Альфрэд Ізідор Ромер
Альфрэд Ізідор Ромер | |
---|---|
| |
Дата нараджэння | 16 красавіка 1832 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 24 студзеня 1897 (64 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Эдвард Ян Ромер |
Маці | Ганна з Белазораў[d] |
Жонка | Ванда з Сулістроўскіх[d] |
Дзеці | Гелена Ромер |
Род дзейнасці | мастак, скульптар, мастацтвазнавец, гравёр, мадэльер, этнограф |
Жанр | пейзаж |
Вучоба | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Альфрэд Ізідор Ромер (16 красавіка 1832, Вільня — 24 студзеня 1897, Каралінава) — беларускі і польскі жывапісец, скульптар, мастацтвазнавец, этнограф. Удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходзіў са старажытнага рыцарска-шляхецкага роду Ромераў, які вядзе свой пачатак з XV стагоддзя, з Саксоніі і перасяліўся ў Вялікае Княства Літоўскае праз Курляндыю. Сын Эдварда Яна Ромера, удзельніка паўстання 1830—1831 гадоў, і ягонай першай жонкі Ганны з Белазораў; унук прэзідэнта 2-га дэпартамента Віленскага галоўнага суда ў 1803—1813 гадах — Міхала Ромера[1].
Браў урокі малявання ў Канута Русецкага. Удасканальваў сваё майстэрства ў педагогаў «сярэдняй рукі» Л. Бана і А. Аляшчынскага ў Парыжы. Пад канец 1850-х гадоў вярнуўся з-за мяжы ў жыў у спадчынным маёнтку Крэўна (Нова-Аляксандраўскі павет), актыўна супрацоўнічаў з часопісам «Каласы», які друкаваўся ў Вільні, дасылаў туды свае гравюры і малюнкі на тэму жыцця і побыту мясцовых беларусаў і літоўцаў[1].
Браў удзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863—1864 гадоў, пасля паражэння быў арыштаваны і пасаджаны ў Дынабургскую крэпасць. Неўзабаве прадаў маёнтак Крэўна і выехаў у Германію, дзе працягнуў навучанне ў мюнхенскай Акадэміі мастацтваў. Са сваім педагогам Артурам Георгам фон Рамбергам, які разам з Людвігам фон Хагнам аказалі на яго значны ўплыў, і Альбертам Келерам наведаў Італію. У Італіі галоўным чынам быў заняты заказнымі партрэтамі арыстакратаў і садова-паркавымі пейзажамі, таксама капіраваў Веранезэ. Выстаўляў свае гравюры, партрэты і скульптуры ў розных еўрапескіх гарадах: Мюнхене, Кракаве, Парыжы. У сярэдзіне 1870-х вяртаецца на Віленшчыну[1]. З 1874 жыў і працаваў у маёнтку Каралінава[3], які належаў яго жонцы графіні Вандзе Сулістроўскай[1]. Гэты этап лічыцца найбольш плённым у яго творчасці: у Каралінаве Ромер падрыхтаваў манаграфію аб вытворчасці слуцкіх паясоў, робіць этнаграфічныя замалёўкі («Сялянская хата», «Сялянская дзяўчына», «Ля карчмы», «Сялянскі двор», «Мешчанін з Віленскай губерні», «Сялянкі з Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні», «Стары храм у Кабыльніках Свянцянскага павета», «Вішнева. Двор. Від з фасада», «Царква ў Камаях»). Альфрэд набывае старажытныя рукапісы і дакументы, якія потым перадаў у музеі Кракава. Туды ж пераехаў у 1884-м, стаў членам «Камісіі гісторыі мастацтва Акадэміі навук» і зрабіў памятны даклад «Да гісторыі Віленскай школы прыгожых мастацтваў», а таксама надрукаваў працу «Польскія паясы. Іхнія фабрыкі і знакі».
