Жорж Жак Дантон

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Жорж Жак Дантон
фр.: Georges Jacques Danton
24-ы старшыня Нацыянальнага канвента Францыі[d]
25 ліпеня 1793 — 8 жніўня 1793
Папярэднік Jean Bon Saint-André[d]
Пераемнік Marie-Jean Hérault de Séchelles[d]
дэпутат Нацыянальнага канвента Францыі[d]
6 верасня 1792 — 26 кастрычніка 1795

Нараджэнне 26 кастрычніка 1759(1759-10-26)[1]
Смерць 5 красавіка 1794(1794-04-05)[2][1][…] (34 гады)
Месца пахавання
Бацька Жак Дантон
Маці Мары-Мадлен Кюмю
Жонка Antoinette Gabrielle Danton[d] і Louise Sébastienne Danton[d]
Грамадзянства Сцяг Францыі Францыя
Партыя
Член у
Дзейнасць адвакат, рэвалюцыянер, палітык
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Жорж Жак Дантон (фр.: Georges Jacques Danton; 26 кастрычніка 1759 — 5 красавіка 1794) — французскі рэвалюцыянер, адзін з бацькоў-заснавальнікаў Першай французскай рэспублікі, сустаршыня клуба кардэльераў, міністр юстыцыі часоў Французскай рэвалюцыі, першы старшыня Камітэта грамадскага выратавання.

Маладосць. Адвакат[правіць | правіць зыходнік]

Сын пракурора бальяжа Арсі-сюр-Об Жака Дантона (1722—1762)[4][5]. Дзяцінства правёў на сяле ў семінарыі і ў свецкім пансіёне ў Труа прасякнуўся пакланеннем старажытнаму свету. Рыхтуючыся да адвакацкай прафесіі ў Парыжы, Дантон азнаёміўся з літаратурай XVII і XVIII стст. і прымаў актыўны ўдзел у масонстве. У 1787 годзе ён купіў месца адваката пры савеце караля, лічачы тады яшчэ магчымым пераварот зверху; але ў 1791 годзе, пры ліквідацыі старых судовых пасад, Дантон не прыняў у абмен ніякай новай, каб цалкам аддацца рэвалюцыйнай дзейнасці.

Пачатковы этап рэвалюцыі[правіць | правіць зыходнік]

Ужо з 1789 года Дантон дзейна праводзіў крайнія рэвалюцыйныя і рэспубліканскія ідэі ў розных сходах і клубах, адыгрываў бачную ролю ў падзеях 14 ліпеня і 5-6 кастрычніка і ў заснаванні клуба кардэльераў. Усюды і заўсёды Дантон быў супраць двара, міністэрства, Нацыянальнага сходу; 17 ліпеня 1791 года ён заклікаў народ на Марсавым полі падпісваць петыцыю аб звяржэнні караля. Пасля задушэння гэтага руху Дантон тыдняў на шэсць схаваўся ў Англіі і вярнуўся толькі к выбарам у Заканадаўчы сход. У дэпутаты ён не патрапіў, але стаў у Парыжы падрыхтоўваць звяржэнне караля, то ў якасці адміністратара дэпартамента, то ў званні таварыша пракурора Парыжскай камуны, то ў клубах, то сярод атрадаў народнага войска — федэратаў Марселя і Брэтані ці Enfants-Rouges з Сент-Антуанскага прадмесця. А таксама ён удзельнічаў у зборы добраахвотнікаў.

Канвент[правіць | правіць зыходнік]

У ноч з 9 на 10 жніўня 1792 года Дантон даў штуршок да ўтварэння новага, больш рэспубліканскага генеральнага савета камуны, арыштаваў Манда, пераемніка Лафаета ў камандаванні нацыянальнай гвардыяй, і замяніў яго Сантэрам. Пасля 10 жніўня Дантон быў прызначаны міністрам юстыцыі; абапіраючыся на Парыжскую камуну, ён стаў правадыром у барацьбе супраць раялістаў унутры і абароне межаў супраць Аўстрыі і Прусіі. Ворагі Дантона вінавацілі яго ў прадажнасці, растратах, арганізацыі вераснёвых забойстваў. Першыя абвінавачванні не пацвярджаюцца ніякімі дакументамі; папярэдзіць ці спыніць вераснёвыя забойствы Дантон, па ўласным прызнанні, не быў у сілах і паставіўся да кровапраліцця з той жа абыякавасцю, як пазней да сваёй уласнай гібелі. Дантон быў абраны дэпутатам у Канвент ад Парыжа і падвяргаўся тут нападкам Жыронды за сваю папярэднюю дзейнасць у міністэрстве. Ён стаяў у канвенце за свабоду друку, за законы супраць эмігрантаў, за асуджэнне караля, быў адзін час старшынёй клуба якабінцаў і членам першага Камітэта грамадскага выратавання.

