Доктар філасофіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Доктар філасофіілац.: Philosophiæ doctor, скарачаецца як PhD ці Ph.D.) — навуковая ступень у большасці краін свету. У іерархіі навуковых ступеней займае становішча вышэй магістра (англ.: Master's degree) і ніжэй доктара навук (англ.: Doctor of Science), прыкладна адпавядае беларускай навуковай ступені кандыдата навук.

Кваліфікацыйнай працай саіскальніка ступені доктара філасофіі з'яўляецца доктарская дысертацыя (англ.: Ph.D. Thesis).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ступень PhD упершыню пачалі прысвойваць у Балонскім універсітэце ў 1130 годзе, а затым у 1231 годзе ў Парыжскім універсітэце.

Трэба заўважыць, што ступень не мае непасрэднага дачынення да сучаснай філасофіі, яго атрымліваюць даследчыкі амаль усіх навуковых галін, напрыклад: доктар філасофіі ў галіне гісторыі або доктар філасофіі ў галіне эканомікі, доктар філасофіі ў галіне філалогіі або доктар філасофіі ў галіне тэхнікі і г.д. Гэта абумоўлена традыцыямі, якія бяруць пачатак у сярэдневяковых універсітэтах, стандартная структура якіх звычайна меркавала наяўнасць факультэтаў філасофіі, юрыспрудэнцыі, тэалогіі і медыцыны. Таму ў большасці краін Еўропы і ЗША прынята падзяляць усю сукупнасць навуковых ступеней гэтага ўзроўня на ступені з філасофіі, медыцыны, права і тэалогіі. Напрыклад: доктар філасофіі (у адпаведнай галіне навук), доктар права, доктар багаслоўя і доктар медыцыны.

Міжнародная практыка[правіць | правіць зыходнік]

У некаторых краінах Еўрапейскага Саюза (Францыя, Італія, Фінляндыя і інш.), Мексіцы, ЗША і Канадзе і большасці краін свету PhD застаецца самай высокай навуковай ступенню. Таму ў гэтых краінах і ўласнікі савецкага ці сучаснага дыплома кандыдата навук, і ўласнікі дыплома доктара навук прыраўноўваюцца да доктара філасофіі (PhD).

У некаторых былых сацыялістычных краінах (Польшча, Венгрыя, Чэхія і інш.) і краінах былога СССР (краіны Балтыі, Украіна, Казахстан і інш.) ступень кандыдата навук з'яўляецца прыблізным эквівалентам ступені доктара філасофіі і прыраўноўвацца да яе на афіцыйным узроўні.

Беларуская практыка[правіць | правіць зыходнік]

Па выніках публічнай абароны дысертацыі рашэннем Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь саіскальніку вучонай ступені можа быць прысвоена як ступень кандыдата навук, якая пацвярджаецца нацыянальным дыпломам, так і ступень доктара філасофіі (PhD), якая таксама пацвярджаецца нацыянальным дыпломам. Гэтая норма адносіцца да замежных грамадзян. Аднак нацыянальны дыплом PhD можа быць выдадзены і грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія маюць патрэбу ў гэтым і вучоную ступень кандыдата навук. Яны ў дадатак да ўжо наяўнага дыплома кандыдата навук атрымліваюць дыплом PhD.

Дадзеная норма Палажэння аб прысуджэнні вучоных ступеней і прысваенні вучоных званняў у Рэспубліцы Беларусь фактычна прызнае поўную эквівалентнасць вучоных ступеней кандыдата навук і доктара філасофіі (PhD), а таксама патрабуе ад ВАК Беларусі выдаваць саіскальнікам вучоных ступеней дыпломы дзяржаўнага ўзору кандыдата навук і доктара філасофіі.

Аднак грамадзяне Беларусі, якія атрымалі ступень PhD у замежнай навучальнай ці навуковай установе, а таксама замежныя грамадзяне, якія жадаюць карыстацца ў Беларусі ўсімі перавагамі ўладальнікаў навуковых ступеней, для настрыфікацыі (прызнання ў Рэспубліцы Беларусь) наяўнага ў іх дыплома доктара філасофіі (PhD) павінны прайсці працэдуру пераатэстацыі для ўстанаўлення адпаведнасці іх кваліфікацыі патрабаванням да саіскальнікаў навуковай ступені кандыдата навук. Для гэтага ім неабходна перавесці тэкст дысертацыі на дзяржаўную мову, выступіць з дакладам па выніках дысертацыйнага даследавання ў адным з саветаў па абароне дысертацый, станоўчае рашэнне якога зацвярджае экспертны савет і прэзідыум Вышэйшай атэстацыйнай камісіі.

Гэта практыка, якая фактычна патрабуе ад уладальнікаў ступені PhD праходзіць паўторную абарону сваёй дысертацыі ў Беларусі, напрамую супярэчыць асноўным прынцыпам Балонскага працэсу.