Касцёл Маці Божай Ружанцовай (Радунь)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каталіцкі храм
Касцёл Маці Божай Ружанцовай
Радунь. Касцёл Маці Божай Ружанцовай (01).jpg
54°02′36″ пн. ш. 24°59′30″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Гарадскі пасёлак Радунь
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль мадэрн
Аўтар праекта Ян Бароўскі
Будаўнік Антоній Бейка
Будаўніцтва 19291933 гады
Стан Дзейнічае

Касцёл Маці Божай Ружанцовай — помнік архітэктуры мадэрна. Пабудаваны ў 19291933 гг. з бутавага каменю і цэглы ў г.п. Радунь (Воранаўскі раён). Касцёл дзейнічае.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл быў заснаваны тут па мецэнацтве каралевы Боны Сфорцы ў 1556, па іншых звестках – у 1538 годзе. Пасля ліхалецця сярэдзіны XVII ст., у 1660 годзе драўляны касцёл быў адноўлены і асвечаны пад гістарычным тытулам Маці Божай Ружанцовай. Чарговыя драўляныя святыні гарэлі і адбудоўваліся нанова ў 1662 (пасля “маскоўскага нашэсця” адноўлены і кансэкраваны б-пам Слупскім), 1752 і 1801 гадах.

Апошні драўляны будынак святыні (фарны) быў узведзены ў 1838 годзе на сродкі парафіян. Асновай гэтай святыні стаў былы пакармеліцкі касцёл з Калеснікаў (сёння Літва), які перанеслі ў Радунь. Пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа.

У ХІХ ст. пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа, а да парафіі прыпісвалася філія ў Дубічах (сёння Літва). Была ў тыя часы і драўляная капліца на парафіяльных могілках, аднак у ХХ ст. як дзеючая яна больш не ўзгадвалася. У 1815 была заснавана капліца пры плябаніі, але з часам звесткі аб ёй таксама знікаюць.

На пачатку ХХ ст. драўляны касцёл (велічная святыня з трансептам, завершаная невялікай васьміграннай вежай над галоўным фасадам) ужо не задавальняў сваіх парафіян, і ў 1933 годзе над Радунню ўзнеслася велічная дзвюхвежавая базіліка з цэглы і бутавага каменю ў стылі мадэрн (з рысамі неаготыкі).

План касцёла

Пачалі будаваць касцёл у 1929 паводле праекта архітэктара Яна Бароўскага, будаўнічымі працамі кіраваў майстар Антоній Бейка.

Касцёл у 1930-я гады

Перад Другой сусветнай вайной колькасць радунскіх парафіян перавышала 8000 вернікаў. Будынак былога драўлянага касцёла па-ранейшаму стаяў за некалькі сотняў метраў на паўночным усходзе ад новага каменнага, але выкарыстоўваўся толькі як сховішча. Згарэла былая святыня ўжо пры савецкай уладзе, пасля вайны. Затое побач з новым касцёлам захаваўся драўляны будынак былой плябаніі, дзе сёння месціцца бальніца.

Касцёл Маці Божай Ружанцовай дзейнічаў увесь час, аднак пры савецкай уладзе не быў залічаны да помнікаў архітэктуры.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Бакавы фасад

Буйнамаштабная трохнефавая дзвюхвежавая базіліка з трансептам і пяціграннай апсідай (даўжыня 58 м, вышыня 48 м, шырыня 35 м); нартэкс вынесены перад галоўным фасадам у самастойны нізкі аб'ём. У складанай шматпланавай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуюць две тэлескапічныя шмат'ярусныя вежы. Іх дынамічны вертыкальны рух, бакавыя ступеньчатыя контрфорсы-сценкі, круглае вітражнае акно-«ружа» галоўнага фасада, глыбокі стральчаты ўваходны праём, пінаклі даху выклікаюць асацыяцыі з гатычным храмам. У аснове архітэктурнага рашэння геаметрызаваныя аб'ёмы, разнастайнай канфігурацыі вокны ў плоскіх ліштвах, шырокія лапаткі. Каларыстычны эфект будынку заснаваны на спалучэнні паліхромнай бутавай муроўкі сцен і пабеленых атынкаваных ступеньчатых атыкаў, плоскасці галоўнага фасаду, васьмігранных завяршальных ярусаў-вежаў, элементаў архітэктурнага дэкору (ліштваў, прафіляваных карнізных паясоў).

У 1954 г. касцёл быў пафарбаваны ўнутры, у 1986 г. — звонку.

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр'ер

Зала перакрытая дашчаным атынкаваным цыліндрычным скляпеннем, спічастым у сячэнні, на падпружных арках, апсіда — гранёнай конхай. Сяродкрыжжа перакрыта каробчатым скляпеннем на перасечаных велічных спічастых арках. Бакавыя навы маюць эмпоры. Пры ўваходзе галерэя хораў з філянговым парапетам.

Усё размалявана расліннай арнаментыкай у стылі мадэрн. На сценах сяродкрыжжа намаляваны сцэны “Апошняя Вячэра” (на левай сцяне) і “Унясенне ў пячору” (на правай).

Уручэнне ружанца святому Дамініку. Абраз XVIII ст.

Інтэр'ер упрыгожаны ансамблем высокамастацкіх стукавых алтароў з элементамі ракайльнай арнаментыкі і скульптурным стафажам. У базіліцы пяць алтароў у стылі барока, якія захаваліся ад старога касцёла, і яшчэ адзін, “пахавальны”, з абразом св. Францішка з Асізі, знаходзіцца пад правай вежай. Галоўны алтар аднаярусны, вырашаны ў выглядзе трыфорыума, завершанага фігурамі Пана Езуса і анёлаў. У цэнтры змешчаны абраз сярэдзіны XVIІІ ст. (верагодна, сюды ён трапіў з кармеліцкага кляштара ў Калесніках) – Маці Божая перадае шкаплер генералу кармелітаў Сымону Стоку. Па баках усталяваны абразы св. Марыі Магдалены (злева) і св. Тэрэзы ад Крыжа (справа). Два драўляныя двух’ярусныя алтары стаяць пры вуглах травеі сяродкрыжжа: злева – алтар св. Антонія з абразом “Зняцце з Крыжа” наверсе (на менсе алтара ўсталяваны невялікі абраз Езуса са шматлікімі вотамі), справа – св. Юрыя з абразом Пана Езуса ў цярновай кароне ў другім ярусе. Яшчэ два двух’ярусныя алтары – св. Юзафа (злева) і Маці Божай Ружанцовай (справа), дзе Багародзіца перадае ружанец св. Дамініку, а Яе фігура абведзена вянком з кветкавых бутонаў, у сярэдзіне якіх намаляваны сюжэты ўсіх пятнаццаці ружанцовых таямніц (у другім ярусе алтара знаходзіцца абраз святых апосталаў Мацвея і Фамы) – усталяваны ў капліцах, зробленых у крылах трансепта. Над нартэксам знаходзяцца арганныя хоры, раскрытыя ў малітоўную залу велічнай спічастай аркай.

Абразы «Зняцце з крыжа» (2-я палавіна 18 ст.), «Іосіф з посахам» (18 ст.), «Ісус з прыладамі пакут» (мяжа 18—19 ст.), «Марыя Магдаліна» (пачатак 19 ст.), алтарны абраз «Цуд Георгія аб змеі» (1-я палавіна 19 ст.).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993.
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 2001. ISBN 985-11-0199-0
  • Харэўскi, С. В. Культавае дойлiдства Заходняй Беларусi 1915—1940 гг. — Вiльня: ЕГУ, 2008. ISBN 978-9955-77-13-9, с. 81-84.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]