Калыбань
Вёска
Калыбань
|
Калы́бань[1] (трансліт.: Kalybań, руск.: Колыбань) — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Камарынскага пассавета. На тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. На рацэ Брагінцы (прыток Дняпра).
За 41 км на поўдзень ад Брагіна, 7 км ад чыгуначнай станцыі Пасудава (на лініі Оўруч — Палтава), 171 км ад Гомеля. Транспартная сувязь па прасёлкавай, затым аўтадарозе Камарын — Брагін.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Выяўленыя каля вёскі гарадзішча I-га тысячагоддзя да н.э. і курганны могільнік сведчаць пра засяленне мясцін са старажытнасці.
Вядома з XVIII стагоддзя як вёска ва ўладанні Патоцкіх, затым Масальскіх.
У 1876 годзе дваранін Местар меў тут 1971 дзесяціну зямлі, вадзяны і конны млыны. У 1885 годзе быў конны млын. У пажары 16 жніўня 1895 года згарэла палова вёскі. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы хлебазапасны магазін, карчма; побач была аднайменная сядзіба. У 1908 годзе ў Савіцкай воласці Рэчыцкага павета.
З 8 снежня 1926 да 8 студзеня 1987 года[2] — цэнтр Калыбанскага сельсавета Камарынскага, з 25 снежня 1962 — Брагінскага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 — Гомельскай акругі, з 20 лютага 1938 — Палескай, з 8 студзеня 1954 года — Гомельскай вобласці.
У 1929 годзе дзейнічала школа, хата-чытальня, аддзяленне спажывецкай кааперацыі. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны араты», працавалі 3 вятракі, 2 конныя крупадрабілкі, гамарня (кузня), воўначасальня, шорная майстэрня.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў верасні 1943 года акупанты спалілі 265 двароў, забілі 7 жыхароў. У баі каля вёскі 23 верасня 1943 года вызначыліся камандзір артылерыйскай батарэі старшы лейтэнант І. М. Ляшэнка, камандзір роты старшы лейтэнант В. Л. Млынароў, наводчыкі гармат А. Г. Казлоў і М. Д. Ольчаў (ім нададзены званні Героя Савецкага Саюза).
У 1970 годзе была цэнтрам калгаса «Ленінскі шлях», дзейнічала сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, швейная майстэрня, 2 крамы.
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджвання жыхары (270 сем’яў) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы.
З 8 студзеня 1987 года па 13 снежня 1991 года вёска ўваходзіла ў склад Гдзенскага сельсавета, пасля — у адміністрацыйным падпарадкаванні Камарынскага пассавета. Ліквідавана 20 жніўня 2008 года[3].
Планіроўка складалася з 2 крывалінейных, амаль паралельных паміж сабой вуліц мерыдыянальнай арыентацыі. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1795 год — 6 двароў.
- 1850 год — 50 двароў, 509 жыхароў.
- 1885 год — 102 двары, 549 жыхароў.
- 1908 год — 170 двароў, 928 жыхароў.
- 1929 год — 1397 жыхароў.
- 1940 год — 290 двароў.
- 1959 год — 977 жыхароў (перапіс).
- 1970 год — 741 жыхар.
- 1986 год — жыхары (270 сем’яў) пераселены.
- 2010 год — жыхароў няма.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку (1-е тысячагоддзе да н.э.), за 1,85 км на ўсход — паўднёвы ўсход ад былой вёскі, 1,37 км на ўсход ад аўтамабільнага моста цераз Брагінку, 3,8 км на поўдзень — паўднёвы ўсход ад чыгуначнага моста цераз Брагінку, на дзюнным узвышшы сярод левабярэжнага поплаву Брагінкі, на правым беразе яе каналізаванага прытока —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000110. - Курганны могільнік (6 насыпаў), за 2 км на паўднёвы захад ад вёскі, ва ўрочышчы Замосце.
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Фама Маркавіч Расюк — адзін з кіраўнікоў савецкага партызанскага руху ў Вілейскай вобласці падчас Вялікай Айчыннай вайны, камісар 4-й Беларускай партызанскай брыгады.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
- ↑ «Об упразднении сельских населенных пунктов Брагинского района». Решение Брагинского районного Совета депутатов от 20 августа 2008 г. № 68 Архівавана 17 сакавіка 2018. (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0