Дубае
Вёска
Дубае
| ||||||||||||||||||
Ду́бае[1] (трансліт.: Dubaje, руск.: Дубое) — вёска ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Дубайскага сельсавета. Размешчана каля р. Піна, за 25 км на паўднёвы захад ад Пінска, за 152 км ад Брэста, за 11 км ад чыгуначнай станцыі Юхнавічы на лініі Брэст—Гомель, на аўтадарозе Пінск—Яечкавічы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У канцы XV ст. сяло ў Пінскім княстве. У 1495 годзе ўпамінаецца ў прывілеі пінскай княгіні Мар’і Сямёнавай яе канюшаму Сенку «на две дворніца в Дубой». У 1550-х г. сяло з падданымі гаспадарскімі, ігуменскімі і баярскімі: «полдворніца в Дубой» меў зямянін Леў Некрашэвіч — харунжы кобрынскі, паўдварышча — замяце гаспадарскія Качановічы (Качаноўскія), якія ставілі ў войска 2 кані, 2 дварышчы меў Ежы Урбан. Паводле рэвізіі Л. Войны (1561—1566) у сяле 2 валокі 15 маргоў зямлі, з якіх плацілі 3 капы 4 грошы, давалі 6 бочак аўса і інш. Пазней уласнасць Полазаў і Агінскіх.
У першай трэці XVII ст. сяло і маёнтак Слуцкага і Віленскага Святадухаўскага праваслаўных брацтваў. Маёнтак набыў пінскі староста Альбрыхт Станіслаў Радзівіл і ў 1638 годзе перадаў яго Пінскаму езуіцкаму калегіуму. У сяле існаваў праваслаўны манастыр, ігуменам якога быў Афанасій Філіповіч. Езуіты заснавалі ў маёнтку сваю летнюю рэзідэнцыю, пабудавалі палац у стылі барока (першая палова XVIII ст.), дваровую капліцу, якая стала касцёлам Св. Крыжа. Палац меў скляпеністыя тунэльныя калідоры, патайныя ходы. Да яго прымыкаў рэгулярны парк з аранжарэяй і цяпліцай.
У другой палове XVIII ст. маёнтак атрымаў Ігнацій Кужанецкі, палац набыў новыя рысы: бальная зала ўпрыгожана фрэскавай размалёўкай, каміны з чыгуннымі рашоткамі мастацкага ліцця, аздобленыя кафляй печы. У 1620 годзе згадваецца Спаская царква, у якой завяшчала пахаваць сябе Раіна Гарабурдзіна (у другім шлюбе Гаўрылава-Боская, кіеўская харунжына). Царква мела падданых і ў сяле Лясковічы.
У сярэдзіне XVIII ст. сяло, каралеўская дзяржава, цэнтр воласці. У 1784 годзе яго наведаў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. З 1796 года ў Пінскім павеце Мінскай губерні. У 1811 годзе ў сяле пабудавана царква Раства Багародзіцы. У 1845 годзе ў маёнтку 2 двары, 8 рэвізскіх душ, 56 ½ дзесяцін зямлі належалі Антону Комару. У 1860-я г. сяло, цэнтр сельскай грамады і воласці, дзейнічалі царква, народнае вучылішча, паштовая станцыя (5 экіпажаў, 11 коней).
У 1886 годзе працавала царква, капліца, 2 вадзяныя млыны. У 1897 годзе сёлы: Дубай-1 — Багародзіцкая царква, прыходская школа, млын, тракцір; Дубай-2 — хлебазапасны магазін, піцейны дом; маёнтак — вінзавод, падвал для аптовага гандлю спіртам. Маёнтак набыў прамысловец з Лодзі Караль Шлейнкер, потым Марыя Выджга.
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]У 1913 годзе працавалі ўрачэбны пункт, народнае вучылішча. Каля 1916 года — царква, касцёл, малатарня, лакамабільны млын, пякарня, крамы.
У Першую сусветную вайну частка вёскі згарэла. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР.
