Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Забалаць)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
Zabałać. Забалаць (1900).jpg
Краіна Беларусь
Канфесія Каталіцызм
Стан дзейнічае

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм, помнік архітэктуры класіцызму, знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы вёскі Забалаць (Воранаўскі раён, Гродзенскай вобл.). Пабудаваны ў 1803—12 гг. з цэглы. Абкружаны бутавай агароджай з 3-арачнай брамай. Дзейнічае.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы быў заснаваны тут ў 1601 годзе па фундацыі тагачаснага ўладальніка Забалаці земскага суддзі Войцеха Нарбута. Першы храм пабудавалі з дрэва ў цэнтры вёскі. Сын фундатара Мікалай Нарбут упасажыў святыню ў 1623 з абавязкам утрымліваць бакалаўра для навучання дзяцей у школе пры касцёле. Апошні драўляны касцёл узвёў Мікалай Пятроў Нарбут па ўласнай фундацыі ад 16 верасня 1750 года.

Інтэр’ер святыні тады ўпрыгожвалі 4 алтары. Галоўны, кансэкраваны віленскім біскупам суфраганам Антоніем Жаўкоўскім – алтар Найсвяцейшай Тройцы з тытульным абразом у цэнтры ў акружэнні абразоў св. арханёлаў Міхала і Габрыэля, завяршаў кампазіцыю абраз св. Ганны. У прэзбітэрыі стаялі алтары св. Вінцэнта і Наведзінаў НПМ, і яшчэ адзін алтар – св. Антонія з абразом св. Яна Непамука ў другім ярусе – быў, відаць, прысценным.

Праз два стагоддзі парафіяне вырашылі пабудаваць “Богу Усемагутнаму”, як напісана на мемарыяльнай пліце над уваходам, новы, ужо каменны касцёл. У 1803 годзе на ахвяраваныя сродкі мясцовага землеўладальніка, маршалка літоўскага графа Людвіка Тышкевіча і яго жонкі Канстанцыі, распачалося будаўніцтва святыні ў стылі класіцызм. Будавалі касцёл 10 гадоў, а ў 1812 святыню пад гістарычным тытулам асвяціў інфляндскі канонік кс. Мацей Мінейка.

Касцёльны ўчастак у 1861 г. быў абнесены невысокай бутавай агароджай, якая ў 1884 была заменена на новую з трохпралётнай уваходнай брамай у неакласічным стылі, цаглянай і атынкаванай. У парафіі тады дзейнічаў яшчэ і шпіталь.

Да ХІХ ст. забалацкая парафія ўваходзіла ў Лідскі дэканат, пасля ў Радунскі. У той час да парафіі прыпісваліся капліцы ў Варонічах і ў самой Забалаці, а дакладней прыкладна за тры кіламетры ад касцёла, ва ўрочышчы Шамбароўшчына (сёння в. Дварчаны). У час улады Польшчы забалацкая парафія ўвайшла ў новаўтвораны Васілішскі дэканат. Колькасць вернікаў тады перавышала 6500.

Троіцкі касцёл дзейнічаў увесь час, але пры савецкай уладзе ў ім не было пастаяннага пробашча. У 1970-я гады святыня атрымала статус помніка архітэктуры, але з капліц ніводная не захавалася, а плябанію перабудавалі ў бальніцу, у канцы 1990-х гадоў зруйнаваны будынак вярнулі парафіянам, але як непадатлівы рэстаўрацыі ён быў разабраны ў 2003. З утварэннем Гродзенскай дыяцэзіі забалацкая парафія зноў перайшла ў склад Радунскага дэканата.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Вырашаны прамавугольным аб'ёмам пад 2-схільным дахам (у пачатку ХХ ст. дахоўка заменена бляхай). Да галоўнага фасада далучана 3-ярусная 4-гранная званіца з партатыўнай 8-калоннай шатровай ратондай у завяршэнні (надбудавана ў пачатку ХХ ст.). У гэты ж час арачныя бакавыя аконныя праёмы заменены на гатычна-спічастыя, што ўнесла ў архітэктурна-стылёвую трактоўку пабудовы элемент эклектызму. Нетрадыцыйна размешчаны 2 сакрысціі, аб'яднаныя ў адзінай прыбудове да тыльнай алтарнай сцяны храма. Архітэктурны дэкор сканцэнтраваны на званіцы: ярусы падзелены карнізамі, ніжні ярус і вуглы руставаны, верхні апрацаваны філёнгамі і прарэзаны арачнымі праёмамі. Плоскасныя фасады дэкарыраваны гарызантальным рустам, прамавугольнымі панэлямі і плакеткамі, апяразаны карнізам спрошчанага профілю.

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Зала храма перакрыта плоскай столлю, сакрысція — крыжовымі скляпеннямі, сцены расчлянёны пілястрамі і апяразаны антаблементам спрошчанай прафіліроўкі. На алтарнай сцяне і бакавых кулісах-прасценках, што вылуча-юць памяшканне апсіды, сродкамі ілю-зорнага жывапіснага роспісу нанесены 3 архітэктанічныя алтары: цэнтральны 4-калонны з выявамі святых Пятра і Паўла і 2-калонныя бакавыя. На левай кулісе апсіды навешаны паўкруглы драўляны амбон. У час рамонту І939 г. неаракайльнай арнаментыкай размаля-ваны сцены і столь. Над уваходам на 4 драўляных калонках узнята галерэя хо-раў. Абразы 18 ст. «Маці Божая смуткуючая», пачатку 19 ст. «Маці Божая Рымская», «Навучэнне Марыі» і «Св. Георгій».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]