Перайсці да зместу

Краснасельскбудматэрыялы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Краснасельскбудматэрыялы»
Тып адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне 8 жніўня 1914[1]
Заснавальнікі АТ «Валынь»
Краіна
Размяшчэнне Краснасельскі (Ваўкавыскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь)
Адрас
Ключавыя постаці Валянцін Вераціла
Галіна прамысловасць будаўнічых матэрыялаў
Прадукцыя бетон, вапна, крэйда, цэгла, цэмент, шыфер, трубы, тратуарная плітка, кафля, вазы і гаршкі
Абарот 2313,152 млрд рублёў[2] (2015 г.; $142,316 млн)[3]
Аперацыйны прыбытак -249,371 млрд (2015 г.; $-15,342 млн)
Чысты прыбытак -249,691 млрд (2015 г.; $-15,362 млн)
Матчына кампанія Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь (83% акцый)
Даччыныя кампаніі «Гродзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў», «Смаргоньсілікатабетон»
Сайт cementby.by

«Краснасельскбудматэрыялы» — найбольшае прадпрыемства будаўнічых матэрыялаў Беларусі, заснаванае ў жніўні 1914 года ў Красным Сяле (цяпер Ваўкавыскі раён, Гродзенская вобласць). Вырабляе будаўнічую вапну, грунтоўку, крэйду, цэглу, цэмент, шыфер, хрызатылцэментныя трубы, бетонныя блокі і сухія будаўнічыя сумесі, тратуарную плітку, пячную кафлю, керамічныя вазы і гаршкі[4].

На 2017 г. ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» ўключала УП «Цэмбуд» (600 супрацоўнікаў, з 11 чэрвеня 1987 г.) і 8 філіялаў:

  • «Цэментны завод» — магутнасць 3 млн тонаў цэменту за год, 736 супрацоўнікаў, 65 % вытворчасці, існуе з 1914 г.;
  • «Завод азбестацэментных вырабаў» — гадавая магутнасць 90 000 плітаў шыферу, 1400 км азбестацэментных трубаў, 70 000 сухіх будаўнічых сумесяў і 2280 тонаў поліэтыленавай плёнкі, 517 супрацоўнікаў, 15,6 % вытворчасці, працуе з 1972 г.;
  • «Вапнавы завод» — магутнасць 500 000 тонаў вапны за год, 310 супрацоўнікаў, 19,5 % вытворчасці, існуе з 3 чэрвеня 1973 г.;
  • «Кар’еракіраванне» — здабыча і перавоз 4 млн тонаў сыравіны (гліна — Данілаўцы, крэйда — Калядзічы і пясок — Баравое) штогод, 131 супрацоўнік;
  • «Гродзенскі завод будаўнічых матэрыялаў» (Гродна) — будаўнічая вапна, бетонныя блокі, драблёны ўцяпляльнік, цеплаізаляцыйныя пліты і цэгла, працуе са студзеня 1950 г.;
  • Санаторый «Пралеска» (вёска Падрось, Краснасельскі пасялковы савет) — 120 месцаў у 1-, 2- і 4-мясцовых памяшканнях, аквапарк, пляж, кавярня, більярд, настольны тэніс, рыбалка, саўна, спартыўная і трэнажорная залы;
  • «Смаргоньсілікатабетон» (Смаргонь) — бетон і цэгла, існуе з 15 лістапада 1962 г.;
  • «Краснасельскаўтатранс» — 155 аўтамабіляў, 338 супрацоўнікаў, заснаваны 6 сакавіка 1959 года[5].

У жніўні 1914 г. акцыянернае таварыства «Валынь» пабудавала цэментны завод на поўдзень ад Краснага Сяла (Роская воласць, Ваўкавыскі павет, Гродзенская губерня), які быў адным найбольшых у Расійскай імперыі[6]. Завод уключаў 2 вытворчыя лініі і чыгунку да станцыі Рось з 2-ма драўлянымі мастамі. Сыравіну з кар’ера дастаўлялі па паветрана-канатнай дарозе, што праіснавала да 1959 года (45 гадоў). Ва ўласнай бандарнай майстэрні выраблялі драўляныя бочкі змяшчальнасцю да 200 кг, у якіх цэмент рассылалі пакупнікам да 1925 года. За год завод выпускаў да 38 000 тонаў цэменту. У 1928 г. атрымалі першы паравы экскаватар. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да Беларускай ССР 14 кастрычніка 1939 г. завод нацыяналізавалі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941—1944 гг. завод прыпыніў працу. 14 ліпеня 1944 г. Чырвоная армія СССР заняла Краснае Сяло, пасля чаго 14 лістапада аднавілі выраб цэменту, які адразу выправілі на адбудову Мінску. Замест заробку работнікам тады выдавалі па 500 грам хлеба за суткі. Пастановай урада на завод накіравалі працаваць 500 вясцоўцаў з ваколіцаў і ўвялі загадам 10-гадзінны працоўны дзень без выхадных. 14 верасня 1945 г. Савет народных камісараў Беларускай ССР зацвердзіў Пастанову аб наданні Ваўкавыскаму цэментнаму заводу наймення «Перамога»[4]. Пры заводзе адчынілі Школу фабрычна-заводскога навучання (ШФЗН). У 1948 г. яе замянілі рамеснай вучылішчай і пачалі перавозіць сыравіну аўтамабілямі.

