Анджэй Вайда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Анджэй Вайда
Andrzej Wajda
2008.04.22. Andrzej Wajda by Kubik 01.JPG
Дата нараджэння 6 сакавіка 1926(1926-03-06)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 9 кастрычніка 2016(2016-10-09)[7][3][…] (90 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства Flag of Poland.svg Польшча
Бацька Якуб Вайда[d]
Жонка Крысціна Захватовіч[d]
Дзеці Караліна Вайда[d]
Адукацыя
Месца працы
Прафесія кінарэжысёр
сцэнарыст
Кар’ера 19502016
Узнагароды
IMDb ID 0906667
wajda.pl
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

А́нджэй Ві́тольд Ва́йда (польск.: Andrzej Witold Wajda; 6 сакавіка 1926 года, Сувалкі, Беластоцкае ваяводства, Польшча — 9 кастрычніка 2016 года, Варшава, Польшча[10][11]) — выбітны польскі тэатральны дзеяч і кінарэжысёр, лаўрэат прэстыжных кінаўзнагарод, у тым ліку: «Залатой пальмавай галіны» ў Канах (1981) і «Оскара» (2000). Палітык і грамадскі дзеяч, кавалер найвышэйшых дзяржаўных узнагародаў шэрагу краін: Польшчы, Японіі, Балгарыі, Францыі. З’яўляўся членам французскай кінаакадэміі, быў абраны на месца памерлага Федэрыка Феліні. Вайда зняў каля 40 фільмаў, некаторыя з якіх сталі класікай сусветнага кіно.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вайда нарадзіўся ў Сувалках у сям’і афіцэра польскага войска і настаўніцы. Сам сябе ён называе «інтэлігентам у другім пакаленні» і ганарыцца тым, што яшчэ яго бацька быў сынам селяніна з-пад Кракава. Бацьку ў 1939 годзе забралі ў палон «СССР» і забілі ў Катыні. Падчас вайны Анджэй Вайда жыў у Кракаве і працаваў у майстэрні свайго дзядзькі. Дзядзька хаваў у сваёй хаце яўрэяў, так што будучы рэжысёр мог у кожны момант загінуць, калі б пра гэта даведаліся акупанты. Вайда кажа, што менавіта тады добра зразумеў, што такое цяжкая фізічная праца і потым, калі здымаў свае знакамітыя фільмы, сярод якіх «Чалавек з мармуру», прысвечаны лёсу рабочага, дык добра ведаў, што робіць.

Пасля сканчэння Другой сусветнай вайны Вайда пайшоў вучыцца ў Кракаўскую акадэмію мастацтваў імя Яна Матэйкі, бо, маючы здольнасці да малявання, хацеў стаць мастаком. Пасля трох гадоў навучання ў кракаўскай акадэміі мастацтваў Вайда зразумеў, што гэта не тое, чым ён хацеў займацца і тады, выпадкова пабачыўшы аб’яву аб прыёме студэнтаў у Школу кіно ў Лодзі, вырашыў пайсці туды.

Фільм Анджэя Вайды «Чалавек з мармуру» быў зняты ў 1977 годзе і стаў адным з найбольш значных фільмаў у польскай гісторыі. Галоўны герой стужкі — а падзеі адбываюцца ў 1950-я гады — муляр Матэвуш Біркут, якога малады кінадакументаліст разам з партыйным кіраўніком адной з ударных будоўляў вырашылі выкарыстаць, каб усталяваць новы рэкорд у хуткасці кладкі цэглы. Дакументаліст атрымлівае добры матэрыял, а кіраўнік будоўлі — прасоўваецца далей па партыйнай лесвіцы, абодва — пахвалу партыйнага начальства. Для гэтага абраны менавіта Біркут — разам з памочнікамі ён, натуральна пад наглядам спецслужб, павінен пакласці 30 тысяч цаглінаў цягам адной змены…

У 1980-х гадах Анджэй Вайда стаў удзельнічаць у грамадскай і апазіцыйнай дзейнасці. У 1981 годзе ён стаў членам камітэту дарадцаў пры Леху Валенсе, а пазней ад «Салідарнасці» балатаваўся ў Сенат, выйграў выбары. Але калі паглядзець на фільмаграфію Вайды дык складаецца ўражанне, што палітычная дзейнасць не перашкаджала яму працягваць здымаць кіно, прычым у часы супрацоўніцтва з Валенсам — у 1981 годзе ён здымае слыннага «Чалавека з жалеза», а ў часе сенатарства ў 1990 годзе яшчэ больш знаны фільм «Корчак», які называюць адным з найбольш важных еўрапейскіх фільмаў аб Халакосце — вынішчэнні яўрэяў нацыстамі.

