Перайсці да зместу

Конканскі бераг

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карта

Конкан, або Конканскі бераг (канк. कोंकण, маратхі: कोकण, кан.: ಕೊಂಕಣ) — гістарычная вобласць на захадзе Індыі. Уяўляе сабою вузкую паласу сушы паміж Заходнімі Гатамі і Аравійскім морам на поўнач ад Малабара. Уваходзіць у склад штатаў Махараштра, Гоа і Карнатака.

Як гістарычная вобласць Конканскі бераг цягнецца ад паўднёвай часткі Гоа да Дамана на поўначы, каля 724 км у даўжыню, ад 48 км да 96 км у шырыню. Агульная плошча каля 30 746 км². Часам Конкан вылучаюць па сучаснай адміністрацыйнай прыкмеце як бераг ад Мумбаі да Гоа.

Значныя тэрыторыі Конкана пакрыты ляснымі масівамі, асабліва заходнія схілы Гат. У вусцях рэк вылучаюцца мангравыя зараснікі. У іх нерасцяцца розныя віды рыб. На поўдні ўздоўж берага сустракаюцца каралавыя рыфы.

Апошнія дзесяцігоддзі прырода Конкана моцна церпіць ад экалагічнай нагрузкі ў выніку перанасялення, выкідаў цвёрдых адыходаў, каналізацыі, нафтапрадуктаў. Прадпрымаюцца намаганні для яе захавання. Найбуйнейшы горад і прамысловы цэнтр — Мумбаі.

Згодна Пуранам Конкан быў створаны Парашурамам, аватарай Вішну, які стрэліў з лука і загадаў богу мора адступіць да месца, дзе ўпадзе яго страла. У перакладзе з санскрыта назва Конкана (санскр.: कोण कण) перакладаецца як «кут зямлі», «частка зямлі». Пра тое, што Конкан быў заселены ў глыбокай старажытнасці, кажуць знаходкі петрогліфаў на схілах Заходніх Гат. З пачатку нашай эры ўзбярэжжа ператварылася ў важны рэгіён міжнароднага гандлю, дзе ўжо ў раннім сярэднявеччы дамінавала грашовая эканоміка. Археолагі знаходзяць рэчы, што паступалі на мясцовы рынак з іншых рэгіёнаў Індастана, Ірана, Міжземнамор'я і Аксума. У 1 тысячагоддзі н. э. астравы Сальсет і Элефанта ператварыліся ў важныя рэлігійныя цэнтры будызму, а потым індуізму. Лічыцца, што ў сярэднявеччы ў Конкане склаліся абшчыны хрысціян, зараастрыйцаў і юдэяў. У выніку ўзаемадзеяння розных этнасаў і культур на ўзбярэжжы ўзнікла асаблівая этна-лінгвістычная супольнасць конканцаў.

Конкан з'яўляўся прыцягальным раёнам для заваёўнікаў звонку. У XVI ст. партугальцы заснавалі свае калоніі ў Дамане, Гоа, Элефанце і Сальсеце. У 1613 г. у Сураце была адчынена першая факторыя Англійскай Ост-Індскай кампаніі. У 1687 г. цэнтрам англійскіх каланіяльных валоданняў у Паўднёвай Азіі стаў Бамбей. У 16641670 гг. большая частка Конкана трапіла ў склад імперыі маратхаў. У 17751818 гг. — Брытанскай Індыі. У 1947 г. брытанскія каланіяльныя тэрыторыі былі абвешчаны часткай незалежнай Індыі. Апошнімі часткамі Конкана, якія ўвайшлі ў яе склад, сталі партугальскія калоніі Даман і Гоа ў 1961 г.

У 1998 г. была адкрыта Конканская чыгуначная магістраль.