Касцёл Святога Юрыя (Асава)
Славутасць | |
Касцёл Святога Юрыя | |
---|---|
54°04′43″ пн. ш. 25°12′59″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | неаготыка |
Заснавальнік | Казімір Францкевіч-Радзімінскі |
Будаўніцтва | 1910 |
Стан | дзейнічае |
Касцёл Святога Юрыя знаходзіцца ў в. Асава (Воранаўскі раён). Дзейнічае.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл у гонар Св. Юрыя быў заснаваны тут у 1666 годзе па фундацыі Казіміра Францкевіча, тагачаснага ўладальніка Асава, і яго жонкі Аляксандры. Новы драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1732 годзе на сродкі князя Юрыя Радзівіла.
Спачатку, верагодна, касцёл быў дзвюхвежавы, але ў ХІХ ст. вежы разабралі. У канцы стагоддзя касцёл уяўляў сабою прамавугольную ў плане святыню з пяціграннай апсідай, накрытую двухсхільным гонтавым дахам з вальмамі над прэзбітэрыем. Галоўны фасад завяршаў трохвугольны франтон пад вялікім карункавым крыжам, у нішы франтона была ўсталявана фігура св. Юрыя. Справа ад касцёла асобна стаяла двух’ярусная (меншы чацвярык на большым), таксама драўляная званіца пад чатырохсхільным дахам. Комплекс быў абнесены высокай бутавай агароджай з аднапралётнай уваходнай брамай, цаглянай і атынкаванай.
З другой паловы XVIII ст. да Асаўской парафіі адносілася капліца ў сядзібе Пагародна. Таксама калісьці дзейнічала і капліца ў в. Вайдакі.
У пачатку ХХ ст. стары касцёл ужо не мог змясціць усіх парафіян. Будуецца новы, ужо каменны касцёл у неагатычным стылі. У 1910 г. будаўніцтва было скончана, і касцёл асвяцілі пад гістарычным тытулам св. Юрыя.
У 1920-я-30-я гады колькасць вернікаў Асаўской парафіі павялічылася да больш чым 4300 чалавек. Пагародненская капліца атрымала статус філіяльнага касцёла.
Статус помніка архітэктуры святыні надалі адносна нядаўна. У 1994 годзе касцёл быў урачыста кансэкраваны гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам.
Ніжэй за касцёлам захаваўся мураваны будынак былой плябаніі, дзе ў савецкія часы была зроблена крама. Побач пабудавана ўжо новая драўляная плябанія.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Святыня пабудавана з жоўтай цэглы, трохнававая, аднавежавая, з пяціграннай апсідай і трансептам. Над галоўным фасадам узведзена васьмігранная шатровая вежа-званіца, над алтаром — стромкая сігнатурка. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе перспектыўнага неагатычнага партала.
Участак абнесены бутавай агароджай, уваход пазначаны невялікай аднапралётнай атынкаванай брамай.
Інтэр’ер
[правіць | правіць зыходнік]Унутраная прастора падзелена на навы дзвюма апорамі і перакрытая крыжастымі скляпеннямі, размалявана дэкаратыўна-раслінным арнаментам у стылі мадэрн. Арыгінальна вырашана асвятленне касцёла: гэтую ролю выконваюць не традыцыйныя жырандолі, а сучасныя кропкавыя свяцільнікі. У інтэр’еры 7 алтароў: галоўны — Маці Божай Чанстахоўскай, бакавы ў левай капліцы (крыле трансепта) — св. Антонія, у правай — св. Юрыя, і яшчэ 4 алтары ўсталяваны пры кожнай апоры — (па гадзіннікавай стрэлцы ад увахода) св. Ізідара, Маці Божай Шкаплернай, св. Юзафа і св. Роха. Прэзбітэрый перакрыты складанай сістэмай скляпенняў, раскрыты ў малітоўную залу велічнай спічастай аркай. Галоўны алтар, як і іншыя алтары святыні, зроблены з дрэва ў неагатычным стылі на пачатку ХХ ст., завершаны стромкімі пінаклямі. У алтары змешчаны абраз Маці Божай Чанстахоўскай, адзначаны вотамі. Паміж набажэнствамі яго засланяе абраз Маці Божай Анёльскай. Над нартэксам зроблены арганныя хоры, раскрытыя ў малітоўную залу невялікай стрэльчатай аркай.