У 1958 г. побач з 1-й вытворчай лініяй збудавалі вярчальныя печы № 4 і 5. Затым дадалі цэх памолу цэменту, драбільнае аддзяленне і клінкерны склад. У выніку выпуск цэменту дасягнуў 629,3 тыс. тонаў за год. У 1965 г. на заводзе ўсталявалі пылаўлоўлівальнікі. Затым вярчальныя печы абсталявалі электрафільтрамі. 4 снежня 1972 г. запусцілі 1-ю чаргу завода азбестацэментных вырабаў. У 1973 г. пусцілі 2-ю чаргу завода. За 1973 г. выпусцілі 43,89 млн плітаў шыфера. 3 чэрвеня 1973 г. пусцілі 1-ю лінію вапнавага завода магутнасцю 100 000 тонаў за год. У 1973 г. на аснове завода стварылі вытворчае аб’яднанне «Ваўкавыскцэментнашыфер», у склад якога ўвайшлі завод азбестацэментных вырабаў, вапнавы завод, прадпрыемства «Ваўкавыскцэмбуд» (з 1987 г.), кар’еракіраванне (з 1988 г.)[6] і горны цэх. У 1974 г. пачалася трубная вытворчасць, збудавалі 6-ю лінію вытворчасці цэменту і ўсталявалі цэментны млын, пасля чаго выпуск цэменту дасягнуў 805,6 тыс. тонаў за год. У 1975 г. лабараторыю прадпрыемства перамясцілі ў новы адымсловы корпус. У 1978—1982 гг. перабудавалі вярчальную печ № 1. У 1979—1982 гг. — вярчальную печ № 2. У 1983 г. на вапнавым заводзе ўвялі 4-ю лінію на 100 000 тонаў вапны за год. У 1984 г. дадалі сіласны склад на 8000 тонаў. Пабудавалі пад’язную чыгунку. Цягам 1983—1986 гг. перабудавалі вярчальную печ № 3. У красавіку 1987 г. на заводзе азбестацэментных вырабаў запрацавала лінія азбестацэментных лістоў магутнасцю 38 млн плітаў за год. Цягам 1987 г. перабудавалі кампрэсарнік і кацельню цэментнага завода. У 1988 г. на даследчым абсталяванні пачалі выраб дробнагрануляванай крэйды магутнасцю 100 000 тонаў за год.

У 1989 годзе ўвялі ў дзеянне 5-ю лінію на вапнавым заводзе. 5 снежня 1989 г. Савет Міністраў БССР зацвердзіў Пастанову № 308 аб будаўніцтве новага цэментнага завода замест завода «Перамога». У 1990 г. вытворчае аб’яднанне «Ваўкавыскцэментнашыфер» стала арэндным прадпрыемствам. На 1996 г. прадпрыемства працягвала працаваць на мясцовых цэментнай гліне і крэйдзе. Азбест пастаўлялі з Расіі. На прадпрыемстве выраблялі портландцэмент, шлакапортландцэмент, будаўнічую вапну, шыфер (азбестацэментныя лісты), азбестацэментныя трубы і грануляваную кармавую крэйду[6]. 31 снежня 1996 г. арэнднае прадпрыемства «Ваўкавыскцэментнашыфер» пераўтварылі ў ААТ «Краснасельскцэмент». 10 студзеня 2001 г. ААТ «Краснасельскцэмент» злілі з Гродзенскім абласным міжкалгаспным прадпрыемствам па вытворчасці цэменту (пас. Краснасельскі) ў ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». У снежні 2003 г. запусцілі абсталяванне для памолу цэменту па замкнёным цыкле. 29 красавіка 2004 года ўтварылі ўчастак выпуску каляровай тратуарнай пліткі. 31 мая 2005 г. адчынілі цэх сухіх будаўнічых сумесяў. 1 студзеня 2006 г. пусцілі цэх гідратнай вапны. 19 снежня 2007 г. пусцілі ўстаноўку спальвання зношаных аўтапакрышак. 5 лютага 2009 года ўвялі ў дзеянне цеплаэлектрацэнтраль (ЦЭЦ), якая забяспечыла электраэнергіяй завод азбестацэментных вырабаў і вапнавы завод. 6 лістапада 2009 г. на заводзе азбестацэментных вырабаў пусцілі лінію вытворчасці блокаў з ячэістага бетону[4].

