Дубайскі парк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сядзіба на малюнку Н. Орды. 1870-я

Дубайскі парк — помнік садова-паркавага мастацтва, размешчаны на паўднёва-заходняй ускраіне в. Дубае Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Рэдкі помнік садова-паркавага мастацтва т. зв. «французскага» рэгулярнага тыпу планіроўкі 18 ст.

Парадны фасад палаца. 1938

Заснаваны як сядзібны парк у сярэдзіне 18 ст. У першай палове 19 ст. расшыраны ў паўночным напрамку і набыў пейзажную кампазіцыю. Ад комплексу сядзібных пабудоў захавалася васьмігранная капліца.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Схема парка

Парк спланаваны па квадратным участку плошчай каля 11 га, абмежаваным каналамі і сажалкамі. Асноўны зялёны масіў, які знаходзіцца за былым палацам, разам з ліпавымі шпалерамі быў фонам для манументальных пабудоў параднага партэра. Абапал яго былі зафлігельныя прамавугольныя баскеты з пладовым садам.

Партэр і капліца
Пілоны цэнтральнага ўезду

Пачатковая планіроўка парку мела геаметрычна-восевы характар. Прынцыпу рэгулярнасці падпарадкоўвалася размяшчэнне палаца, жылых флігеляў, капліцы, фантанаў, кветнікаў, баскетаў. У паркавы ландшафт былі ўключаны аранжарэі, цяпліцы, масткі і інш. Цэнтральны ўезд у сядзібу вырашаны 2 руставанымі пілонамі, якія падкрэслівалі падоўжаную вось ансамбля. Два бакавыя пад'езды праходзяць па яловых алеях. Планіровачна-прасторавая кампазіцыя заснавана на чаргаванні адкрытай прасторы палян і вадаёмаў з цяністымі прысадамі. Прагулачныя маршруты праходзілі па алеях, уздоўж каналаў і дамб. У парку растуць мясцовыя пароды дрэў: елка, ліпа, таполя, бяроза, хвоя, ясень, а таксама піхта, лістоўніца, тсуга канадская, каштан, валоскі арэх.

Водная сістэма ў наш час

Прынпыпу рэгулярнасці падпарадкавана і арганізацыя воднай сістэмы парку: па восі палаца знаходзяцца круглая (дыяметр каля 30 м) сажалка з фантанамі (не зберагліся) і шэраг прамавугольных вадаёмаў па вуглах. На паўднёва-заходняй ускраіне сядзібы былі рыбныя садкі, якія з дапамогай дамб стваралі перапад вады і жывілі паркавыя сажалкі і фантаны .

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]