Знешняя палітыка Дантона[правіць | правіць зыходнік]

Пасля перамогі пры Жэмапэ Дантон быў пасланы Канвентам у Бельгію для арганізацыі заваяванай вобласці. Пазней, з прычыны раздражнення, якое палітыка ўмяшання выклікала ў суседніх дзяржавах, Дантон настаяў у канвенце на рашэнні не ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншых нацый (13 красавіка 1793), не прадпрымаць ні наступальных войнаў, ні заваяванняў (15 чэрвеня 1793). Мэтай далейшых дыпламатычных зносін і ваенных узбраенняў ён ставіў мір і прызнанне рэспублікі іншымі дзяржавамі. Дантон садзейнічаў замене парламенцкага кіравання Жыронды часовай рэвалюцыйнай дыктатурай камітэта грамадскага выратавання і стаў весці барацьбу з праціўнікамі рэвалюцыі ўнутры і па-за Францыяй пасродкам рэвалюцыйных трыбуналаў і каласальных набораў. Перыяд часу з красавіка 1793 па верасень 1793 — эпоха найбольшага ўплыву Дантона. У знешніх зносінах ён азначыў цэлую сістэму палітыкі для сваіх пераемнікаў: у Англіі падтрымліваць усе апазіцыйныя элементы супраць Піта, дамагчыся нейтралітэту дробных дзяржаў — Даніі, Швецыі і г.д., паспрабаваць аддзяліць Прусію і Баварыю ад кааліцыі, сілай утаймаваць Сардзінію і Іспанію, непрымірыма змагацца супраць Аўстрыі, ствараючы ёй цяжкасці на Усходзе агітацыяй у Польшчы і Турцыі.

Асуджэнне і пакаранне смерцю[правіць | правіць зыходнік]

З часу заснавання другога Камітэта Грамадскага выратавання пачынаецца пераход улады, з аднаго боку, да эберцістаў, з іншага — да Рабесп’ера. Дантон слаба процідзейнічаў гэтаму, часта адсутнічаў у Парыжы, занадта разлічваючы на сваю папулярнасць. Ён не ўхваляў працягвання пакаранняў смерцю, за што стаў атрымліваць абвінавачванні ў залішняй паблажлівасці. Незадоўга да свайго арышту, Дантон быццам бы адказаў сябрам, якія прапаноўвалі яму бегчы з Францыі: «Ці магчыма панесці радзіму на падэшвах сваіх ботаў?»

Пасля падзення эберцістаў, калі ўплыў Рабесп’ера дасягнуў апагею, 31 сакавіка 1794 года, Дантон і яго сябры былі арыштаваны па пастанове злучаных камітэтаў грамадскага выратавання і агульнай бяспекі; гэта мера была ўхвалена канвентам па дакладзе Сен-Жуста, складзенага паводле накідаў Рабесп’ера. Працэс з самага пачатку вёўся з парушэннем усіх фармальнасцей; новай пастановай канвента па прапанове Сен-Жуста абвінавачваныя былі прама пастаўлены па-за законам. Дантаністы (Каміль Дэмулен, Эро дэ Сешэль, Фабр д'Эгланцін і інш.) вінаваціліся ў змове з мэтай зрынуць нацыянальнае прадстаўніцтва і рэспубліку, былі асуджаны і загінулі на гільяціне. Па дарозе да эшафота Дантон падбадзёрваў сябе словамі: «Наперад, Дантон, ты не павінен ведаць слабасці!» А праязджаючы міма дому, дзе жыў Рабесп’ер, Дантон выкрыкнуў прароцкія словы: «Максіміліян, я чакаю цябе, ты пойдзеш услед за мной!»

Сведчанне ката Шарля Анры Сансона: «Спачатку на эшафот узышоў Эро дэ Сешэль, а з ім і Дантон, не чакаючы, каб яго паклікалі. Памочнікі ўжо схапілі Эро і надзелі яму на галаву мяшок, калі Дантон падышоў, каб абняць яго, бо Эро ўжо не змог развітацца з ім. Тады Дантон выклікнуў: „Дурні! Хіба вы перашкодзіце галовам пацалавацца ў мяшку?..“ Яшчэ нож гільяціны не быў вычышчаны, як Дантон ужо наблізіўся; я ўтрымаў яго, запрашаючы адвярнуцца, пакуль прыбяруць труп, але ён толькі пагардліва паціснуў плячамі: „Трохі больш ці менш крыві на тваёй машыне, што за важнасць; не забудзься толькі паказаць маю галаву народу; такія галовы не ўсякі дзень удаецца бачыць“. Гэта былі яго апошнія словы».

Паштовая марка СССР, 1989.
200 гадоў Вялікай французскай рэвалюцыі: Ж. П. Марат, Ж. Ж. Дантон, М. Рабесп’ер.

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Georges, Jacques Danton // Sycomore / Assemblée nationale Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Щепкин Е. Н. Дантон, Жорж-Жак // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1893. — Т. X. — С. 120–121.
  3. Дантон Жорж Жак // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. Georges Danton // Энцыклапедыя Britannica (англ.)
  5. Beesly A. H. Life of Danton. — Kessinger Publishing, 2005. — P. 1. — ISBN 978-1-4179-5724-8. (англ.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дантон Ж.-Ж. Избранные речи. — Харьков, 1924.
  • Левандовский А. Дантон. — М.: Молодая гвардия, 1964. — (Жизнь замечательных людей).
  • Фридлянд Г. С. Дантон. — М., 1965.
  • Молчанов Н. Монтаньяры. — М.: Молодая гвардия, 1989. — (Жизнь замечательных людей).
  • Валовой Д., Валовая М., Лапшина Г. Дерзновение. — М.: Молодая гвардия, 1989. — 320 с.
  • Толстой А. Н. Смерть Дантона

Крыніца[правіць | правіць зыходнік]

Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]