У 2011 г. на «Краснасельскбудматэрыялы» прыпала 42 % вытворчасці цэменту ў Беларусі[7] (1929 тыс. тонаў, +2,6 %). За 2011 г. выпусцілі тавараў на 1160,6 млрд рублёў ($207,034 млн). Экспарт узрос на 16,7 % да $13,2 млн. Чысты прыбытак павялічыўся ў больш як 7,5 разы да 63,7 млрд рублёў ($11,363 млн), рэнтабельнасць продажаў — на 4,8 працэнтнага пункта да больш як 7 %. На красавік 2012 г. прадпрыемства налічвала 2,4 тыс. супрацоўнікаў пры сярэднямесячным заробку за першы квартал года ў больш як 3,6 млн рублёў ($435). Прадпрыемства выпускала цэмент, вапну, сценавыя блокі з ячэістага бетону, сухія будаўнічыя сумесі, дробнагрануляваную крэйду, шыфер, азбестацэментныя лісты і трубы[8]. 30 красавіка 2012 г. запусцілі лінію вытворчасці клінкеру сухім спосабам[4].

У 2013 г. да ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» далучылі ААТ «Гродзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў», ААТ «Смаргоньсілікатабетон» (Гродзенская вобласць) і ААТ «Краснасельскаўтатранс» (Ваўкавыскі раён)[9]. У выніку ў 2014 г. лік супрацоўнікаў вырас да 4,5 тыс. чалавек, з іх 278 на вапнавым заводзе. 5 ліній вытворчасці вапны мелі агульную магутнасць 500 000 тонаў за год. Асноўнымі спажыўцамі вапны выступалі заводы газасілікатных вырабаў: бетонных блокаў і сілікатнай цэглы. Цэментны завод у сярэднім грузіў цэментам каля 60 хапроў штодня, каля 300 тонаў у мяхах па 25 і 50 кг. Сутачная адгрузка складала 10-12 крытых вагонаў[4]. На 2015 г. ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» было найбольшым вытворцам будаўнічых матэрыялаў у Беларусі, які ўключаў цэментны завод, завод азбестацэментных вырабаў, вапнавы завод, кар’еракіраванне, санаторый «Пралеска» (вёска Падрось, Краснасельскі пасялковы савет) і далучаныя ААТ у статусе філіялаў. Таксама прадпрыемства вырабляла сілікатную цэглу[9].

  • Іван Хамчукоў (1945 — 1950-я)
  • Алег Ставер (1973 — 1980-я)
  • Юрый Данешчык (1980-я — 2000)
  • Валянцін Вераціла (з 2000-га)[4]

Зноскі

  1. "Святочны канцэрт да 100-годдзя ААТ «Краснасельскбудматэрыялы»". Ваўкавыск.by. 9 жніўня 2014. Праверана 14 ліпеня 2017.
  2. "Справаздача аб дзейнасці ААТ за 2015 год"(руск.). Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь. 2016. Праверана 14 ліпеня 2017.
  3. "Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 253,61 за долар)". Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. 2016. Праверана 14 ліпеня 2017.
  4. а б в г д е Уладзімір Здановіч. Ад перамогі да перамогі — шлях даўжынёю ў век // Звязда : газета. — 5 жніўня 2014. — № 145 (27755). — С. 4-5. — ISSN 1990-763x.
  5. Пра кампанію (руск.)(недаступная спасылка). ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» (23 кастрычніка 2017). Архівавана з першакрыніцы 13 ліпеня 2017. Праверана 14 ліпеня 2017.
  6. а б в «Ваўкавыскцэментнашыфер» // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 4. — С. 43. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.
  7. БелТА. У Беларусі з 2013 года плануецца штогод выпускаць амаль 10 млн тон цэменту // Звязда : газета. — 3 мая 2012. — № 83 (27198). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  8. БелТА. А.Лукашэнка ажыццявіў сімвалічны пуск новай тэхналагічнай лініі ў ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». Belarus.by (30 красавіка 2012). Архівавана з першакрыніцы 30 красавіка 2012. Праверана 14 ліпеня 2017.
  9. а б «Краснасельскбудматэрыялы» да 2016 года асвояць удасканаленую тэхналогію спальвання тарфянога паліва пры вытворчасці цэменту. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (11 жніўня 2015). Праверана 14 ліпеня 2017.