Касцёл Божай Міласэрднасці (Воранава)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Касцёл Божай Міласэрднасці
Woronowo-church-qsqs-1rrr.JPG
Краіна Беларусь
Канфесія Каталіцызм
Стан дзейнічае

Касцёл Божай Міласэрднасці ў г.п. Воранава пабудаваны ў 1995 годзе з цэглы ў эклектычным стылі ў архітэктурных формах стылізванай готыкі на месцы драўлянага.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл быў заснаваны тут у першай палове XVI ст. па фундацыі магната Гаштольда, тагачаснага ўладальніка Блотны (пазней Воранава). Новы драўляны касцёл на цэнтральнай плошчы мястэчка быў пабудаваны ў 1705 годзе на сродкі мсціслаўскага ваяводы Аляксандра Яна Масевіча, святыня была асвечана пад тытулам святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша.

У XVIІІ ст., калі Воранава было ва ўладанні роду Сцыпіёнаў, мястэчка атрымала статус цэнтра староства. У 1735 кашталян смаленскі і ўладальнік Воранава Ян Сцыпіён дэль Кампа і яго сын Юзаф Сцыпіён, староста лідскі, адкрылі тут школу і калегіюм ордэна піяраў. Па фундацыі воранаўскаму кляштару ў маёмасць перадаваўся маёнтак Лапацызна з вёскай Вільканцы і ахвяравалася 50000 злотых. Аднак праз 20 гадоў, у 1756, па распараджэнні адукацыйнай камісіі піяры былі пераведзены ў Ліду.

Драўляны парафіяльны касцёл, той, што пабудаваў яшчэ Масевіч, дзейнічаў у Воранаве да Другой сусветнай вайны. Гэта быў трохнававы прамавугольны ў плане безвежавы храм з трохвугольным франтонам над галоўным фасадам, які фланкавалі дзве гранёныя вежачкі. Злева ад касцёла асобна стаяла двух’ярусная таксама драўляная шатровая званіца. Касцёльны комплекс быў абнесены бутавай агароджай з трохпралётнай цаглянай і атынкаванай уваходнай брамай.

Іншых святынь на той час у воранаўскай парафіі не было. Колькасць парафіян дасягала амаль 4000.

У 1967 годзе старажытны касцёл быў знішчаны, цяпер на гэтым месцы знаходзіцца будынак клуба.

Касцёл Божай Міласэрднасці, 2007

Адраджэнне парафіі пачалося ў канцы 1980-х гадоў. Восенню 1990 за парафіяльнымі могілкамі распачалося будаўніцтва новага велічнага дзвюхвежавага касцёла з сілікатнай цэглы. У 1994 у святыні прайшло першае набажэнства, аднак будаўніцтва працягвалася і далей. 19 мая 2002 года касцёл пад тытулам Божай Міласэрнасці кансэкраваў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч. Гістарычны тытул святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша захавала воранаўская парафія.

З 1999 года ў комплекс касцёла ўваходзіць манаскі дом (аднапавярховы з мансардай) з капліцай св. Міхала Арханёла. У плябаніі таксама ёсць капліца. Парафіяй апекуюцца ксяндзы палаціны.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Храм прамавугольны ў плане з такой жа апсідай, галоўны фасад завершаны дзвюма чацверыковымі шатровымі вежамі. Бакавыя фасады рытмічна раскрапаваны стральчатымі аконнымі праёмамі.

Інтэр’ер

Інтэр’ер, падзелены чатырма парамі апор на тры навы, перакрыты плоскай падшыўной дашчанай столлю на бетонных бэльках. Перагародка ў выглядзе дасабаровага алтара выдзяляе за прэзбітэрыем сакрыстыю. У святыні тры алтары: галоўны – Божай Міласэрнасці, левы бакавы – Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, правы – Маці Божай Фацімскай, над уваходам зроблены хоры.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 2001. ISBN 985-11-0199-0

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]