Перайсці да зместу

Пятніцкая царква (Вільнюс)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Царква
Пятніцкая царква
Piatnicos cerkvė
54°40′51,47″ пн. ш. 25°17′21,69″ у. д.HGЯO
Краіна  Літва
Горад
Канфесія праваслаўе
Епархія Віленская і Літоўская епархія
Архітэктурны стыль неавізантыйскі
Архітэктар М. М. Чагін
Заснавальнік віцебская князёўна Марыя Яраслаўна
Дата заснавання 1345
Матэрыял цэгла
Сайт paraskev.wix.com/paraske…
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Храм у імя святой мучаніцы Параскевы Пятніцы (літ.: Šv. kankinės Paraskevės cerkvė, таксама вядомы як Пя́тніцкая царква́, літ.: Piatnicos cerkvė ці Параскевінская царква, літ.: Paraskevos cerkvė) — царква Віленскай і Літоўскай епархіі Рускай праваслаўнай царквы, размешчаная ў Вільнюсе ў Старым горадзе, на скрыжаванні вуліц Замкавай (Піліес), Вялікай (Дзіджойі) і Латочак (Латака) па адрасе вул. Дзіджойі 2 (Didžioji g. 2).

Помнік архітэктуры. Лічыцца першым мураваным хрысціянскім храмам у горадзе.

Прыпісана да Прачысценскага кафедральнага сабора.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле позніх крыніц найстаражытнейшая праваслаўная царква Вільні, якую на месцы язычніцкага храма літоўскага бога весялосці Рагуціса, заснавала віцебская князёўна, першая жонка Альгерда[1].

Таксама паводле позніх крыніцы, у царкве былі ахрышчаны ўсе дванаццаць сыноў Альгерда у шлюбах з віцебскай князёўнай і з цвярской князёўнай Ульянай. Быццам, першая жонка Альгерда — віцебская князёўна, якая памерла ў 1346 годзе, таксама пахавана ў гэтай царкве. Быццам тут былі ахрышчаны і трое баяр — пад хрысціянскімі Антоній, Іаан і Яўстафій — пазней забітыя, а потым кананізаваныя як віленскія мучанікі.

У 1557 і 1610 гадах царкву моцна пашкодзіў пажар. Паводле сведчання нямецкіх купцоў, у 1587 годзе царква мела хоры і была падобна да кіеўскіх і наўгародскіх храмаў. У 1611 годзе, калі Жыгімонт Ваза перадаў яе з прылеглымі будынкамі ордэну базыльян, царква мела моцна пашкоджаны выгляд[1]. Праваслаўны мітрапаліт кіеўскі Пётр Магіла пісаў:

… на месцы царквы Параскевы — Пятніцы ў Вільні карчму зрабілі, а пабудовы, якія належалі ёй узведзеныя праваслаўнымі для дабрачынных спраў, пад публічныя, распусныя дамы аддалі

У 1655 годзе зноў пацярпела ад пажару і не дзейнічала да 1700—1702 гадоў. Потым яе аднавілі і асвяцілі ў імя Святой Параскевы[1].

У час Паўночнай вайны маскоўскі цар Пётр адслужыў падзячнае набажэнства за перамогу над шведскім каралём Карлам XII. Пятніцкай царкве цар падарыў захоплены ў шведаў сцяг (у некаторых крыніцах гаворыцца пра сцягі), перададзены ў 1822 годзе па распараджэнні князя Адама Чартарыйскага ў пулаўскі храм Сівілы  (польск.).

У гэтым жа храме цар Пётр хрысціў арапа Ганібала, прадзеда Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна (імаверна, у другой палове ліпеня 1705 года: Пётр знаходзіўся ў Вільні з 15 ліпеня па 1 жніўня 1705 года)[2]. Хроснымі бацькамі былі цар і каралева польская Хрысціна-Эбергардзіна, жонка караля Аўгуста II.

Мемарыяльная табліца «У гэтай царкве Імператар Пётр Вялікі…»

Пра гэтыя падзеі нагадвае адна з мемарыяльных дошак на цяперашнім будынку царквы:

У гэтай царкве Імператар Пётр Вялікі ў 1705 г. слухаў падзячнае набажэнства за здабытую перамогу над войскамі Карла XII падарыў ёй сцяг адняты ў той перамозе ў шведаў і хрысціў у ёй Афрыканца Ганібала дзеда знакамітага паэта нашага А. С. Пушкіна.

У 1748 годзе зноў згарэла амаль дашчэнту і з цяжкасцю была адноўлена.

У канцы 18 ст. царква зноў апынулася ў непрыдатным стане і доўгі час не рамантавалася[1].

У часы Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

У 19 ст. была ў запусценні[1]. Са скасаваннем у 1839 годзе Берасцейскай уніі храм перададзены праваслаўнай царкве, аднак перастаў быць уласна храмам, уяўляючы сабой старую пабудову без даху, якая выкарыстоўвалася як дравяны склад.

