Грабавыя лясы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Грабнякі)

Гра́бавыя лясы́, грабнякі́, грабнікі[1] (лац.: Carpineta) — група фармацый вытворных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду граб. Пашыраны ва Усходняй Азіі, Еўропе (асабліва Цэнтральнай і Заходняй) і Паўночнай Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. На Каўказе грабавыя лясы створаны грабам каўказскім (Carpinus caucasica), у Крыме — усходнім, або грабіннікам (Carpinus orientalis), у Прымор'і, Карэі, Японіі і Кітаі — прыморскім, або сэрцалістым (Carpinus cordata), у Паўночнай Амерыцы — каралінскім (Carpinus caroliniana), у Еўропе, у т.л. ў Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне, — звычайным, або еўрапейскім (Carpinus betulus). Розныя віды граба утвараюць мяшаныя насаджэнні з дубам і букам.

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

На Беларусі грабавыя лясы складаюць 0,2 % пл. лясоў. Пашыраны пераважна ў паўднёвых, цэнтральных і заходніх раёнах. Утвараюцца звычайна як другасныя (вытворныя) лясы на месцы высечаных ялова-шыракалістых лясоў, таксама арляковых, чарнічных, кіслічных і папарацевых дуброў. Склад і яруснасць іх дрэвастою складаныя. Пераважаюць кондамінантныя фітацэнозы, прадстаўленыя найчасцей маладняком і дрэвастоямі сярэдняга ўзросту: у цэнтральнай частцы ялова-грабавыя, ялова-дубова-грабавыя, хваёва-ялова-дубова-грабавыя, на поўдні дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Вылучаюць 6 тыпаў грабавыя лясы: кіслічныя (64,4 % пл. грабнякоў), сніткавыя, арляковыя, чарнічныя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 30 гадоў. Участак грабавых лясоў у Клічаўскім лясгасе Магілёўскай вобл, т. зв. Бёрдаўскае лесанасаджэнне, што знаходзіцца на паўночна-ўсходняй мяжы суцэльнага пашырэння граба, абвешчаны помнікам прыроды.

Зноскі

  1. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]