Перайсці да зместу

Казімерас Буга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Казімерас Буга
літ.: Kazimieras Būga
Дата нараджэння 6 лістапада 1879(1879-11-06)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 2 снежня 1924(1924-12-02)[2] (45 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці лексікограф, мовазнавец, філолаг, выкладчык універсітэта
Навуковая сфера мовазнаўства[4], філалогія[4], лексікаграфія[4] і Універсітэт Вітаўта Вялікага
Месца працы
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Казімерас Буга́ (6 лістапада 1879(1879-11-06)[1], Пажыеге[d], Езяроскі раён[d], Уцянскі павет, Літва[3]2 снежня 1924(1924-12-02)[2], Кёнігсберг[d]) — літоўскі мовазнавец, прафесар-філолаг, даследчык літоўскай мовы[5].

Паходзіў з сялянскай сям’і. Першапачатковую адукацыю атрымаў ад вясковага дарэктара  (літ.), затым у 1890/91 навучальным годзе ў прыходскай школе. Потым бацькі адвезлі яго ў Санкт-Пецярбург, дзе жыў яго стрыечны брат. Да 1897 года скончыў чатыры класы школы Святой Кацярыны і пад уплывам бацькоў паступіў у Санкт-Пецярбургскую Рымска-каталіцкую духоўную акадэмію, якую, аднак, не скончыў. З 1898 года пачаў самастойнае жыццё -- даваў урокі, у тым ліку ў 1898—1899 гадах жыў у Мосары і вучыў дваіх пляменнікаў мясцовага ксяндза Бярнотаса (Bernotas)[6], потым працаваў у метэаралагічнай абсерваторыі.

Пазнаёміўся з літоўскім лінгвістам Казімерасам Яунюсам  (руск.) і з 1903 года стаў яго асабістым сакратаром. У гэты час праявіў вялікую цікавасць да мовазнаўства. У 1905—1912 гадах скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт. Яшчэ падчас вучобы апублікаваў першую маштабную працу «Aistiškai studijai», напісаў каштоўныя навуковыя работы, за адну з іх атрымаў залаты медаль.

Пасля сканчэння ўніверсітэта працягнуў сваю працу па індаеўрапейскіх мовах пад кіраўніцтвам Івана Бадуэна дэ Куртэнэ.

Пазней пераехаў у Кёнігсберг, каб працягнуць вучобу па параўнальнаму мовазнаўству ў Кёнігсбергскім універсітэце пад кіраўніцтвам Адальберта Бецэнбергера  (англ.), дзе ў 1914 годзе атрымаў навуковую ступень па мовазнаўству.

У 1916 годзе зноў у Пецярбургскім універсітэце, у 1917—1919 гада ў сувязі з 1-й сусветнай вайной — прафесар у Пермскім універсітэце[5], дзе быў калегаю Леаніда Булахоўскага, з якім пасля ліставаўся да канца жыцця. У бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта зберагаюцца 22 лісты ад Булахоўскага да літоўскага навукоўца.

У 1919—1920 гадах — прафесар Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта[5].

У 1920 годзе вярнуўся ў Літву, дзе працаваў у Літоўскім міністэрстве адукацыі  (руск.). Ад гэтага часу пачаў займацца стварэннем акадэмічнага слоўніка літоўскай мовы  (літ.) ў 20-ці тамах, выданне якога было скончана толькі ў 2002 годзе.

З 1922 года — прафесар Каўнаскага ўніверсітэта[5], выкладаў мовазнаўства, рыхтаваў падручнікі для студэнтаў.

У 1924 годзе паехаў у Аукштадварыс збіраць навуковы матэрыял. Там захварэў, як спачатку думалі, на грып. Хвароба дала ўскладненні на мозг. Здароўе не палепшылася і пасля пераезду ў Каўнас. Праз 8 дзён яго перавезлі ў Кёнігсберг. 25 лістапада 1924 года яго разбіў параліч, а ў ноч з 1 на 2 снежня 1924 года Казімірас Буга памёр. Яго стары настаўнік і сябар Эдуард Вольтэр па чыгунцы прывёз яго цела ў Каўнас, дзе 6 снежня 1924 года Казіміраса Бугу ўрачыста пахавалі на могілках побач магілай яго настаўніка Казімераса Яунюса  (руск.).

Сфера інтарэсаў

[правіць | правіць зыходнік]
Акадэмічны слоўнік літоўскай мовы, пачынанне К. Буга

Разам з Янісам Эндзэлінсам  (руск.) можа лічыцца пачынальнікам балтыйскіх даследаванняў у краінах Балтыі. Спецыяліст у балтыйскіх і славянскіх мовах. Вывучаў гістарычную граматыку і этымалогію літоўскай мовы, праблемы запазычанняў з суседніх моў у літоўскую, а таксама пытанні рускай і славянскай этымалогіі. Зрабіў значны ўклад у даследаванне сувязі балтыйскіх моў з іншымі індаеўрапейскімі мовамі. Даследаваў славянска-балтыйскія моўныя сувязі, у тым ліку літоўска-беларускія[5], літоўска-ўкраінскія і балтыйскую міфалогію[5].

