Дом Бакштанскага
Славутасць | |
Дом Бакштанскага | |
---|---|
![]() Дом № 17 у маі 2007 года | |
53°54′06″ пн. ш. 27°33′00″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Горад | |
Дата пабудовы | 1880-я |
Статус |
![]() |
![]() |
Дом Бакштанскага — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 17. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная і мураваная забудова, якая была моцна пашкоджана падчас вялікага пажару 1881 года. Адразу пасля пажару ўладальнік пляца стацкі саветнік Фебус Каплан звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на аднаўленне мураванага двухпавярховага жылога дома, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу[1].
Паводле гэтага праекта гэта быў прамавугольны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў фланкіраваны плоскімі лапаткамі з філёнгамі. Прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы былі аздоблены прафіляванымі ліштвамі. Пад вокнамі другога паверха знаходзіліся прамавугольныя нішы з філёнгамі. Праз некалькі гадоў уладальнік дома вырашыў зрабіць у цэнтры галоўнага фасада на другім паверсе балкон з дэкаратыўнымі металічнымі кратамі[1].
У 1897 годзе ўладальнікам гэтага будынка стаў мінскі купец другой гільдыі Янкель Бакштанскі. Паводле інвентарызацыі 1910 года ў доме была адна кватэра, дзе жыў яе ўладальнік, астатнія памяшканні займала «Таварыства дапамогі бедным яўрэям»[1].
Пасля вайны да канца XX стагоддзя выкарыстоўваўся пад жылыя кватэры[1].
Знос будынка[правіць | правіць зыходнік]

Дом па вуліцы Рэвалюцыйнай, 17 доўга рамантавалі. Але калі рамонт быў практычна скончаны[2], дом быў нечакага знесены 13 сакавіка 2008 года. Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася ў Адміністрацыю Прэзідэнта з патрабаваннем разабрацца з сітуацыі. Праз некалькі дзён Генпракуратура пачала праверку па факце разбурэння гістарычнага помніка, матэрыялы справы пачалі перакідацца з інстанцыі ў інстанцыю. У сярэдзіне ліпеня 2008 года Цэнтральны РУУС г. Мінска адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Вынікі праверкі не задаволілі Генеральную пракуратуру, яна адмяніла пастанову Цэнтральнага РУУС і аднавіла праверку[3]. У будтрэсце № 7, які выконваў работы, старшыні БДТАПГіК Антону Астаповічу паказалі дазвол «на разборку будынка», падпісаны намеснікам міністра культуры Уладзімірам Грыдзюшкам. У Міністэрстве культуры адпрэчылі існаванне такога дазволу[2].

У 2009 годзе пракуратура горада Мінска адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з тым, што будынак быў прызнаны праваахоўнымі органамі аварыйным, праз што яго дэмантавалі для далейшай рэканструкцыі. Адна службовая асоба была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці, паколькі дэмантаж быў здзейснены без дазволу Міністэрства культуры[4].
На месцы дома Бакштанскага кампанія «Тапас» узвяла навабуд па матывах гістарычнага будынка з дабудаваным вялікім псеўдамансардавым паверхам[1]. Вясной 2016 года на яго павесілі ахоўную шыльду гісторыка-культурнай каштоўнасці другой паловы XIX стагоддзя[5]. Побач па тым жа адрасе ўзведзены 4-павярховы псеўдагістарычны будынак, які галоўным фасадам выходзіць на вуліцу Гарадскі Вал.
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Двухпавярховы строга прамавугольны ў плане кампактны будынак пакрыты двухсхільным дахам. Пастаўлены асобна ў канцы забудовы. Фасады вырашаны плоскасна прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з простым абрамленнем[6].
Зноскі
- ↑ а б в г д БУДЫНАК № 17 ДОМ БАКШТАНСКАГА
- ↑ а б Министерство культуры разрешило снести в Минске дом XIX века?
- ↑ Виновного в сносе исторического памятника в центре Минска искать не стали Архівавана 1 студзеня 2020.
- ↑ Откуда в Беларуси современный кирпич в старинных замках и почему реставрация мало отличается от реконструкции Архівавана 1 студзеня 2020.
- ↑ Какие здания снесли в столице три наших «мэра»
- ↑ 271. Забудова вуліцы Рэвалюцыйнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- 271. Забудова вуліцы Рэвалюцыйнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом Бакштанскага
- БУДЫНАК № 17 ДОМ БАКШТАНСКАГА