Касцёл Святога Юрыя (Паланечка)
касцёл | |
Юр'еўскі касцёл | |
---|---|
| |
53°20′48″ пн. ш. 26°15′23″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | |
Канфесія | каталіцтва |
Епархія | Пінская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | неаготыка |
Заснавальнік | Антоній Юзаф Жалкоўскі |
Дата пабудовы | 1751 год |
Асноўныя даты | |
1751 — пабудова |
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Святога Юрыя — рымска-каталіцкі касцёл з рысамі неаготыкі і мадэрну[1] ў в. Паланечка (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць). Належыць да Баранавіцкага дэканату Пінскай дыяцэзіі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пабудаваны на пагорку, непадалёк ад былога палаца Радзівілаў. Першы драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1751 годзе па фундацыі біскупа Жалкоўскага і асвечаны ў 1759 г. Перабудоўваўся ў 1827 і 1897 гадах[2].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл спалучае рысы як неаготыкі, так і мадэрну[1]. У плане прамавугольны з пяціграннай апсідай і гранёным вальмавым пакрыццём. Галоўны фасад касцёла фланкіраваны дзвюма чацверыковымі шатровымі вежамі, паміж якімі размяшчаецца невялікая разета. Двух слуповы ганак з пяццю цэментнымі прыступкамі, завершаны двухсхільным навесам[2].
Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. У дэкоры выкарыстаны накладны геаметрычны арнамент, які апяразвае карніз на дэнтыкулах, фігурная шалёўка, гатычныя пераплёты вокнаў[1].
Інтэр'ер
[правіць | правіць зыходнік]Унутры храма на чатырох драўляных слупах хоры, на якіх размяшчаецца арган на дзевяць галасоў, выкананым віленскім майстрам Ф. Астрамецкім у 1897 годзе[1][2].
Двух'ярусны драўляны галоўны алтар простай работы часткова ўпрыгожаны разьбой і пазалотай, фланкіраваны дзвюма карынфскімі калонамі. Бакавыя абразы і прафіляваны цокаль дэкарыраваны акантам. У алтары размешчаны 2 чыгунныя мемарыяльныя дошкі 1829 і 1836 гадоў, прысвечаныя прадстаўнікам роду Радзівілаў[1]. З правага боку ад прэсбітэрыя бакавы алтар Прасвятой Дзевы Марыі, з левага боку – алтар Св. Антонія Падуанскага. Яшчэ адзін алтар знаходзіўся ў капліцы[2].
Іншыя пабудовы
[правіць | правіць зыходнік]Касцельны двор абнесены агароджай. З правага боку ад касцёла стаяла званіца на мураваным падмурку, пабудаваная ў 1855 годзе. Званіца была квадратная ў плане, памерам грані 4 сажні 10 вяршкоў. У 1873 годзе званіцу змацавалі чатырма брусамі, звязанымі па баках пад дахам. У званіцы месціліся тры званы. З правага боку званіцы знаходзілася капліца на два акны для часовага знаходжання памерлых. З левага боку ад касцёла, за агароджай, размешчана драўляная плябань, пабудаваная ў 1861 годзе на мураваным падмурку[2].
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]Менавіта ў гэтым касцёле хрысцілі вядомага навукоўца і асветніка, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейку[3].
Зноскі
- ↑ а б в г д Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — Мн., 2000. — 215 с.
- ↑ а б в г д склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ Старыя вёскі і мястэчкі Баранавіцкага краю
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — Мн., 2000. — 215 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога Юрыя (Паланечка)
- Касцёл Святога Юр'я на Radzima.org
- Паланэчка — парафія Святога Юрыя на Catholic.by