Калі Анджэй Вайда атрымаў «Оскара» за ўнёсак у кінамастацтва, ў кароткай прамове ён сказаў: «Ladies and Gentlemen! Я буду гаварыць па-польску, бо хачу сказаць тое, што думаю, а думаю заўсёды па-польску. Прымаю гэту ўзнагароду як выраз прызнання не толькі для мяне, але і для ўсяго польскага кіно. Тэмамі шмат якіх з нашых фільмаў былі жахі нацызму, няшчасці, якія нясе камунізм. Таму цяпер я хачу падзякаваць амерыканскім сябрам Польшчы і маім землякам, якім нашая краіна абавязаная сваім вяртаннем у сям’ю дэмакратычных народаў, да заходняй цывілізацыі. Я вельмі хачу, каб адзіным агнём, з якім сутыкаецца чалавек, быў агонь вялікіх пачуццяў — кахання, удзячнасці і салідарнасці».

2 красавіка 2000 года Анджэй Вайда перадаў статуэтку «Оскара» «на ўсе часы» ў музей Ягелонскага ўніверсітэта што ў Кракаве. Ці не было шкада? Тым больш што раней, Вайда аддаў у гэты музей сваю «Залатую пальмавую галіну» з Канаў і «Залатога льва» з Венецыі.

У 2007 годзе Анджэй Вайда зняў фільм «Катынь». Гэты фільм, да здымкаў якога рэжысёр рыхтаваўся шмат гадоў, спрабуючы знайсці адпаведны сцэнарый, мае для яго і асабістае значэнне — у 1939 годзе бацьку забралі ў палон і расстралялі ў Катыні[12].

За некалькі месяцаў да смерці Анджэй Вайда скончыў свой апошні фільм «Powidoki» («Паслявобразы»). Гэта гісторыя пра тое, як камуністычныя ўлады знішчылі выбітнага мастака, мяцежнага чалавека — Уладзіслава Страмінскага, які выступаў супраць дактрыны сацыялістычнага рэалізму. Фільм павінны выйсці ў пракат у студзені 2017 года[10][13].

Анджэй Вайда памёр увечары 9 кастрычніка 2016 года. Смерць наступіла ў выніку адмовы работы лёгкіх. За некалькі дзён да гэтага рэжысёр быў шпіталізаваны і знаходзіўся ў стане медыкаментознай комы[10].

19 кастрычніка 2016 года ўрна з прахам Анджэя Вайды, згодна волі нябожчыка, была пахавана ў магіле яго маці на Сальваторскіх могілках у Кракаве[14].

Выбраная фільмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Выбраная фільмаграфія (арыгінальныя назвы на польскай мове):

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Вайда Анджей // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
  2. Andrzej Wajda // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. а б Andrzej Wajda // Discogs — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Вайда Анджей // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  5. http://www.debate.org/reference/andrzej-wajda
  6. http://www.theyshootpictures.com/wajdaandrzej.htm
  7. Polish film director Andrzej Wajda dies
  8. Andrzej Wajda // filmportal.de — 2005. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  9. Andrzej Wajda, Celebrated Polish Director, Dies at 90
  10. а б в Andrzej Wajda nie żyje. Reżyser zmarł w niedzielę wieczorem. Przed laty pytany o film życia mówił: «Ciągle przede mną. Żyję tym, co będzie jutro, dziś już było», Wyborcza.pl.
  11. Andrzej Wajda nie żyje. Warszawskie miejsca związane z reżyserem, Wyborcza.pl.
  12. zviazda.by
  13. Andrzej Wajda nie żyje. Wybitny reżyser miał 90 lat, Gazeta.pl.
  14. Ostatnie pożegnanie Andrzeja Wajdy. Reżyser spoczął w rodzinnym grobowcu, TVN24.pl.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Wikiquote-logo.svg
У Вікіцытатніку ёсць старонка па тэме Анджэя Вайды