Перайсці да зместу

Магілёўскі кар’ер

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Магілёўскі кар’ер
53°51′59″ пн. ш. 30°21′39″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Магілёўскі кар’е́р — кар’ер у Магілёве, які з’яўляецца месцам пахавання ахвяр масавых расстрэлаў у час сталінскіх рэпрэсій. Знаходзіцца каля колішняй вёскі Папоўкі, побач з Магілёўскім мясакамбінатам па праспекце Дзімітрава.

У пачатку XX стагоддзя тут знаходзіўся скотамагільнік. Першымі ў 1918 годзе расстраляныя каталіцкія святары, сярод якіх вядомае імя Яўгена Святаполк-Мірскага[1]. У пачатку 20-х гадоў тут расстраляныя і праваслаўныя святары[2].

Каля 1932 года створаны калгас, пазней саўгас «Давыдаўка», якому належаў скотамагільнік.

У 1937 годзе тут арганізавана месца масавых расстрэлаў і пахаванне. У 1938 або 1939 гадах расстрэлы на гэтым месцы скончылі. У 1941 годзе нямецкія ваенныя ўпершыню зладзілі тут раскопкі і знайшлі мноства чалавечых касцей. Пасля сканчэння Другой сусветнай вайны ў кар’еры здабывалі пясок, нягледзячы на знаходкі касцей[2].

У 1987 годзе падчас будаўнічых прац выяўленая брацкая магіла, пасля чаго створаная камісія па расследаванні[1], якая эксгумавала з брацкай магілы рэшткі больш як 500 ахвяр[2].

У архівах знайшліся звесткі пра расстрэлы тут прадстаўнікоў каталіцкага касцёла і праваслаўнай царквы[2].

Увосені 1990 года[1] (паводле іншых звестак — на Радаўніцу 4 красавіка 1989[3]) на месцы расстрэлаў усталяваны дубовы мемарыяльны крыж, з тае пары тут ладзіцца дзень памяці продкаў. У 1998 годзе спарахнелы крыж адрэстаўраваны.

У верасні 2023 года шасціканцовы крыж дэмантаваны[4], замест яго ўсталяваны хваёвы чатырохканцовы з надпісам па-руску: «Кресту твоему поклоняемся владыко и воскресение твоё славим». Беларуская таблічка з надпісам «Крыж Памяці аб бязвінна забітых у 20-30-х гадах XX стагоддзя», якая вісела на старым крыжы, прыладжаная да меншага крыжа, таксама ўсталяванага калісьці грамадскасцю[2].

  1. а б в Магілёў: памятны знак ахвярам масавых расстрэлаў. Людзі. Радыё „Свабода“ (1 мая 2009). Праверана 16 кастрычніка 2023.
  2. а б в г д Ф. Раўбіч.. У Магілёве „русіфікавалі“ крыж на месцы сталінскіх расстрэлаў. Грамадства. Наша Ніва (10 кастрычніка 2023). Праверана 16 кастрычніка 2023.
  3. Месцы памяці ахвяр камунізму ў Беларусі / пад рэд. Анны Камінскі. — Фонд даследавання камуністычных дыктатур, 2011.
  4. У Магілёве прыводзяць у парадак месца сталінскіх расстрэлаў. Культура. Наша Ніва (24 верасня 2023). Праверана 16 кастрычніка 2023.