У XVIII ст. маёнтак Жырмуны ад Завішаў перайшоў да Радзівілаў у якасці пасагу Барбары Завішы-Кезгайлы (1690—1770), якая ў 1710 годзе выйшла замуж за князя Мікалая Фаўстына Радзівіла (1688—1746). Потым маёнтак дастаўся іхняму сыну Станіславу Радзівілу (1722—1787), краўчаму, падкамораму Вялікага Княства Літоўскага, генерал-лейтэнанту, які быў жанаты з Каралінай Пацей (1732—1776).
У другой палове XVIII ст. Станіслаў Радзівіл вырашыў пабудаваць у фальварку Жырмункi, які знаходзіўся недалёка ад яго маёнтка, палацава-паркавы комплекс. Ім былі пабудаваны прыгожая ўязная брама, два бакавыя двухпавярховыя афіцыны ў стылі класіцызму, прычым паўднёва-ўсходнюю афіцыну з багатым афармленнем унутраных інтэр'ераў, займалі самі Радзівілы; у паўночна-заходняй афіцыне жыла прыслуга. Былі пабудаваны таксама гаспадарчыя пабудовы, пасаджаны вялікі і прыгожы парк. Будаўніцтва самога палаца з-за смерці князя ў 1787 годзе не было распачата. У 1915 і 1939 гадах сядзіба была разрабавана.
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).