Дзейсны член акадэміі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Дзейсны член акадэміі — члены вышэйшай ступені пэўнай акадэміі. Дзейснымі членамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з'яўляюцца асобы, якія ва ўстаноўленым парадку атрымалі статус акадэміка НАН Беларусі. Не з'яўляюцца дзейчнымі членамі акадэміі члены-карэспандэнты, замежныя і ганаровыя члены акадэміі (акадэмікі).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя ўзнікнення тэрміна «дзейсны член акадэміі» узыходзіць сваімі каранямі ў часы СССР. Ужо тады ён ужываўся ў асноўным як сінонім тэрміна «акадэмік», што прасочваецца і ў афіцыйных дакументах, напрыклад у Статуце Акадэміі навук СССР, прынятым у 1927 годзе.

Беларуская акадэмія навук была адкрыта на базе Інстытута беларускай культуры 1 студзеня 1929 года, а першыя выбары ў дзейныя члены акадэміі адбыліся напярэдадні — 26 снежня 1928 года. Быў абраны 31 дзейсны член акадэміі. У Музеі гісторыі НАН Беларусі захоўваецца гістарычны дакумент — ліст, накіраваны Гаўрыле Іванавічу Гарэцкаму, які апавяшчае яго, што 26 снежня 1928 года Саветам Народных Камісараў БССР шляхам тайнага галасавання ён абраны дзейсным членам (акадэмікам) Беларускай акадэміі навук. Ліст заверана пячаткай і подпісамі першага прэзідэнта Беларускай акадэміі навук У.М. Ігнатоўскага і сакратара В.Ю. Ластоўскага.

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

У сучаснай Беларусі колькасць дзейсных членаў НАН Беларусі вызначаецца Прэзідэнтам і ў адпаведнасці з Указам ад 3 лютага 2003 года не можа перавышаць 100 дзейсных членаў (акадэмікаў).

На пачатак 2014 года ў колькасны склад Акадэміі навук ўваходзілі 77 дзейсных членаў і 114 членаў-карэспандэнтаў, 2 ганаровых члена і 10 замежных членаў. На выбарах 2014 года, якія праходзілі ў час сесіі Агульнага сходу НАН Беларусі 13-14 лістапада, на 24 вакансіі акадэмікаў і 39 вакансій членаў-карэспандэнтаў прэтэндавалі 40 і 118 кандыдатаў адпаведна. Самы вялікі конкурс – чатыры чалавекі на месца – адзначаны сярод кандыдатаў на званне акадэміка па спецыяльнасці «Біятэхналогія раслін». На званне члена-карэспандэнта больш за ўсё прэтэндэнтаў – сем чалавек на месца - было па спецыяльнасці «Тэхналогіі машынабудавання». Па выніках тайнага галасавання абрана 16 дзейсных членаў (акадэмікаў) і 28 членаў-карэспандэнтаў.

Выбары новых дзейсных членаў НАН Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Падрабязна працэдура прапісана ў асобным Палажэнні Статута Акадэміі навук. Згодна з гэтым дакументам, кожны кандыдат павінен пісьмова пацвердзіць сваю згоду ўдзельнічаць у выбарах, аднак ён таксама можа адклікаць сваю кандыдатуру, напісаўшы заяву. Галасаванне праходзіць у два этапы, спачатку вылучаюцца кандыдатуры на агульным сходзе аддзялення, а потым выбар ажыццяўляецца тайным галасаваннем на Агульным сходзе НАН. Звычайна адкрываецца вакансія на канкрэтную спецыяльнасць, і часцей за ўсё пад канкрэтнага навукоўца. Як вызначана ў Статуце, умовай для выбрання дзейснага члена акадэміі навук з'яўляецца вялікі ўклад у развіццё навукі і ўзбагачэнне яе працамі першараднага навуковага значэння. Ёсць у дакуменце і патрабаванне аб тым, каб як спісы прэтэндэнтаў, так і абраных былі апублікаваныя ў прэсе. Калі праглядзець гэтыя спісы, то становіцца відавочным: колькасць кандыдатаў звычайна ў 3-4 разы перавышае колькасць абраных. Акадэмікі абіраюцца на агульным сходзе акадэміі, як правіла, з ліку яе членаў-карэспандэнтаў (за выключэннем ганаровых і замежных акадэмікаў), пры гэтым права голасу маюць толькі акадэмікі.

Зрэшты, навуковец можа адмовіцца ад звання, напісаўшы заяву, і гэта таксама прапісана ў Статуце. У гісторыі НАН Беларусі адмоў ад навуковага звання не зафіксавана. Аднак маюцца выпадкі выключэння навукоўцаў з яе складу у гады сталінскіх рэпрэсій, калі прымаліся меры, якія відавочна выходзяць за межы законнасці.