Перайсці да зместу

Гідралагічны заказнік Чарэмшыцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чарэмшыцы
Размяшчэнне Беларусь
Плошча 6 200 га
Дата заснавання 1981
physical
Чарэмшыцы
Чарэмшыцы

Гідралагічны заказнік «Чарэмшыцы» — дзяржаўны заказнік рэспубліканскага значэння.

Знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Мядзельскага раёна на поўдзень ад возера Мястра, горада Мядзел паміж вёскамі ГатавічыБрусыУзлаЧарэмшыцы, у міжрэччы рэк Нарачанка і Вузлянка. Каля вытоку Нарачанкі прымыкае да возера Нарач (возера).

Агульная плошча заказніка складае 6,2 тысячы гектараў. На тэрыторыі заказніка знаходзяцца такія азёры, як Белае, Блядка, Выдранік, Млынок, Казінае, Градскае, Падшап’е, Запартава. Заказнік функцыянуе на тэрыторыі Нарачанскага нацыянальнага парку.

Заказнік быў створаны ў 1981 годзе на базе тарфянога радовішча «Чарэмшыцы», які меў плошчу 4,8 тысячы гектараў, і прылеглай да яго лясістай мясцовасці. Тарфяны масіў на тэрыторыі заказніка спалучае ўсе тры віды балот — верхавое, пераходнае, нізіннае. У геабатанічным сэнсе заказнік мае значную цікавасць як адзіная гідралагічная замкнутая тэрыторыя з багатым тыпалагічным наборам раслінных згуртаванняў і малой ступенню антрапагеннай дыгрэсіі.

Флора заказніка налічвае 396 відаў, з іх 5 — дзеразы, 5 — хвашчоў, 7 — папарацей, 4 — голанасенных і 375 пакрытанасенных відаў раслін. На тэрыторыі заказніка знаходзіцца 14 відаў дрэў, 16 — хмызнякоў, 250 — травяністых і хмызняковых відаў.

У заказніку сустракаюцца рэдкія віды раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Сярод іх — купальнік горны, бяроза карлікавая, кураслеп лясны, ладдзян трохнадрэзаны, першацвет веснавы, пералеска высакародная, баранец звычайны, пармелія адагнутая, менегацыя прадзіраўленая, асака заліўная, гарлянка пірамідальная, сон лугавы, гімнакалея ўздутая і іншыя.

Заказнік размешчаны ў непасрэднай блізкасці ад курортнай зоны. Гэта надае яму асаблівую каштоўнасць як навукова-пазнавальнага і культурна-асветніцкага аб'екта.