Памёр 24 студзеня 1897 года ў Каралінаве, пахаваны ў радавой капліцы касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Троках.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Пісаў партрэты, пейзажы, тэматычныя кампазіцыі з жыцця народа і на рэлігійныя сюжэты. Яго творам уласцівы дакладны выразны малюнак, свабода і натуральнасць кампазіцыі. Акрамя жывапісных твораў вядомы бронзавыя медальёны з партрэтнымі выявамі, гравюры з выявамі сялян, архітэктурных помнікаў, карыкатуры працы Альфрэда Ромера. Гістарычную і мастацкую каштоўнасць маюць этнаграфічныя замалёўкі сялянскага побыту і малюнкі народных касцюмаў беларусаў. Таксама распісваў у праваслаўныя і каталіцкіх храмы.[4]
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Імя А. Ромера носяць вуліцы ў вёсках Камаі і Каралінава, а таксама Пастаўская дзіцячая мастацкая школа. Планавалася ў 2009 годзе, да 600-годдзя раённага цэнтра, недалёка ад школы ўсталяваць помнік мастаку.[5]
15 жніўня 2001 годзе ў Каралінаве быў усталяваны помнік жонцы Альфрэда Ромера, мясцовай асветніцы Вандзе Ромер (1850—1944; скульптар Алесь Цыркуноў[6])[7].
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Гелена Ромер-Ачанкоўская
-
Жаночыя рукі
-
Ляндварова, 1869
-
Трокі
-
Трокі
-
Аўтапартрэт
-
Партрэт ссыльнага паўстанца Фларыяна Даноўскага, 1860, Нацыянальны музей Літвы
-
Партрэт святара Баляслава Александровіча, 1864, Нацыянальны музей Літвы
-
Стары касцёл на Рынку ў Кабыльніку (цяпер в. Нарач), 1880
Зноскі
- ↑ а б в г Спружына экспрэсіі Альфрэда Ромера Архівавана 8 жніўня 2014. Фарбавае поле «Мадонны Пінскай» — часопіс «Культура»
- ↑ склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ У Пастаўскім раёне будзе адноўлены маёнтак мастака Альфрэда Ромера = В Поставском районе будет восстановлено имение художника Альфреда Ромера
- ↑ 175 гадоў з дня нараджэння Альфрэда Ромера
- ↑ Хто захавае маёнтак Альфрэда Ромера?
- ↑ Алесь Цыркуноў
- ↑ Запаліць агмень, каб памятаць…(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 жніўня 2014. Праверана 24 снежня 2011.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Romer-Ochenkowska, H. Sztuka litewska: A. Römer // Litwa i Ruś. — 1913. — R. 2. — Z. 7—9.
- Высоцкі А. Знаёмства з Альфрэдам Ромерам// Нарачаснская зара. — № 115-117. — 13 верасня 2003 г.
- Драўніцкі І. Мастакі з дынастыі Ромераў Архівавана 17 красавіка 2015.. — Паставы, 2013. — 60 с.
- Драўніцкі І. Мастак з дынастыі Ромераў// Наша вера (Мінск). — 2013. — № 3 (65).
- Цыркуноў А. Нашчадак старасвецкага роду// Народная воля. — 10 чэрвеня 2003 г.
- Дробов Л. Н. Живопись Белоруссии XIX—начала XX в. — Мн., 1974. — С. 207—210.
- Літвіновіч, А. Ромер Альфрэд Ізідор // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 120—121.
- Бадзін Р. Р. Ромер Альфрэд Ізідар // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 405. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Альфрэд Ізідор Ромер на Вікісховішчы |
- Спружына экспрэсіі Альфрэда Ромера Архівавана 25 лістапада 2019.
- ПАЯДНАНАСЦЬ ЗЯМНОГА І ВЕЧНАГА Архівавана 8 жніўня 2014. //Алесь МАРЦІНОВІЧ
- Нарадзіліся 16 красавіка
- Нарадзіліся ў 1832 годзе
- Нарадзіліся ў Вільнюсе
- Памерлі 24 студзеня
- Памерлі ў 1897 годзе
- Памерлі ў Віленскай губерні
- Пахаваныя ў Тракаі
- Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
- Выпускнікі Мюнхенскай акадэміі мастацтваў
- Асобы
- Мастакі паводле алфавіта
- Памерлі ў Каралінаве
- Ромеры
- Мастакі Польшчы
- Мастакі Беларусі
- Памерлі ў Пастаўскім раёне