Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Індура)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы

Касцёл Найсвяцейшай Тройцырымска-каталіцкі храм, знаходзіцца ў цэнтры в. Індура (Гродзенскі раён). Дзейнічае, помнік архітэктуры позняга класіцызму.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1522 годзе маршалак ВКЛ Ян Давойна фундаваў у Індуры першы драўляны касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, а ў 1546 ізноў ахвяраваў сродкі на аднаўленне і забеспячэнне святыні. У 1815 парафіянае пабудавалі ў цэнтры вёскі новы мураваны касцёл, які замяніў драўляную святыню. У 1854 святыню пад гістарычным тытулам Найсвяцейшай Тройцы ўрачыста кансэкраваў віленскі біскуп Вацлаў Жылінскі.

У пачатку ХХ ст. касцёл быў значна рэканструяваны ў эклектычным стылі з рысамі неабарока і неакласіцызму паводле праекта гродзенскага губернскага архітэктара В. А. Срокі. У 19011904 гг. да паўночнага і паўднёвага фасадаў прыбудаваныя вежы, з усходняга боку зробленая прыбудова, якая ўключае трансепт, апсіду і сакрысціі. Пры перабудове выкарыстаныя элементы стылізатарскіх плыняў пачатку XX ст.

Пры савецкай уладзе касцёл дзейнічаў, тут нават працавалі айцы езуіты — адзіны выпадак у БССР. У 2000 годзе езуіцкі асяродак у Індуры атрымаў статус місіі. З 2009 года у парафіі працуюць дыяцэзіяльныя ксяндзы.

Да парафіі належаць дзве капліцы: у вёсках Глебавічы і Плябанаўцы (Бераставіцкі раён).

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл з боку апсіды

Касцёл складаецца з трохнефнага асноўнага аб’ёму з нізкім двухсхільным дахам, шырокага трансепту, маленькай паўцыркульнай апсіды з бакавымі прыбудовамі і дзвюх рознавялікіх вежаў. Яны завершаны фігурнымі шлемамі з шатровымі ліхтарамі. Асноўны аб’ём захаваў пластычнае афармленне пачатку XIX ст. Галоўны фасад з магутным чатырохкалонным порцікам з атыкам і вялікім паўцыркульным праёмам. Сцены па ўсім перыметры апяразаныя дарычным антаблементам і члянёныя пілястрамі. Вокны паўцыркульныя, вялікія, у тонкіх прафіляваных ліштвах, у аркавых нішах фасада ўсталяваны драўляныя фігуры святых.

Касцёльны пляц абнесены бутавай агароджай. На яго тэрыторыі змешчаны нядаўна збудаваны «Грот Марыі». Каля касцёла ўсталявалі некалькі скульптур, сярод якіх выявы Засмучанага Езуса, Марыі Панны ад сямі смуткаў, слупкі-каплічкі.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Цудатворны абраз Маці Божай Снежнай з вотамі. XVII—XVIII стст.

Інтэр’ер касцёла мае выцягнутую па падоўжнай восі крыжападобную ў плане кампазіцыю. Скляпенні ў асноўным аб’ёме крыжовыя, у трансепце столь плоская. Сцены расчлянёныя пілястрамі. У апсідзе і каля ўсходняй сцяны трансепту ўсталяваныя тры алтары, выкананыя ў стылі позняга класіцызму.

«Апошняя Вячэра». Сярэдзіна ХІХ ст., Фрэска ў касцёле вёскі Індура

Трохнефная святыня ўпрыгожана драўлянымі алтарамі (цёмнае дрэва з пазалочанымі элементамі). Галоўны алтар, створаны на аснове двухкалоннага карынфскага порціка, змяшчае барэльефную выяву Найсвяцейшай Тройцы, у франтоне — разьбяная выява Усябачнага Вока. Пры сценах прэсбітэрыя ўсталяваны разьбяныя фігуры св. Пятра (злева) і св. Паўла, па вуглах прэсбітэрыя стаяць фігуры св. Францішка (злева) і св. Антонія. Левы бакавы алтар змяшчае абраз Індурскай Божай Маці, у другім ярусе — абраз св. Казіміра. Правы алтар змяшчае абраз «Цуд св. Станіслава», у другім ярусе — абраз св. Юрыя. Амбона, размешчаная на левай ад алтара апоры, упрыгожана выявамі Пана Езуса і Апосталаў. Сцены касцёла ў 1900 г. размаляваны велічнымі фрэскамі: на левай сцяне прэсбітэрыя — «Св. Францішак здымае з Крыжа Пана Езуса», на правай — «Спыненне буры» (Езус і рыбакі ў лодцы), у левым крыле трансепта — «Апошняя Вячэра», у правым — «Звеставанне». На столі над цэнтральнай жырандоллю намаляваны чатыры евангелісты. Над прытворам змешчаны арганныя хоры, там усталяваны барочны арган з папярэдняга касцёла.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]