Вуліца Піліес

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Замкавая вуліца (Вільнюс))
Піліес
Стары горад Вільнюса
літ.: Pilies
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна
Горад
Раён Сянюнія Сянаміесціс
Працягласць 500 м м
Ранейшыя назвы Максіма Горкага
Назва ў гонар Вежа Гедзіміна
Паштовы індэкс LT-01123
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вуліца Піліес[1] (традыцыйная беларуская назва — За́мкавая ву́ліца [2]; літ.: Pilies gatvė) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільнюса, у Старым Горадзе. Пачынаецца ад паўночна-ўсходняга вугла Кафедральнай плошчы і вядзе ў кірунку Ратушнай плошчы да скрыжавання вуліц Бакшта і Латочак. Працягваецца Вялікай і Вастрабрамская вуліцамі.

Архітэктурныя дамінанты вуліцы — касцёл Святых Янаў у стылі віленскага барока, Пятніцкая царква і палац Масальскіх, помнікі архітэктуры XIV—XIX стагоддзяў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Назва вуліцы паказвае на яе размяшчэнне ў кірунку ад Ніжняга замка да гарадскай брамы. З’яўляецца адной з найбольш старажытных вуліц Вільні. У гістарычных крыніцах упамінаецца пад назвай Замкавая або Вялікая Замкавая (разам з сучаснай Вялікай).

У 1939 годзе назву вуліцы перайначылі на літоўскі манер. Па Другой сусветнай вайне савецкія ўлады перайменавалі вуліцу ў імя расійскага пісьменніка Максіма Горкага. У 1987 годзе вуліцы вярнулі гістарычную назву, але ў летувізаванай форме.

Агульныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Арка да вуліцы Скопа

Даўжыня вуліцы каля 500 м. Мае брукаваную праезную частку. Нумарацыя дамоў пачынаецца з боку Кафедральнай плошчы. З правага заходняга боку вуліцы дамы з няцотнымі нумарамі, з левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.

З правага боку адыходзяць вуліцы Скопа і Святаянская, з левага — Святаміхальская і Літарацкая.

Будынкі[правіць | правіць зыходнік]

Рог з Бернардзінскай вуліцай

Няцотны бок[правіць | правіць зыходнік]

  • № 1 (таксама вуліца Свінтарога, 2) — кутні 3-павярховы дом, які займае Міністэрства ўнутраных спраў Літвы. Збудаваны ў канцы XIX ст.
  • № 3 — 2-павярховы дом, збудаваны ў пачатку XVI ст. Спачатку належаў віленскаму капітулу. Камяніца перабудоваўлася ў сярэдзіне XVIII ст. і ў 1822 годзе. Спалучае асобныя элементы готыкі, рэнесансу, барока і класіцызму.
  • № 5 — 2-павярховы дом, які быў у валоданні віленскаму капітулу.
  • № 7 — 3-павярховы дом, збудаваны ў сярэдзіне XVII ст.
Гатычны дом № 12
  • № 9 — дом, у якім у XIX ст. жыў гісторык Тэадор Нарбут. Злучаецца аркай з домам № 11. За аркай пачынаецца вуліца Скопа.
  • № 11 — палац Масальскіх, збудаваны ў XVI ст. У 1832 годзе архітэктар Іван Лявіцкі злучыў камяніцу з суседнімі палацамі Плятэраў і Агінскіх. У 1965—1970 гадах рэстаўратары адкрылі аўтэнтычны фасад палаца.
  • № 13 — 3-павярховы дом з рысамі класіцызму
  • № 19 — дом, дзе ў пачатку XIX ст. жыў натураліст прафесар Віленскага ўніверсітэта Станіслаў Юндзіл.
  • № 21 — усходні фасад касцёла Святых Янаў, на якім размяшчаецца мармуровая памятная табліца з эпітафіяй роду Храптовічаў у стылі ракако (1759).

