Міхал Ксаверы Зыгмунт Ельскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхал Ельскі
польск.: Michał Jelski

Пелеш[d]
Пелеш[d]
Нараджэнне 26 верасня 1831(1831-09-26) ці 8 кастрычніка 1831(1831-10-08)
Смерць 1904[1][2][…]
Род Ельскія
Бацька Караль Станіслававіч Ельскі[d]
Маці Людвіка Штайнбер
Жонка Алена з Козелаў
Марыя з Барановічаў
Дзеці ад 2-га шлюбу: Соф'я
Адукацыя
Дзейнасць скрыпач, кампазітар, music publicist
Навуковая дзейнасць
Навуковая сфера музыка[3] і music journalism[d][3]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Міхал Ксаверы Зыгмунт Карлавіч Ельскі (8 кастрычніка 1831, в. Дудзічы Ігуменскага пав., цяпер Пухавіцкі р-н — 1904) — скрыпач , кампазітар, музычны пісьменнік.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дзед М. Ельскага Станіслаў быў пяцігорскім палкоўнікам у часы С. А. Панятоўскага і быў ў шлюбе з Розай Прозар, дачкой віцебскага ваяводы. Яго бацька Караль, уладальнік маёнткаў Дудзічы і Замосце, быў скрыпачом-аматарам, атрымаў у свой час прафесійную падрыхтоўку ў вядомых музыкантаў Кіфелінга і Дашчынскага, напісаў некалькі твораў для скрыпкі, у тым ліку і «Паланэз 1837 года», ажаніўся са сваёй гувернанткай Людвікай Штайбух, ад гэтага шлюбу нарадзіліся Міхаіл — музыкант і кампазітар, уладальнік Дудзіч, Аляксандр — уладальнік Замосця, Юзаф — маладым памёр у Сібіры пад час службы ў расійскім войску, Станіслава (у шлюбе Грушвіцкая).

У 18451847 вучыўся ў гімназіі ў г. Лаздэне (Усходняя Прусія), дзе браў урокі ў скрыпача Эндома. У 1847 ён вярнуўся да бацькоў і пачаў вучыцца ў вопытнага скрыпача, выдатнага спевака, кампазітара і педагога Канстанціна Кжыжаноўскага[4]. Кжыжаноўскі пачаў запрашаць Міхала для сумесных выступленняў у канцэртах. Першы ж канцэрт прынёс поспех. Для ўдасканалення музычнага майстэрства бацька паслаў сына ў Вільню, дзе ён браў урокі ў вядомага скрыпача-віртуоза Вікенція Банькевіча. Заняткі музыкай М. Ельскі сумяшчаў з вучобай у Віленскім дваранскім інстытуце, які скончыў у 1849. У 1849 Міхал Ельскі пераехаў у Кіеў, дзе ў якасці вольнага слухача наведваў лекцыі па правазнаўству ў Кіеўскім універсітэце і адначасова працаваў юрыстам у судзе. Але праца не задавальняла яго, і ў хуткім часе М. Ельскі вырашыў заняцца прафесійнай кампазітарскай і выканаўчай дзейнасцю. Выступаў з канцэртамі ў Кіеве і Мінску, станавіўся ўсё больш вядомым. У 1852 у Кіеве ў выдавецтве Антона Кацыпінскага былі надрукаваны першыя творы М. Ельскага «Скрыпічныя мініяцюры». У 1860 М. Ельскі выехаў для ўдасканалення выканаўчага майстэрства і музычнай адукацыі за мяжу. Выступаў з канцэртамі ў Кракаве, Вроцлаве, Парыжы, у Франкфурце-на-Майне, Мюнхене, Берліне. Падчас знаходжання ў Парыжы браў урокі ў знакамітага бельгійскага віртуоза Анры В’ётана, а ў Мюнхене ўдасканальваўся пад кіраўніцтвам вядомага нямецкага кампазітара і дырыжора Франца Лахнера. Рэпертуар М. Ельскага складаўся ў той час з найбольш знакамітых твораў скрыпічнай музыкі Баха, Віёці, Паганіні, В'ётана, Эрнста, Ліпінскага, Берыа, Шпора, з уласных музычных твораў.