Буга вызначыў паходжанне цэлага шэрагу ўкраінскіх слоў, як агульных з балтыйскімі мовамі, так і запазычаных з іх[7]. Усталёўваючы шляхі і час пранікнення слоў ва ўкраінскую мову, найстаражытнейшыя з іх датаваў перыядам да 10 стагоддзя. Высунуў тэорыю пра перанос гідронімаў і тапонімаў з украінскага Надпрыпяцця да літоўскага Наднёмання[7].

Казімірас Буга запісваў фальклор, вывучаў літоўскія гідронімы, тапонімы і ўласныя імёны, узаемаадносіны літоўцаў і беларусаў («Літоўска-беларускія ўзаемаадносіны і іх старажытнасць», 1925)[5].

Інтарэсы Бугі ахоплівалі практычна ўсе галіны літоўскай лінгвістыкі. Ён даследаваў расстаноўку націскаў у літоўскай мове, паходжанне розных гукаў, іх гістарычнае развіццё. Высветліў паходжанне многіх літоўскіх слоў. Даследаваў складанне літоўскіх асабістых імёнаў, апублікаваў мноства іх этымалогій (тлумачэнняў паходжання слоў).

Рэканструяваў арыгінальныя формы асабістых імёнаў вялікіх літоўскіх князёў. Зрабіў вялікі ўклад у фанетычную структуру літоўскай мовы, вывучэнне націскаў, граматыку.

Клапаціўся пра практычныя аспекты ўдасканалення пісьмовай мовы. Напісаў не адну працу пра ўніфікацыю пісьма. Выратаваў нямала прыгожых літоўскіх слоў, якія былі абвешчаныя іншамоўнымі (літ.: boba, labas, liaudis, riba, kūdikis, skriauda, marios).

Сабраў вялікую картатэку (каля 500 тысяч картак), якая пакладзена ў аснову акадэмічнага слоўніка літоўскай мовы. Аўтар працы «Мова і старажытнасць» (1922).

Казіміраса Бугу не цікавілі, мабыць, толькі пытанні сінтаксісу літоўскай мовы. Ва ўводзінах да свайго слоўніку ён напісаў: «Няхай чытач і не думае вучыцца расстаноўцы знакаў прыпынку з гэтага слоўніка».

Хоць Буга пражыў нядоўгае жыццё, але зрабіў вельмі шмат. Яго лічаць стваральнікам навукі пра літоўскую мову. У 1958—1962 гадах у Вільнюсе выдадзены трохтомнік прац Бугі «Выбраныя працы» (літ.: «Rinktiniai raštai»).

Супрацоўніцтва

[правіць | правіць зыходнік]

Казімірас Буга супрацоўнічаў з Я. Эндзелінсам  (руск.), І. Бадуэнам дэ Куртэнэ, Л. Булахоўскім, Р. Траутманам  (ням.), падтрымліваў сувязь з усімі значнымі лінгвістамі XX стагоддзя, папулярызаваў літоўскую мову сярод іншамоўных лінгвістаў.

  • Об именах литовских правителей
  • Lituanica
  • О старинных отношениях литовцев с германцами[8]
  • Rinktiniai raštai, t. 1—3, Vilnius, 1958—62.
Паштовая марка Літвы

У гонар Бугі названы вуліца ў Каўнасе (з 1933), гімназія  (літ.) ў Дусятах (з 1934). У 1973 годзе ў яго роднай вёсцы створаны мемарыяльны музей[9]. У 1977 годзе на доме, дзе ён жыў у Каўнасе, змешчана мемарыяльная дошка[10].

У 1979 годзе мастаком Пятрасам Рапшысам  (руск.) быў распрацаваны медаль Казіміраса Бугі. У 1985 годзе на плошчы ў Дусятах усталяваны бюст Бугі (скульптар Бронюс Вішняўскас  (руск.), архітэктар Ромус Вішняўскас).

У 1994 годзе Дусяцкай гарадской бібліятэцы нададзена імя прафесара Казіміраса Бугі[11].

У 2005 годзе Літоўская пошта выпусціла паштовую марку ў гонар Казіміраса Бугі (аўт. Aušrelė Ratkevičienė).

  1. а б Brozović D., Ladan T. Kazimieras Būga // Hrvatska enciklopedijaLZMK, 1999. — 9272 с.
  2. а б Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. а б Kazimieras Būga // Encyclopædia Britannica
  4. а б в Národní autority České republiky Праверана 7 лістапада 2022.
  5. а б в г д е ё Буга Казимерас // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 84. — 737 с.
  6. Būga K. Rinktiniai raštai. 3 tomai. I t. — Vilnius, 1958. — C. 15.
  7. а б А. П. Непокупний. Енциклопедія сучасної України. — Т. 3. — Київ, 2004., стор. 515
  8. Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušienė. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. — ISBN 9986-892-34-1, p. 127.
  9. kalbininko k. būgos memorialinis muziejus (літ.)
  10. BŪGA KAZIMIERAS(недаступная спасылка) (літ.)
  11. Mūsų tautos pasididžiavimas Mūsų tautos pasididžiavimas Архівавана 23 снежня 2007. (літ.)
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  • Мажюлис В. К. Буга // Вопросы славянского языкознания, в. 3. — М., 1958;
  • Búténas 1. ir Kruopas 1., Kalbininkas Kaziemieras Búga, Vilnius, 1955.