Пасля вайны палац і парк перайшлі пад сядзібу заснаванай тут земляробчай школы (існавала да 1944 года), у якой працаваў вядомы польскі селекцыянер, прафесар Р. Прускі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польшчы, вёска ў Бродніцкай гміне Пінскага павета Палескага ваяводства.
З 1939 года ў БССР. З 15 студзеня 1940 года ў Жабчыцкім раёне, з 12 кастрычніка 1940 года цэнтр сельсавета Жабчыцкага раёна Пінскай вобласці, дзейнічаў механічны млын.
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У вёсцы размяшчаўся варожы гарнізон, разгромлены ў лістападзе 1942 года партызанамі Пінскай брыгады. У 1944 годзе фашысты ўзарвалі палац.
3 1954 года ў Брэсцкай вобласці, працаваў калгас імя Жданава (398 гаспадарак, 825 членаў). З 1957 года ў Пінскім раёне.
У 1960 годзе існаваў пасёлак гідравузла. У 1970 годзе цэнтр калгаса «Іскра». У канцы XX ст. дзенічалі філіял рыбгаса «Палессе», базавая школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, філіял «Беларусбанка».
У 2004 годзе ў складзе СВК «Малоткавічы». У сельсавеце 6 паселішчаў, 707 гаспадарак, 1472 жыхары;
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Дзйнічаюць (2004) сярэдняя і базавая школы, дзіцячы сад, 2 дамы культуры, 2 бібліятэкі, 2 фельчарска-акушэрскія пункты, 6 магазінаў, комплексны прыёмны пункт, 16 лазняў, 2 аддзяленне сувязі, філіял «Беларусбанка», 4 прадпрыемствы бытавога абслугоўвання.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Каталіцкая капліца (сярэдзіна XVIII — першая палова XIX стагоддзя); — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000559
- Царква Раства Багародзіцы (1811); — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000560
- Праваслаўная капліца на могілках (канец XIX ст.);
- Сядзіба Куранецкіх (XVII—XIX стст.);
- Крыж у напамінак пра былы праваслаўны манастыр;
- Вайсковыя могілкі часоў Першай сусветнай вайны;
- Помнік землякам, загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну;
- Мемарыяльныя дошкі гісторыку і паэту А. Нарушэвічу і А. Філіповічу.
Помнік прыроды — піхта белая ў вясковым парку.
-
Парк і капліца
-
Капліца
-
Дуб чарэшчаты
-
Водная сістэма
-
Флігель сядзібы
-
Царква Раства Багародзіцы
-
Капліца на могілках
-
Помнік землякам
-
Вайсковыя могілкі Першай сусветнай вайны
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Сядзібны дом
Планіроўка
[правіць | правіць зыходнік]Планіровачна складаецца з 2 падзеленых аўтадарогай частак: паўночнай (2 кароткія мерыдыянальнай арыентацыі вуліцы, злучаны кароткімі шыротнымі вуліцамі) і паўднёвай (2 кароткія вуліцы пачынаюцца каля дарогі і на поўдні злучаюцца). Забудова двухбаковая, няшчыльная, драўляная, сядзібнага тыпу.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе:
- 1860-я — 23 двары, 208 жыхароў.
- 1886 — 31 двор, 241 жыхар.
- 1897 — Дубай-1 — 12 двароў, 93 жыхары; Дубай-2 — 53 двары, 309 жыхароў.
- XX стагоддзе:
- На пачатку XX ст. — 66 двароў, 466 жыхароў.
- 1921 — 47 двароў, 277 жыхароў; фальварак — З двары, 37 жыхароў.
- 1940 — 116 двароў, 586 жыхароў.
- 1960 — 626 жыхароў; пасёлак гідравузла — 18 жыхароў.
- 1970 — 701 жыхар.
- канец XX ст. — 183 двары, 436 жыхароў.
- XXI стагоддзе:
- 2005 — 168 гаспадарак, 411 жыхароў.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Ду́бай, м.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дубай // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. — 608 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0388-7.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Дубае на Вікісховішчы |
- Дубае на сайце Глобус Беларусі (руск.)