У 1862 М. Ельскі пасяліўся ў Дудзічах, адкуль часта выязджаў з канцэртамі ў Мінск і Вільню. У 1884 выступаў у Варшаўскім музычным таварыстве, потым зрабіў новае турнэ па Германіі. У 1902 вялікім канцэртам у Дудзічах адзначыў паўстагоддзя сваёй канцэртавай дзейнасці.

Першая жонка — Алена Козел, другі раз ажаніўся з Марыяй Барановіч, з якой меў дачку Соф'ю.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, дабрачынных канцэртах, быў адным са стваральнікаў у 1880 Мінскага музычна-літаратурнага таварыства. Сабраў і занатаваў дзесяткі народных мелодый. У рукапісе захавалася яго праца «Народныя танцы Мінскай губерні» (зберагаецца ў Варшаўскім універсітэце). Аўтар каля 100 музычных твораў, сярод іх — два скрыпічныя канцэрты, фантазіі на арыгінальныя тэмы, фантазіі на тэмы польскіх народных мелодый, Саната-фантазія, фантазія «Вясна», канцэртныя мазуркі, вялікая колькасць паланезаў, варыяцый, мініяцюр. Па сённяшні дзень фантазіі Ельскага на арыгінальныя тэмы крытыка называе бліскучымі.

Аўтар шэрагу артыкулаў і нарысаў для польскай газеты «Ruch muzyczny» («Музычны рух») пра кампазітараў і музыкантаў, пра розных іншых асоб і факты з айчыннай музычнай гісторыі. Сярод іх — артыкулы «Некалькі ўспамінаў з музычнага мінулага Літвы», «З нагоды скрыпічнай методыкі», «Параўнанне Паганіні з Ліпінскім і некалькі слоў аб скрыпічнай музыцы». У 1899 у Мінску выйшла яго праца «Вывучэнне музыкі» («Studya myzuczne»), у якой знайшлі адлюстраванне яго погляды на музыку як спецыфічны мастацкі жанр.

Зноскі

  1. Michal Jelski // Musicalics Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Michał Jelski // Répertoire International des Sources Musicales — 1952.
  3. а б в г Czech National Authority Database Праверана 8 студзеня 2023.
  4. К. Кжыжаноўскі тады адзін з найбольш вядомых, аўтарытэтных мінскіх музыкантаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дзеля блізкіх і прышласці : матэрыялы міжнар. навук.-практ. канф. «Універсітэты Ельскіх» (да 165-годдзя з дня нараджэння Ельскіх), Мінск, 7 кастр. 1999 г. / Бел. ун-т культуры; рэдкал.: (адк. рэд.) А. У. Пазнякоў [і інш.]. — Мінск: Бел. ун-т культуры; рэкламна-выдав. фірма «Ковчег», 1999. — 156 с.
  • Капілаў А. Л. Е́льскі Міхаіл Карлавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 388. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
  • Е́льскі Міхаіл Карлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 350—351. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Е́льскі Міхаіл Карлавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 302. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Ельскі Міхаіл Карлавіч // Асветнікі зямлі Беларускай, X — пачатак XX ст.: энцыклапедычны даведнік. — Мн.:, 2001. — С. 158.
  • Е́льскі Міхаіл Карлавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Т. 2. Габой — Карціна. — С. 417. — 702 с. — 9 500 экз.
  • Кушнер В. Міхаіл Ксаверы Зыгмунт Ельскі (1831—1904) / Васіль Кушнер // Славутыя імёны Бацькаўшчыны: (зборнік) / Уклад. Уладзіміра Гілепа і інш.; рэдакцыйная калегія: А. П. Грыцкевіч (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.:, 2000. Вып. 1. — С. 256—267.