Пасля паўстання 1863—1864 гадоў, у 1865 годзе па ініцыятыве генерал-губернатара М. М. Мураўёва царква рэканструявана паводле праекта М. Чагіна. Аб’ёмную кампазіцыю і тэктанічную структуру таго часу царква захавала да нашых дзён[1]. Пры гэтым былі знесены пабудовы, якія акружалі рэшткі царквы, каб храм заняў дамінуючае становішча. Ад старажытных пабудоў захавалася невялікая частка сцяны. Пры аднаўленчых працах знайшлі абломак сцяны, на якім славянскім пісьмом выведзены год, які адпавядае года «стварэння свету». Асвячоны храм пры генерал-губернатары К. П. фон Каўфмане ў 1865 годзе. У 1886 годзе пляцоўка, на якой стаяла царква, была абнесена жалезнай агароджай на мураваным падмурку.

У канцы XIX стагоддзя царква ўласнага прыходу не мела, была прыпісана да Мікольскай царквы, якая размяшчаецца непадалёк, і знаходзілася ў распараджэнні ваеннага ведамства.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

У Першую сусветную вайну царква не дзейнічала[1]. У міжваенны перыяд царква была прыпісана да Мікольскай царквы. У канцы 1920-х г. па ініцыятыве беларускага святара А. Каўша кансісторыя перадала царкву Віленскай беларускай гімназіі, і ў ёй пачаліся службы на беларускай мове[1]. 25 сакавіка 1926 года прадстаўнікі БХД правялі святочныя набажэнствы з нагоды Дня Волі ў касцёле Святога Мікалая і ў Пятніцкай царкве[3].

У час Другой сусветнай вайны ў царкве выгарэў інтэр’ер. У 1946 годзе ў Пятніцкім прыходзе было зарэгістравана 100 вернікаў. Пасля вайны зрабілі толькі вонкавы рамонт[1]. Да 1959 годзе існаваў праект стварэння ў царкве музея атэізму, аднак ён быў адкрыты пазней у каталіцкім касцёле Святога Казіміра. У 1961 годзе яна была зачынена. У 1981 паводле праекта рэканструкцыі арх. Е. Ложыце (Ložytė) была прыстасавана пад музей малых мастацкіх формаў[1], філіял Мастацкага музея.

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

У 1990 годзе Пятніцкая царква вернута Віленска-Літоўскай епархіі Рускай праваслаўнай царквы. Мітрапаліт Віленскі і Літоўскі Хрызастом 31 мая 1991 года асвяціў храм. Фасады і інтэр'еры царквы былі адрамантаваны. Разьбяром па дрэве Аляксандрам Клявіным і іканапісцам Уладзімірам Падгорным быў створаны новы іканастас.

Храм стаў прыпісным да Кафедральнага Прачысценскага сабора. З 2005 года ў Пятніцкай царкве набажэнствы праводзяцца на літоўскай мове. З 2012 года створаны прыход і настаяцелем прызначаны протаіерэй Віталіюс Моцкус.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Іканастас і аналой Пятніцкай царквы
Фасад з Вялікай вуліцы

Царква захавала аб’ёмную кампазіцыю і тэктанічную структуру з часоў рэканструкцыі 1865 года паводле праекта М. Чагіна. Храм уяўляе сабой крыжова-купальную аднаапсідную пабудову[1].

Памятныя дошкі[правіць | правіць зыходнік]

Мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя аднаўленню храма

На фасадзе з боку невялікай плошчы на скрыжаванні вуліц Піліес, Латака і Бокшта, з аўтастаянкай і вулічным гандлем карцінамі і сувенірамі, устаноўлены тры памятныя дошкі з тэкстамі па гісторыі храма. Тры дошкі на сцяне з боку, закрытага суседнімі будынкамі жылога дому і палаца Хадкевічаў, пералічваюць адноўленыя храмы і членаў царкоўна-будаўнічага камітэта, стараннямі якога адноўлена гэта і іншыя праваслаўныя цэрквы ў Вільні ў другой палове 1860-х гадоў, а таксама паказваюць царкву ў развалінах і пасля аднаўлення.

Помнік арапу Ганібалу і Аляксандру Пушкіну[правіць | правіць зыходнік]

Адкрыццё помніка Ганібалу і Пушкіну. Выступае Юрый Кобрын.

5 мая 2011 года ў двары Пятніцкай царквы быў адкрыты помнік арапу цара Пятра Ганібалу і яго праўнуку А. С. Пушкіну. Па задуме аўтара ідэі помніка, паэта Юрыя Кобрына, увасобленай скульптарам Вітаўтасам Налівайкам, скульптурная кампазіцыя ўяўляе сабой самкнутыя далоні Расіі, у якіх ляжаць авальныя медальёны з рэльефнымі выявамі Ганібала і Пушкіна, і праваслаўны крыж, які працягвае сабой мезенцы. Кампазіцыя пастаўлена на пастаменце з граніту; далоні зроблены з бронзы, медальёны з выявай Пушкіна і яго прадзеда — з латуні. Вышыня помніка складае 3 метры, вага — 2 тоны[4].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д е ё ж з і к ЭнцВКЛ 2005.
  2. Православные храмы Литвы 2006, с. 96.
  3. Вашкевіч А., Чарнякевіч А. 25 сакавіка: вытокі нацыянальнага сьвята // ARCHE Пачатак : часопіс. — 2008. — № 3. — С. 62—85. Архівавана з першакрыніцы 3 лютага 2012.
  4. Наталия Зверко. В Вильнюсе открыт памятник Пушкину и Ганнибалу. Дельфи. Delfi (5 мая 2011 г.). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 6 мая 2011.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]