Цотны бок[правіць | правіць зыходнік]

Рог з Святаміхальскай вуліцай
  • № 4 і 6 — 2-павярховыя дамы, якія былі ў валоданні віленскаму капітулу. Будаваліся ў XVI—XVII стагоддзях. Кутні дом № 6 злучаецца аркай з домам № 8. За аркай пачынаецца Бернардзінская вуліца.
  • № 8 — кутні 3-павярховы дом. Мае рысы класіцызму.
  • № 10 — дом, збудаваны ў XVI ст. У 1575 годзе Ганна Радзівіл прадала яго біскупу Валяр’яну Пратасевічу. У 1812 годзе тут спыняўся Юзаф Панятоўскі. У 1829—1830 гадах у доме жыў украінскі паэт Тарас Шаўчэнка. Пра гэты факт сведчыць памятная шыльда на фасадзе будынка. Цяпер у будынку размяшчаецца атэль «Atrium».
  • № 12 — 2-павярховы гатычны дом, збудаваны XVI ст.
  • № 14 — дом Яна Дэламарса. 3-павярховы дом збудавалі ў XVII ст.
  • № 16 (таксама Святаміхальская, 2) — кутні 3-павярховы дом з кавярняй.
  • № 18 — кутні 3-павярховы дом з крамай, які належаў брацтву Святой Ганны.
Колішняя кнігарня Сыркіна
  • № 22 — 3-павярховы дом, які гістарычна склаўся з некалькіх дамоў. Гатычная камяніца на гэтых месцы належала Канстанціну Астрожскаму. Барочны фасад цяперашняга будынка звіўся ў XVIII ст., калі тут дзейнічаў калегіум набіліюм пры Віленскім універсітэце. Па скасаванні ордэна езуітаў (1773) у 1781 годзе дом перайшоў да Медыцынскай школы, якая дзейнічала тут да 1842 года. Пра гэты факт сведчыць памятная шыльда на фасадзе будынка. У корпусе дом, што выходзіў на двор, былі кватэры прафесараў Віленскага ўніверсітэта. Тут у 1811—1814 і 1817—1828 гадах жыў паэт Юльюш Славацкі. У гэтым жа доме ў 1923—1934 гадах жыў мастак Фердынанд Рушчыц. У 1999 годзе на будынку ўсталявалі памятную шыльду з яго барэльефам. Цяпер у будынку на першым паверсе працуюць кнігарня і кавярня.
  • № 24 — 3-павярховы дом, у якім у 1832—1835 гадах жыў Юзаф Ігнацы Крашэўскі. Пра гэты факт сведчыць памятная шыльда на фасадзе будынка.
  • № 26 — Дом сыгнатараў, філіял Нацыянальнага музея Літвы, адкрыты тут у 2000 годзе. Упершыню гэтая камяніца ўпамінаецца ў 1645 годзе. У канцы XIX ст. новы ўладальнік Казімір Штраль перабудаваў дом у стылі неарэнесансу. Першы паверх да 1939 года займала кавярня «Белы Штраль». На другім паверсе ў 1917—1918 гадах размяшчалася Літоўская Тарыба, якая 16 лютага 1918 года абвясціла тут незалежнасць Літвы.
  • № 28 — дом Шварца. Камяніца на гэтым месцы стаяла з XVI ст. У XVII ст. зруйнаваны будынак набыў купец К. Шварц, які адрамантаваў яго і прадаў Віленскай акадэміі. Цяперашні фасад будынак атрымаў у канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў.
  • № 30 — кутні 3-павярховы дом Скяндзерскіх. У кастрычніку 1863 года ў кватэры Канстанціна Жаброўскага, што размяшчалася ў гэтым доме, пасяліўся Кастусь Каліноўскі. 29 студзеня 1864 года расійскія карнікі арыштавалі яго ў гэтай кватэры[3].
  • № 32 — дом Ляховічаў, пазней Ромераў. У першай чвэрці XIX ст. тут знаходзілася кавярня «Вікторыя», якую любілі наведваць філарэты.
  • № 38 — дом, у якім з 1865 года размяшчалася кнігарня Сыркіна. У 1903—1915 гадах тут працавала друкарня, у якой выйшаў апошні нумар газеты «Наша Доля»[4].
  • № 40 — дом, збудаваны ў XVII ст., з 1926 года тут працавала літоўская кнігарня.
  • № 44 (таксама вуліца Латочак, 2) — галерэя Мастацкай акадэміі Літвы.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 187-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Літоўскай Рэспублікі на беларускую мову»
  2. Наша Ніва. № 1, 1994. С. 7.
  3. Лашкевіч К. Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні Архівавана 1 лютага 2017., TUT.BY, 6.08.2009.
  4. Корбут В. Па віленскім бруку. Беларускія вуліцы літоўскай сталіцы [1] Архівавана 5 сакавіка 2016. // «Туризм и Отдых». № 29 (664). 24 ліпеня 2008.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]