1897 год — 1665 жыхароў, 273 двары
  • 1940 год — 530 жыхароў, 200 двароў
  • 1996 год — 722 жыхары, 244 двары[2]
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  2. а б БелЭн 1997.
  3. Ткачоў, М. А. Замкі і людзі / М. А. Ткачоў; [Навук. рэд. Г. В. Штыхаў]. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. — 182, [2] с. — С. 102. — ISBN 5-343-00880-1.
  4. Гомельщина: археология, история, памятники: секция археологии и нумизматики: Тезисы Второй Гомельской областной науч. конф. По историческому краеведению. — Гомель: [б. и.], 1991. — 103 с. — С. 81 — 82.
  5. Полное собрание русских летописей / АН СССР, Ин-т истории. Т. 32: Хроники: Литовская и Жмойтская, и Быховца. Летописи: Баркулабовская, Аверки и Панцырного / [сост. и ред. тома Н. Н. Улащик]. — М.: Наука, 1975. — 233, [1] с., [4] л. факсим.
  6. Иоффе, Э. Г. Страницы истории евреев Беларуси — Мн.: 1996. С.26
  7. Лившиц, В. М. Горецкая еврейская община: страницы истории -Горки: 2010. С.124
  8. Нехай, Міхась. Сустрэчы на Магілёўшчыне //Полымя, 1982, № 8. — С.213
  9. Ліўшыц, У. М., Ішло ў бяссмерце Горацкае гета. — Горкі: 1995.— С. 8.
  10. Ліўшыц У. М., Ішло ў бяссмерце Горацкае гета. — Горкі: 1995.— С. 9.
  11. Свердлов, Ф. Д. Документы обвиняют. Холокост: Свидетельства Красной Армии — М.:1996. С. 21-22.
  12. Кротова, С. Яго выратавала прозвішча Іваноў// Ленінскі шлях, 1996. 8 мая
  13. Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944): Зборнік / Камітэт па архівах і справаводству, БелНДЦДААС, Аддзел навуковай інфармацыі па гуманітарных навуках АН Беларусі, Беларускі рэспубліканскі фонд «Узаемаразуменне і прымірэнне»; [Рэдкал.: У. М. Міхнюк (стар.) і інш.]. — Мн.: БелНДЦДААС, 1995. — 411 с., 32 л. іл. — С. 122. — ISBN 985-6099-06-4.
  14. Эренбург, И., Гроссман В., Черная книга (О злодейском повсеместном убийстве евреев немецко-фашистскими захватчиками во временно оккупированных районах Советского Союза и в лагерях Польши во время войны 1941—1945 гг.). — Вильнюс: 1993. С.147-148
  15. Ліўшыц, У. М. Горкі:старонкі гісторыі — Мн.: 2007. С. 200.
  • Лившиц, В. М. Горецкая еврейская община: страницы истории -Горки: 2010.124 с., іл.
  • Лившиц, В. М. Горы (к 500-летию первого летописного упоминания) Соавт.: А. П. Герасимов, А. М. Каган, А. М. Пугач.-Горки: отдел культуры Горецкого райисполкома, 1997. — 135 с. ISBN 985-6120-30-6
  • Князева, В. М. Горы / В. М. Князева // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 367. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Могилёвская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2012. — С. 13. — 64 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-173-0. (руск.)
  • Князева, В. Горы / Вольга Князева // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 92—93. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Encyclopedia of Jewish Life before and During the Holocaust. In 3 vol. Volome 1. Washinqton Square.— New York.2000.— S.446.