Перайсці да зместу

Дэнаіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дэнаіна
(Dena'ina)
Рыбалоўная хаціна
Агульная колькасць 1300 (2016 г.)
Рэгіёны пражывання Аляска
Мова дэнаіна
Рэлігія шаманізм, анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы цуутына, атабаскі Аляскі, хупа

Дэнаіна, у мінулым танаіна (саманазва: Dena'ina, літаральна «людзі») — паўночны атабаскі народ, карэнныя жыхары цэнтру і поўдню Аляскі. Агульная колькасць (2016 г.) — 1300 чал.[1]

Да другой паловы XVIII ст. групы дэнаіна жылі пераважна на поўдні Аляскі, дзе межавалі з іншымі атабаскамі і эскімосамі. Першы занатаваны кантакт з еўрапейцамі адбыўся ў 1784 г., калі гэтыя землі наведала брытанская экспедыцыя на чале з Джэймсам Кукам. Пасля 1799 г. сярод дэнаіна актыўна дзейнічала Расійска-амерыканская кампанія і расійскія праваслаўныя місіянеры. Дэнаіна былі ўцягнуты ў гандлёвыя зносіны з рускімі перасяленцамі, мелі з імі, а таксама з алеутамі і эскімосамі сумесныя шлюбы.

У 1867 г. Аляска перайшла пад кантроль ЗША. Землі дэнаіна прыцягвалі да сябе прыватныя амерыканскія кампаніі. Многія індзейцы наймаліся на працу на рыбаперапрацоўчыя прадпрыемствы. У 1924 г. дэнаіна атрымалі амерыканскае грамадзянства.

Галоўнымі заняткамі дэнаіна здаўна былі рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва. Асабліва важнае значэнне меў сезонны лоў ласосевых. У канцы XVIII — пачатку XX стст. дэнаіна таксама займаліся здабычай футравых звяроў для продажу. Пасля 1880 г. прыватныя рыбаперапрацоўчыя прадпрыемствы захапілі акваторыі, найбольш багатыя рыбнымі рэсурсамі. Гэта прымусіла многіх дэнаіна мігрыраваць уздоўж рэчышчаў ва ўнутраныя тэрыторыі, наймацца на працу на прамысловыя прадпрыемствы або ў рыбалоўны флот. Традыцыйныя рамёствы былі звязаны з забеспячэннем паўсядзённага існавання. Да прыходу еўрапейцаў дэнаіна займаліся перапрацоўкай медзі, ведалі бронзу. У наш час некаторыя рамёствы (вытворчасць сувеніраў, снегаступаў, лодак) захаваліся і маюць камерцыйнае значэнне.

Асноўны від паселішча — вёска, якая складалася з доўгіх бярвеністых хацін. Вёскі будавалі каля ракі. Звычайна ў адной хаціне жыло некалькі нуклеарных сем’яў, якія падзяляліся перагародкамі. Увесну большасць жыхароў пакідала вёску і да позняй восені вандравала па месцах здабычы рыбы і дзікай жывёлы. Улетку жылі ў скураных намётах і малых аднасямейных часовых хацінах.

Кожная вёска складала асобнае палітычнае аб’яднанне. Асноўнай сацыяльнай адзінкай быў матрылінейны род, які складаўся з пашыраных і нуклеарных сем’яў. Найлепшым лічыўся выбар нявесты сярод дачок сястры бацькі. Практыкавалася палігінія. Вылучаліся багатыя сем’і. Было вядома рабства, канчаткова адмененае амерыканскім урадам толькі ў 1886 г. Спрэчкі з іншымі вёскамі з-за тэрыторый або прыватных канфліктаў часцяком вырашаліся шляхам ваенных набегаў.

Традыцыйнае мастацтва прадстаўлена гафтам, наскальнымі малюнкамі, песнямі і танцамі. Захаваліся рытуальныя спевы, якія выконвалі падчас палявання або патлачу.

Родная мова дэнаіна адносіцца да паўночнай атабаскай групы на-дэне. У наш час карыстаюцца пісьмом на аснове лацінкі. Вывучаецца ў школах і каледжах.

Дэнаіна верылі ў тое, што навакольны свет населены мноствам духаў. Асабліва шанаваўся дух Палярнай зоркі. Лічылася, што душа пасля смерці можа жыць каля сваякоў і сяброў памерлага, удзельнічаць у іх жыцці. Лекаваннем і выгнаннем злых духаў займаліся шаманы.

У нашы дні большасць вернікаў належаць да праваслаўнай і пратэстанцкай канфесій.

Зноскі