Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Германішкі)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Касцёл
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
Hermaniszki belarus.JPG
54°07′39,29″ пн. ш. 25°21′44,67″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Месцазнаходжанне Германішкі (Воранаўскі раён), вул. Цэнтральная, 35
Канфесія каталіцтва
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль неаготыка
Будаўніцтва 18861909 гады
Лагатып Вікісховішча Касцёл Найсвяцейшай Тройцы на Вікісховішчы

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — рымска-каталіцкі храм у Германішках (Воранаўскі раён), збудаваны ў 18861909 гадах з бутавага каменю на ўсходняй ускраіне вёскі. Дзейнічае, атрымаў статус помніка архітэктуры.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з мясцовым паданнем, касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы быў заснаваны тут яшчэ ў 1387 годзе, аднак на самой справе ў гэтым годзе вёска ўпершыню ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах сярод паселішчаў, якія кароль Ягайла аддаў касцёлу святых Станіслава і Уладзіслава ў Вільні. Архіўныя матэрыялы пацвярджаюць заснаванне каталіцкай святыні ў Германішках каля 1452 года паводле біскупскай фундацыі. Першапачаткова касцёл быў драўляным, чарговы драўляны будынак касцёла пабудавалі ў 1686 на сродкі віленскага біскупа Бжастоўскага. Тады святыня стаяла ў заходняй частцы вёскі, але пасля пажару 1880 года вырашана было перанесці касцёльны пляц на ўсходнюю ўскраіну.

У ХІХ ст. на мясцовых парафіяльных могілках дзейнічала драўляная капліца, але пасля 1870 года яе ўжо не існавала.

Касцёл, здымак пач. XX ст.

Будаўніцтва новага касцёла, гэтым разам мураванага, пачалося ў 1886, магчыма паводле праекта губернскага архітэктара Полазава. У 1909 новазбудаваная святыня ў стылі неаготыкі была асвечана пад гістарычным тытулам Найсвяцейшай Тройцы.

У час польскай улады колькасць вернікаў германішскай парафіі дасягала амаль 4000 чалавек. Але пры савецкай уладзе, у 1965 годзе, касцёл зачынілі, усё каштоўнае было разрабавана, аднак будынак не руйнавалі і не прыстасоўвалі для якіх-небудзь патрэб.

Адрадзілася парафія ў 1987 годзе. Касцёл быў асвечаны нанова 17 чэрвеня 2000 г.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны алтар

Помнік архітэктурнай неаготыкі. Касцёл абнесены бутавай агароджай з 3-пралётнай брамай. Да прамавугольнага ў плане асноўнага аб'ёму з фронта далучана 3-ярусная шатровая званіца (надбудаваная ў 1920-я гг.). Выцягнутая 5-гранная апсіда, аб'яднаная з агульным дахам, мае бакавыя нізкія сакрысціі. На паліхромных сценахграфічна вылучаюцца атынкаваныя і пабеленыя элементы архітэктурнага дэкору — прафіляваныя ліштвы стральчатых аконных праёмаў, карнізы і вуглавыя лапаткі. У алтарную сцяну ўмуравана надмагільная пліта Стэфаніі Вансовіч (пам. 1879), спадчына ад якой склала аснову сродкаў на будаўніцтва касцёла.

Інтэр’ер зальны, перакрыты плоскаю падшыўной дашчанай столлю, падлога з керамічных плітак. У святыні тры алтары. Галоўны тытульны алтар Найсвяцейшай Тройцы ілюзорна намаляваны на сцяне, бакавыя алтары (злева – Божай міласэрнасці, дзе ў другім ярусе змешчаны абраз св. Францішка з Асізі, справа – Маці Божай Чанстахоўскай з абразом св. Юзафа ў другім ярусе) драўляныя, зробленыя разам з амбонай у 1885 годзе ў стылі неабарока і перанесеныя з былога драўлянага касцёла. Над уваходам зроблены хоры, дзе і сёння захоўваецца цікавы арган у стылі класіцызму, таксама з былога касцёла.

Касцёльны ўчастак абнесены атынкаваным мурам, галоўны ўваход пазначаны трохпралётнай брамай у стылі класіцызму. На тэрыторыі захавалася некалькі цікавых надмагілляў, сярод якіх вылучаецца каплічка Юліі Рэўкоўскай з роду Хлюдзінскіх (пам. 1835).

У вуглу бутавай агароджы касцёла знаходзіцца капліца, узведзеная ў другой палове XIX стагоддзя.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі. Мн., 2001.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]